«Шчасце можна знайсці ў кошыку». Жыхар Ліды аб спадчыне, вольным часе і захапленнях
14 Сентября 2020
1190
За плячыма ў яго быў рукзак. Накіроўваўся прахожы ў бок вакзала. Я не ўтрымалася, каб, прывітаўшыся, не пацікавіцца:
– А што, у лесе ўжо грыбоў многа? Бо бачу, вы тарай грунтоўна запасліся.
– Ды не, грыбнікам сёлета надвор’е не спрыяе. А што датычыцца кошыкаў, дык я нядаўна пляценне іх асвоіў. Вось гэтыя абяцаў знаёмым, так што вязу ў падарунак, – адказаў выпадковы суразмоўца.
– Дык кошыкапляценне – гэта ж занятак, які адыходзіць у нябыт. Можа, маеце хвілінку, каб расказаць мне падрабязней? – успыхнула ў мяне іскра журналісцкай дапытлівасці.
Слова за слова – разгаварыліся. Аказалася, лідчанін Часлаў Браніслававіч Таруць зараз пенсіянер, яму трохі больш за семдзесят. Да 2014 года працаваў у ААТ “Лакафарба”. Сваю працоўную кар’еру пачынаў зваршчыкам, потым стаў майстрам, затым – начальнікам мантажнага ўчастка.
– З добрымі пачуццямі ўспамінаю роднае прадпрыемства, тых людзей, з кім давялося працаваць. З некаторымі і зараз падтрымліваю сяброўскія адносіны, – прызнаўся Часлаў Браніслававіч.
– Вядома, калі хадзіў на працу, увесь дзень быў заняты, а пайшоў на заслужаны адпачынак – з’явілася шмат вольнага часу, – працягвае аповед суразмоўца. – Пачынаючы з вясны і да восені трачу яго на паездкі на бацькоўскую сядзібу – у вёску Водаль Іўеўскага раёна. Да яе ад Ліды – 30 кіламетраў па чыгунцы. Якія там цудоўныя мясціны! Тым больш што ў наваколлі я, як гаворыцца, кожны кусцік ведаю. Шкада, зараз жыхароў у вёсцы – раз-два і ўсё. А некалі Водаль вялікая была. Там віравала жыццё. Дзяцей, моладзі – не злічыць. Нас, напрыклад, у бацькоў было пяцёра: чацвёра сыноў і дачка. Але час ідзе. Усе, акрамя мяне, самага малодшага з дзяцей у сям’і, ужо адышлі ў нябыт.
– Вы тут пыталі пра пляценне кошыкаў, дык менавіта “спадчына” сястры падштурхнула мяне гэтым заняцца, – перавёў Часлаў Браніслававіч гутарку ў іншы накірунак. – А было гэта так. Папаўся неяк мне ў рукі стары кошык сястры. Захацеў яго падлатаць. Ды падумаў: а чаму б не сплесці новы? У дзяцінстве ж я бачыў, як гэтым займаўся бацька. Разабраў старую канструкцыю, вывучыў, што да чаго, і ўзяўся за справу. Самае складанае – гэта зрабіць каркас кошыка. Пераканаўся: для яго лепш за ўсё падыходзяць галіны елкі ці чаромхі. Каб заплесці каркас, я выкарыстоўваю шпагат, галіны лазы ці нават карэнне сасны (іх часам бура выварочвае). Лучок у кошыку лепш за ўсё змайстраваць таксама з галіны елкі. Колькі, пытаеце, кошыкаў на маім рахунку? Некалькі дзясяткаў будзе. Раблю па заказах сваякоў і знаёмых, бо мець кошык як бытавую рэч, асабліва дачнікам, грыбнікам, неабходна. Ну хіба супаставіцца з кошыкам якая-небудзь пакупная ёмістасць? Яго надзейнасць і зручнасць правераны нашымі продкамі.
– Я, дарэчы, і венікі для лазні вязаць налаўчыўся, – кажа Часлаў Браніслававіч. – Для гэтага падыходзяць галіны дуба і бярозы. Бярозавыя галіны як добры матэрыял ідуць толькі зрэзаныя да свята Яна па каталіцкім календары. Дубовыя можна выкарыстоўваць і пазней.
– А самі сваімі рукатворнымі рэчамі карыстаецеся? Што кладзяце, напрыклад, у сплеценыя кошыкі? – задала я пытанне суразмоўцу.
Вядома, карыстаюся. Кошыкі, у адпаведнасці з перыядам ураджаю, напаўняю яблыкамі, грушамі, брусніцамі, журавінамі, грыбамі. Пападае ў кошык і агародніна: маю ў вясковай сядзібе грады, – адказаў Часлаў Браніслававіч і раптам схамянуўся: – Прабачце, мне ж на прыгарадны цягнік даўно пара.
Развітаўшыся, Часлаў Браніслававіч шпаркай хадою пашыбаваў у сваім кірунку, а я – у сваім. Думала: здаецца, выпадковая сустрэча, але дабавіла яна ў маю скарбонку нямала ведаў. І не толькі парады па авалоданні рамяством продкаў, а і тое, што, будучы на пенсіі, можна знайсці для сябе многа цікавых заняткаў. А яшчэ я ў чарговы раз замацавалася ў думцы, што большасць людзей цесна звязаныя са сваімі вытокамі і забываць іх яны не маюць намеру.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.