Паэты зямлі лідскай – аб малой радзіме і не толькі
У гэтым можна было ўпэўніцца і напярэдадні калядных і навагодніх святаў, наведаўшы літаратурна-музычныя зазімкі “Людзі зямлі гродзенскай”, якія прайшлі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і былі прымеркаваны да Года малой радзімы. У рамках мерапрыемства адбылося і чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”.
У праграму літаратурна-музычных зазімак былі ўключаны выступленні лідскіх паэтаў – сяброў “Суквецця”, – літаратурна-музычныя нумары, прысвечаныя галоўным чынам тэме малой радзімы. Вядучай мерапрыемства была загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі Святлана Касіцына.
Звяртаючыся да прысутных, Святлана Рышардаўна адзначыла, што ў Год малой радзімы на Лідчыне, як і ва ўсёй краіне, узрасла цікавасць да краязнаўчай інфармацыі, падкрэсліла важнасць ведання людзьмі сваіх каранёў, гісторыі і традыцый свайго народа, важнасць патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Апошняму садзейнічаюць і патрыятычныя вершы аб Радзіме, вялікай і малой. Шчыруюць на гэтай ніве і паэты Лідчыны.
Хтосьці з паэтаў-удзельнікаў зазімак прачытаў перад прысутнымі вершы, прысвечаныя роднай вёсцы (Уладзімір Васько, Тадэвуш Чарнавус, Ірэна Сліўко, Станіслава Белагаловая), хтосьці – вершы, прысвечаныя роднаму гораду Лідзе (Уладзімір Янцэвіч, Аляксандр Мацулевіч). Прагучалі і вершы на тэму зімы, зімовых святаў (іх чыталі Валерый Мацулевіч, Ірына Маркевіч, Ала Юшко).
Паэт і фотамастак Уладзімір Янцэвіч перадаў у дар бібліятэцы паштоўкі з краявідамі Ліды, аздобленыя вершаванымі подпісамі. Успаміны аб падрыхтоўцы горада да рэспубліканскіх “Дажынак” абудзіла ў прысутных сваім вершам Таццяна Сямёнава. Аб 75-годдзі Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 60-годдзі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння нагадалі вершы Уладзіміра Дронава – прадстаўніка пакалення дзяцей вайны і ветэрана РВСП.
Гучалі на літаратурна-музычных зазімках і песні – у выкананні Людмілы Шахлай-Краснадубскай і Іосіфа Сухавецкага. Таксама гучалі аўдыязапісы песень і вершаў аб Беларусі, аб Лідзе з відэасуправаджэннем.
Мерапрыемства стала сапраўдным святам паэзіі і музыкі, дало магчымасць творчым людзям Лідчыны выступіць перад вялікай аўдыторыяй, публічна прызнацца праз свае творы ў любові да родных мясцін.