Не наступіце на... вожыка! (відэа)

08 Июля 2021 2200

Вось такі цуд прыроды (на здымку) чакаў мяне на ўласным агародзе, што знаходзіцца ў раёне Паўднёвага гарадка, калі я ў чарговы раз наведалася туды з дзецьмі па клубніцы. Дакладней, ажно тры маленькія сюрпрызы, адзін за адным, выявіла я на градках: у цяньку лісця ў час спякоты салодка спалі маленькія калючыя стварэнні.

Па ўсім бачна, што важаняты не так даўно з'явіліся на свет. Калі ўлічыць той факт, што днямі ў гэтым жа раёне на дарозе мне спаткаўся яшчэ адзін малады вожык, сама сабою напрошваецца выснова, што цяпер у калючых жывёл час вывядзення патомства. Цікава, што аб гэтым гаворыцца ў інтэрнэце?

Сусветная павуціна толькі пацвердзіла мае здагадкі.

«Шлюбны сезон у вожыкаў пачынаецца адразу пасля зімовай спячкі. Цяжарнасць доўжыцца прыкладна 5-6 тыдняў. У якасці прытулку вожычыха альбо капае ўласную нару, альбо выкарыстоўвае кінутыя норы грызуноў.

У адным прыплодзе на свет з'яўляецца ад двух да дзевяці дзяцей. Калі логава з маленькімі важанятамі выявіць чалавек ці жывёла, клапатлівая мама ў зубах пераносіць нашчадкаў у новае гняздо»,,– гаворыцца на сайце «Усё пра жывёл».

А ці ведаеце вы, што вожыкі нараджаюцца голымі, сляпымі і бездапаможнымі, а іх скура адрозніваецца ярка-ружовым адценнем? Важаць нованароджаныя каля 20 г пры даўжыні цела да 6,5 см. Ужо праз некалькі гадзін пасля з'яўлення на свет у важанят вырастае ад 100 да 150 светлых мяккіх іголак, а ў наступныя трое сутак з'яўляюцца цёмныя іголкі. Да гэтага часу малыя ўжо пачынаюць бачыць. А ўвогуле, растуць яны вельмі хутка.

Праз тыдзень маленькія вожыкі пачынаюць поўзаць, а ва ўзросце 11 дзён могуць скручвацца ў клубок. Бліжэй да трэцяга тыдня жыцця ў жывёл цалкам фарміруецца ігольчастае покрыва. Праз два месяцы маладыя асобіны вырастаюць да памераў дарослых.

Зазначу, што заўважыла я маленькіх важанят нейкім цудам: на фоне высахлай травы яны былі амаль непрыкметныя. Таму далей, перад тым як зрабіць крок, я ўважліва прыглядвалася, каб раптам не наступіць на калючае стварэнне.

Каб гэта нявыдуманая гісторыя не падалася карыстальніку рэсурсаў «Лідскай газеты» байкай, я вырашыла схадзіць дахаты па фотаапарат і зафіксаваць гэты факт дакументальна. А для таго каб чытачу было лягчэй уявіць памеры важанят, таксама захапіла з сабой пачак запалак і кубік Рубіка.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться