Вандроўка па малой радзіме: Дворышча

12 Ноября 2020 1183

Лідскі край багаты на прыгожыя мясціны. Шмат захавала наша малая радзіма і славутасцей: цэрквы і касцёлы, старажытныя селішчы і сядзібы, помнікі і мемарыялы часоў Вялікай Айчынай вайны, аб’екты прыроды і арыгінальныя скульптурныя формы. Усяго ў спіс помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ўнесена 47 аб’ектаў: 14 помнікаў археалогіі, 18 помнікаў архітэктуры, 10 культавых будынкаў, 6 брацкіх магіл.

Падчас года малой радзімы вучні СШ№ 11 г. Ліды здзейснілі ўжо не адну вандроўку па родным краі і змаглі пазнаёміцца з шэрагам славутасцей Лідскага раёна, уражаннямі аб якіх не раз дзяліліся з чытачамі на старонках “Лідскай газеты”. На гэты раз маршрут вучняў быў пракладзены ў аграгарадок Дворышча.

Яшчэ на пад’ездзе да пункта назначэння вандроўнікаў уразілі бярозы, якія прыгожа размесціліся ўздоўж трасы. Сваёй урачыстасцю і прыгажосцю яны быццам бы вярнулі нас на некалькі стагоддзяў назад і нагадалі  падарожжа па "кацярынінскаму тракту". Так, бярозы хоць і не вельмі старыя, ды і наўрад сама імператрыца Кацярына II падарожнічала па гэтай дарозе, але ж сама атмасфера і традыцыя высаджваць уздоўж дарогі бярозы пайшла менавіта з тых часоў. І гэта ўражанне з’явілася не здарма.

У мінулым Дворышча – гэта мястэчка, якое размясцілася на маляўнічых берагах ракі Жыжма. Літаральна пры ўездзе ў населены пункт з першых метраў нас сустрэла гісторыя. Яе сляды засталіся ўсюды: на месцы былой капліцы, былога панскага палаца і там, дзе і сёння часткова захаваліся будынкі старадаўняга фальварка (вадзянога млына, крухмальнага завода, карчмы).

Сапраўдным падарункам для вучняў СШ№ 11 г. Ліды стала сустрэча з чалавекам, які большую частку свайго жыцця не проста пражыў у Дворышчы, а ўнёс вялікі ўклад ў развіццё як гэтага населенага пункта Лідскага раёна, так і ўсяго сельгаспрадпрыемства. Віктар Іванавіч Кудла – у мінулым кіраўнік экспераментальнай бызы “Ніва”, сёння больш вядомы як лідскі краязнавец, мастак, фермер. Менавіта з яго вуснаў вандроўнікі і даведаліся аб гісторыі мястэчка Дворышча: адкуль пайшла назва, каму належаў гэты населены пункт, калі ўзгадваецца ўпершыню ў пісьмовых крыніцах. Як аказалася, у лістападзе гэтага года дварышчанцы адзначаць 500-годзе з дня першага ўспаміну мястэчка. Сядзіба 19 стагоддзя, на жаль, не захавалася. Яна цалкам згарэла ў час Першай сусветнай вайны. Але захаваліся фрагменты будынкаў, сцены якіх з’яўляліся сведкамі гістарычных падзей розных часоў. Нягледзячы на свой немалы ўзрост, аб'екты сядзібнага комплексу не з'яўляюцца аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Больш за ўсё, як мы ўбачылі, пашчасціла вадзяному млыну. Яго аднаўленнем вось ужо амаль 10 год займаецца турыстычная фірма «Адрас Лета», якая заснавала ў будынку музей з функцыяй сядзібы і рознымі забаўкамі.

Не менш цікавым аб’ектам для наведвання школьнікаў стала дзіцяча-юнацкая коннаспартыўная школа (цяпер гэта - аддзяленне коннага спорту Лідскай комплекснай ДЮСШ №4). Як мы даведаліся, гэта таксама асаблівы гонар нашай малой радзімы. З таго часу, як у 1987 годзе, па ініцыятыве і пры актыўным удзеле кіраўніцтва былога сельгаспрадпрыемства «Ніва», ў Дворышчы была адкрыта секцыя коннага спорту, тут было падрыхтавана 5 майстроў спорту па канкуры (пераадоленні перашкод), 8 кандыдатаў у майстры спорту, 13 спартсменаў першага разраду. Але ж самым незвычайным для дзяўчат і хлопцаў падчас наведвання коннаспартыўнай школы стала прагулка верхам на канях. Усе без боязі змаглі сесці па чарзе на коней і праехаць верхам.        

У цэнтры аграгарадка, каля школы, мы падышлі да скульптурнай кампазіцыі, якая прысвечана землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчынай вайны. Помнік выглядае велічна і грандыёзна: з барэльефнымі малюнкамі абліччаў двух воінаў, партызана, дзвюх жанчын і дзіцяці. Хвілінай маўчання мы ўшанавалі памяць загінуўшых за мірнае неба над галавой. Яшчэ адной славутасцю Дворышча з'яўляецца этнаграфічны пакой "Спадчына" пры сельскай бібліятэцы. Там у выглядзе экспанатаў засяродзілася ўся гісторыя побыту дварыщанскага краю.

Раім ўсім хоць раз зазірнуць ў Дворышча: сучасная прыгажосць і старажытная  частка мястэчка беспаваротна зачаруе і прывабіць вас ў гэты аграгарадок.

Текст: Наталля АнашкевічНаталля Анашкевіч
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться