У Лідзе гучалі беларускія песні, ладзіліся танцы, каб ва ўсіх быў добры настрой. Пасля працоўнага дня гараджане змаглі адпачыць на тэматычным свяце «Па сцяжынках спадчыны»
Нездарма Ліда ў гэтым годзе носіць званне культурнай сталіцы Беларусі. Шчыра кажучы, я б пажыццёва замацавала яго за нашым горадам, бо тут пражываюць самыя лёгкія на ўздым людзі. Прычым як сярод тых, хто “грае музыку”, так і тых, хто ідзе яе паслухаць. Вось такі ў Лідзе досыць удалы творчы тандэм “артыст-глядач”.
І сёння ён у чарговы раз адбыўся. На пляцоўцы каля гісторыка-мастацкага музея ладзілася фальклорна-забаўляльная праграма “Па сцяжынках спадчыны”. Кожны, хто пасля 17.00 праходзіў міма, абавязкова спыняўся, здымаў на тэлефон, але галоўнае – так-так, я сама бачыла! – хай незаўважна, але прытупваў ножкай у такт музыцы. А яна была нашая, народная, беларуская, добра знаёмая – хіба ж можна тут заставацца абыякавым і трымаць сябе ў руках?!
Але давайце з пачатку. Старт праграме даў народны лялечны тэатр “Батлейка”.
Прадстаўленне было цікавым і дзецям, і дарослым. Малых пасля спектакля чакаў сюрпрыз. Яны змаглі дакрануцца да казкі ў прамым сэнсе слова: патрымаць лялек у руках і пабываць па той бок “куфара”.
А яшчэ дзеці з цікавасцю прымалі ўдзел у майстар-класе па выцінанцы. Бацькі, звярніце ўвагу! Хутка школа, а гэта час выбіраць для сваіх дзяцей заняткі па інтарэсам. Навамодныя гурткі і забаўкі, вядома, маюць месца быть, але пры гэтым не трэба забываць сваё, роднае, тое, чым займаліся калісьці нашы бабулі і дзядулі. Тым больш, што дзеці і самыя толькі “за – беларускае!”
І пакуль малыя старанна выразалі лісцікі і зорачкі, дарослыя кружыліся ў беларускіх народных побытавых танцах, падпявалі артыстам фальклорнага гурта “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. “Як у маёй маладосці! Хіба можа быць што лепшае за тое, што ўжо ёсць?!” – адна з жанчын падняла вялікі палец дагары, што азначала: “усё класна!”
– Мы ўжо былі на падобным свяце, але тады не хапала часу затрымацца, каб паглядзець яго да канца. Рады, што з’явілася такая магчымасць яшчэ раз. Сыны ў захапленні! Часцей бы праходзілі такія адкрытыя і – галоўнае – беларускія мерапрыемствы. Дзеці даведваюцца праз іх пра свае карані, культуру, традыцыі. Мы – беларусы, у нас свой характар, свой шлях, свая гісторыя і пра гэта нельга забываць, – падзякавала артыстам і арганізатарам лідчанка Алена Барташэвіч.
Гледача на свяце было шмат. На жаль, трымаліся людзі групкамі. Адныя хаваліся ад пякучага сонца пад ценем дрэва, другія назіралі за тым, што адбываецца, ў старонцы, але і актыўных удзельнікаў свята было досыць шмат.
– Мы шмат гадоў ужо займаемся адраджэннем рэгіянальных танцавальных і песенных традыцый. Праграма “Па сцяжынках спадчыны” як адзін з вынікаў гэтай працы. У ёй мы падкрэсліваем сваю самабытнасць, унікальнасць і сапраўднасць, таму тут і песні, і танцы, і мініяцюры, і прымаўкі – усё тое, чым багата Лідчына. А каб паказаць народнае, трэба ісці ў народ! Што мы і робім, вандруючы. Праграма праходзіць не ўпершыню. Прынамсі, паказвалі яе мы на пярэдадні свята Ліды і непасрэдна на ім. Мы бачылі, як нас цёпла сустракалі, як людзям цікава і з якой ахвотай яны адгукаліся патанчыць разам, напрыклад. Дарэчы, праграма ніколі не паўтараецца, у ёй заўсёды прымаюць удзел розныя калектывы, – распавяла сцэнарыст і рэжысёр фальклорна-забаўляльнай праграмы “Па сцяжынках спадчыны” Натал’я Шчалканогава.
Сёння гэтым новым быў народны ансамбль бытавых інстурментаў Мажэйкаўскага дома культуры “Каханачка”, а яшчэ тэматычная фотазана ад Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Не ведаю, як вы, але я не згубіла магчымасць зрабіць арыгінальнае сэлфі.