Аб'яўлены конкурс творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю»

11 Августа 2020 721

У 2020 годзе завяршаецца трэці год, які па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі быў абвешчаны ў нашай краіне Годам малой радзімы. 

За тры гады акцыі ў рэспубліцы былі праведзены тысячы мерапрыемстваў па развіцці і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у розных рэгіёнах краіны, па павышэнні ўзроўню культуры і духоўнасці беларускага народа, захаванні мясцовых традыцый, адметных рыс побыту народа, яго этнаграфічнай культуры і мовы.

У сувязі з гэтым Нацыянальная акадэмія навук Беларусі праводзіць агульнарэспубліканскую творчую акцыю “За што я люблю родную зямлю”. Яна заключаецца ў стварэнні жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі творчых работ, у якіх будуць адлюстраваны дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі, увасоблены пачуцці гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга.

Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца арыгінальныя эсэ, вершы, апавяданні, нарысы і іншыя творчыя работы, напісаныя грамадзянамі Рэспублікі Беларусь на беларускай мове аднаасобна або ў суаўтарстве, якія раней не прадстаўляліся на конкурсы і не публікаваліся. Прапануемыя тэмы: “За што я люблю свой край”, “Мова маёй малой радзімы”, “Родная зямля – крыніца натхнення”, “Квітней, мая радзіма!”

У работах, дасланых на конкурс, просім абавязкова ўказваць адукацыю, узрост, месца работы аўтара.

Ацэнку работ будуць праводзіць супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Крытэрыямі ацэнкі работ з’яўляюцца адпаведнасць заяўленай тэме, грамадская актуальнасць, арыгінальнасць, мастацкі ўзровень і дасканаласць мовы. Лепшыя работы будуць апублікаваны асобным зборнікам. Вынікі конкурсу будуць падведзены падчас Тыдня мастацкага слова (з 31 жніўня па 6 верасня 2020 года) і Дня беларускага пісьменства (6 верасня 2020 года). Пераможцы конкурсу будуць адзначаны граматамі і падзякамі НАН Беларусі.

Аб’ём творчых работ – да 10 друкаваных старонак.

Творчыя работы просім дасылаць да 20 жніўня 2020 года на адрас: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 1/2, г. Мінск, 220072 – або па электроннай пошце: inlinasbel@tut.by з паметкай “конкурс”.

Текст: Редакция.Редакция.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться