Лідскі гісторыка-мастацкі музей прапануе для дзяцей шэраг цікавых заняткаў

06 Июля 2020 1939
Аб тым, каб самыя доўгія канікулы прайшлі для дзяцей цікава і з карысцю, клапоцяцца і работнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

У час летніх канікул і працы летніх прышкольных лагераў лідскія школьнікі маюць магчымасць наведаць новыя музейна-педагагічныя заняткі ў музеі, якія, дарэчы, плануецца праводзіць і пасля канікул, у новым навучальным годзе. Назвы гэтых новых заняткаў – “Хлеб вайны і хлеб Перамогі” і “Смак па-беларуску” (аб першым наша газета расказвала ў маі). Яны папоўнілі цыкл музейна-педагагічных заняткаў “Згадкі з беларускай хаткі”. Наведвальнікам музея ўжо вядомыя такія заняткі з гэтага цыкла, як аднайменны “Згадкі з беларускай хаткі”, “Таямніцы хлеба”, “На свята Каляды”, “Ад Вербніцы да Вялікадня”. Прыйшоў час пазнаёміць нашых чытачоў з музейна-педагагічным заняткам “Смак па-беларуску”.

– Незвычайна смачны, цікавы і непаўторны пласт культуры нашых продкаў – беларуская нацыянальная кухня, – гаворыць куратар праекта “Згадкі з беларускай хаткі”, навуковы супрацоўнік музея Ірэна Клімовіч. – Аб яе асаблівасцях, традыцыях, што з глыбіні стагоддзяў дайшлі да нашых дзён, аб шматлікіх самабытных стравах можна даведацца на музейным занятку “Смак па-беларуску”. Праз знаёмства з традыцыйнымі стравамі нашых продкаў, святочна-абрадавай ежай у Беларусі занятак прызваны фарміраваць у школьнікаў цікавасць і любоў да гісторыі нацыянальнай кухні і ў першую чаргу да побыту і культуры, да беларускіх народных традыцый, выхоўваць пашану да працы і цікавасць да традыцыйнага беларускага кулінарнага майстэрства. Жыццё беларускай хаты немагчыма ўявіць без беларускай ежы – сродка існавання чалавека. Школьнікі даведаюцца, як харчаваліся нашы продкі, дзе яны гатавалі ежу, які посуд выкарыстоўвалі, як захоўвалі прадукты, пазнаёмяцца са старадаўнімі рэцэптамі, якія захаваліся да нашых дзён. Акрамя сялянскай кухні, мы раскажам, як харчаваліся памешчыкі, якія валодалі землямі на Лідчыне. 


Далей Ірэна Антонаўна адзначыла, што праз нацыянальную кухню можна даведацца шмат цікавага аб народзе: яго звычаях, традыцыях, рысах характару. Дзеці пачуюць назвы нацыянальных страў і посуду, якія адлюстроўваюць моўную культуру беларускага народа. Гэтыя назвы гаваркія, па іх можна здагадацца, напрыклад, што клалі ў той ці іншы посуд, з чаго прыгатавана тая ці іншая страва. Напрыклад, кісель – значыць кіслы, макоўніца – значыць, у ёй цёрлі мак, і г. д. Нацыянальныя стравы гавораць і аб гусце беларусаў, аб якім мы можам меркаваць, напрыклад, па беларускіх драніках, беларускай верашчацы, смак якіх вядомы нам і сёння. 
У ходзе занятка будзе закранута і культура паводзін за сталом, якой прытрымліваліся нашы продкі, калі сядалі есці. Кожны ведаў сваё месца за сталом, елі ў строга адведзены для гэтага час, праяўлялі, можна так сказаць, павагу да ежы, асабліва да хлеба (дарэчы, тэма хлеба праходзіць чырвонай ніткай праз усе заняткі цыкла “Згадкі з беларускай хаткі”). За сталом праяўляліся такія нацыянальныя рысы беларусаў, як гасціннасць, шчодрасць, жаданне падзяліцца апошняй лустачкай. 

Будзе ў час занятка месца і тэматычным конкурсам, “смачнаму” турніру. 

– А яшчэ са старонак газеты звяртаюся да лідчан з просьбай падзяліцца незвычайнымі рэцэптамі страў, якія дасталіся ад бабуль, цікавымі гісторыямі аб ежы, посудзе, перадаць у музей для выкарыстання на занятку стары посуд, старыя кулінарныя кнігі, фотаздымкі з застолляў – з вялікай удзячнасцю прымем як інфармацыю, так і прадметы, – сказала ў канцы нашай гутаркі куратар праекта. 
Музейна-педагагічны занятак “Смак па-беларуску” будзе цікавым і карысным не толькі для школьнікаў, але і для тых навучэнцаў Лідскага каледжа, якія збіраюцца стаць настаўнікамі, выхавальнікамі і працаваць з дзецьмі.

Заяўкі на правядзенне занятку прымаюцца па тэлефонах 622009, 622494.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться