Сноп, каравай і важкія кошыкі ўраджаю, або «Зельная Божая Маці ўсяго нам можа даці»

16 Августа 2021 2387

У вёску Буцілы Беліцкага сельсавета на каталіцкае свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якое па-народнаму называюць Зельна (бо падчас яго прынята асвячаць “зелле” – плады ўраджаю) сыходзяцца і з’язджаюцца мясцовыя жыхары, выхадцы з яе, а таксама жыхары суседніх вёсак. 

Вядома ж – вялікае свята, якое сімвалізуе вялікую падзею – пераход Найсвяцейшай Панны ў вечнае жыццё. Але ёсць і іншая падстава – Зельна ў Буцілах аздоблена прыгожай мясцовай традыцыяй – працэсіяй з пладамі ўраджаю – ахвярай і падзякай Пану Богу за шчодры дар, спагаду, ласку і здароўе, якімі людзі былі адораны ўвесь бягучы год.

“Дачакаліся”, – дзяліліся жанчыны па дарозе ў мясцовую каплічку. На тварах – урачыстасць, а ў руках – букецікі кветак.

Да свята рыхтаваліся загадзя. У лесе збіралі грыбы. На агародзе – лепшыя галоўкі цыбулі, таматаў, часнаку. На полі складалі каласы ў сноп. Усё упрыгожвалі – галінкамі рабіны, кветкамі. Укладвалі ў напоўненыя святочныя карзінкі душы – лепшае, што ўласціва чалавеку, – любоў, падзяку, міласэрнасць, дабрыню. Варта аддаць належнае, большую частку ўсіх падрыхтоўчых работ узяла на сябе стараста вёскі Марыя Макарэвіч.

У прыбранай каплічцы няма дзе яблыку ўпасці. Але ў ёй утульна, прыемна і лёгка ўсім. Лавы засланыя саматканымі дыванамі, паветра напоена водарам кветак і малітваю. Увагу прыцягвае ўпрыгожаны алтарык, у цэнтры якога абраз Унебаўзяцца Панны Марыі.

Ксёндз Валянцін Хвядук адслужыў святую імшу і памаліўся аб прысутных, іх родных і блізкіх, а таксама аб душах спачылых буцілоўцаў. А ў завяршэнне богаслужэння прыняў і асвяціў дары, якія дабавілі яшчэ больш прыгажосці і без таго яскраваму алтарыку.

Урачыстай чарадою праз людскі калідор мясцовыя жыхары, у асноўным дзеці, неслі да алтара апярэзаны рознакаляровай стужкай сноп, за ім духмяны каравай. Дарослыя ішлі з важкімі кошыкамі, напоўненымі садавінай, гароднінай, ягадамі і грыбамі.

– Гэта ахвяра і наша падзяка Госпаду Богу за міалсць да нас, за тое, што дажылі да сённяшняга дня і змаглі сабрацца на святочную імшу, – кажа Данута Мосевіч.

– Сёння вельмі вялікае свята – Бог узяў на неба адзіную  з людзей – Матку Боскую, якая зараз па-мацярынску ўзносіць малітвы за ўсіх нас, – гаворыць Марыя Мойсевіч. – У сваёй каплічцы мы збіаремся штотыдзень. Ксёндз Валянцін духоўна акармляе нас. Гэта прыдае нам сілы, веру, надзею.Прыгажосць моманту не пакінула раўнадушным нікога. Людзі віншавалі адзін аднаго і з пачуццямі радасці пакідалі каплічку. На вуліцы яшчэ доўга не разыходзіліся. Каля прыпынку аўталаўкі спыніліся  – у вачах жанчын праз край льецца радасць, з вуснаў гучыць смех…– Мы радыя сустрэчы, – дзеляцца яны. – Калісьці ў школу хадзілі разам. Успамінаем былыя прыгоды, як весела было…

– Я прыехала з в. Баяры Шчучынскага райна, – кажа  Галіна Чырко. – А адсюль родам мой муж. У Буцілы я ў школу хадзіла. Вось з ёю (паказвае на мясцовую жанчыну Марыю – аўт.) за адной партай сядзела.

Жанчынам не хацелася развітвацца – вельмі ж святочна было на душы. Ды і сама вёска гарэзліва падмігвала ім, ківаючы з кветнікаў бутонамі рознакаляровых геаргінаў, цыніяў ды астраў, а асвечаныя “зёлкі” у руках – ім у такт. Усё суладна ў прыродзе, якая таксама таксама святкуе і радуецца разам з людзьмі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться