У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі прыгадалі традыцыі святкавання Вербніцы і Вялікадня
Моцным вузлом звязаны ва ўсе вякі чалавек і прырода. Гэтае адзінства нараджала розныя абрады, прыкметы, павер’і – пласт народнай мудрасці, які падмацоўваў веру продкаў у новыя мары і спадзяванні на лепшую долю, на добры ўраджай, плоднасць жывёлы.
Сімвалам вясны заўсёды была сціплая галінка вярбы, якая першая рэагуе на прабуджэнне зямлі, а значыць, як верылі продкі, можа перадаць чалавеку сваю моц, цягу да жыцця, сілу, так неабходную працаўніку.
– Галінкі захоўвалі (ды і цяпер захоўваюць) у хаце цэлы год у чырвоным куце, – расказвае карэспандэнту навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музею Ірэна Клімовіч. – Даўжэйшай з трох галінак гаспадар выганяў першы раз кароў на пашу. Кідалі вярбу супроць ветру, калі была бура. Аббягалі з вербачкай вакол пажарышча, каб агонь на другія хаты не перакінуўся. Пупышкі выкарыстоўвалі ад зубнога болю, дзевяць пупышак клалі ў ваду, калі мылі хворае дзіця. У сённяшняй традыцыі, аздобленыя каляровымі засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі, галінкі вярбы імітуюць пальмы, з якімі пад радасныя воклічы дзяцей і дарослых сустракалі Хрыста пры яго ўездзе ў Іерусалім.
Зязюля пракукавала… А гэта значыць, па народных прыкметах, што прыбліжаецца яшчэ адно свята – Вялікдзень, якое у наш час непарыўна звязана з Уваскрашэннем Хрыстовым, Пасхай.
– За тыдзень – Вялікдзень,– казалі нашы продкі, асвенціўшы галінкі вярбы ў нядзелю. А тыдзень гэты называўся Белым або Чыстым, – прадаўжае знаёміць з традыцыямі продкаў супрацоўнік музею. – Праца на тыдні размяркоўвалася ў пэўным парадку. Так у панядзелак прыбіралі ў двары, у аўторак мылі ў хаце, вытрасалі і мянялі сяннікі, у сераду мылі ўсё драўлянае (асаблівая ўвага надавалася хлебнай дзяжы), пад страху клалі кавалачак хлеба (даць карове на Юр’я пры выгане на пашу), у маленькі мяшэчак чырвонага колеру насыпалі соль, клалі пад страху. Чацвер – чацвёрты, цотны дзень тыдня. Лічылася, што ўсяго будзе “па пары”, а таму работы ў полі і дома не перарываліся, наадварот, лічылася, што чацвярговыя пасевы будуць асабліва чыстымі, ураджайнымі. Гэта быў добры дзень для будоўлі хаты, запрашэння на вяселле. Да ўсходу сонца (да 5 гадзін раніцы) трэба было памыцца, выкарыстаўшы мыла, якое ў сераду паклалі пад страху хаты, каб яно набралася моцы ад Сусвету. Найлепш было памыцца на бягучай вадзе або на расе, каб на целе не было хваробаў. У пятніцу пасціліся , бо ў гэты дзень, згодна з Бібліяй, быў укрыжаваны на Галгофе Ісус Хрыстос. Субота – вялікая, чырвоная, апошні дзень перад Вялікаднем. У суботу фарбавалі яйкі, пяклі пірагі, рыхтавлі розныя стравы.
На стол нашы продкі традыцыйна ставілі асвенчаныя хлеб, соль, пірагі, вяндліну, каўбасы, сала, куліч, тварожную пасху, хрэн, сыр, але галойшнае – чырвоныя яйкі.
– Чырвоны колер – адзін з дамінуючых у традыцыйнай беларускай культуры і, ў прыватнасці, пры фарбаванні яек, – зазначыла Ірэна Клімовіч. – Ён быў самы распаўсюджаны на нашай тэрыторыі і самы просты, бо было гэта шалупінне ад цыбулі. У кожнай гаспадыні пры такім спосабе атрымліваліся розныя адценні чырвонага колеру. Такія яйкі называліся крашанкі.
Дарэчы, пісанкі, пра якіх мы таксама шмат ведаем, вялакага распаўсюджання на тэрыторыі нашага раёну не мелі, але наведвальнікам цікава было паглядзець на яйкі, якія папярэдне распісваліся рсплаўленым воскам пры дапамозе пэўнага прыстасавання – шпількі, а затым фарбаваліся.
На занятках «Ад Вербніцы да Вялікадня» не толькі цікава паслухаць, як бавілі час нашы продкі на Вялікдзень, а і самім пагуляць у «Біткі», «Качанне яек», прыгадаць традыцыі сваёй сямьі.