Гульня вартая свечак. Дзяўчына з Ліды займаецца хатнім мылаварэннем, а таксама робіць свечкі з натуральнага пчалінага воску

29 Марта 2019 1885
Лідчанка Кацярына Лазоўская знайшла сябе ў вельмі цікавых і незвычайных хобі – яна займаецца хатнім мылаварэннем, а таксама робіць свечкі з натуральнага пчалінага воску. Гэтыя захапленні даюць дзяўчыне неверагодны прастор для творчасці і фантазіі.

Не раскрываючы ўсе сакрэты, яна з задавальненнем расказвае аб кожным. У чым жа адрозненне і карысць мыла ручной работы ад таго, якое мы прывыклі бачыць на прылаўках мясцовых крам, і чаму «гульня вартая свечак», паспяшаўся даведацца карэспандэнт «Лідскай газеты», зазірнуўшы да майстра на кубачак гарбаты.

– Гэта і ёсць аснова для мыла ручной работы, – паказваючы яркі жоўты «злітак», расказвае гераіня артыкула. – У яго склад уваходзіць толькі тое, што неабходна: мыйная аснова на базе натуральных алеяў, вада і натуральны гліцэрын. Для таго каб мыла стала паўнавартасным, часта дадаю ў яго іншыя кампаненты: аўсяныя шматкі, мёд, экстракты раслін, адвары, вяршкі, ну і, вядома, эфірныя алеі, якія ствараюць ароматэрапеўтычны эфект і спрыяюць больш глыбокаму ўздзеянню на скуру. Усё гэта немагчыма знайсці пры прамысловай вытворчасці. Там гліцэрын звычайна аддзяляюць ад мыла. Такое патрабаванне масавага выпуску. У лепшым выпадку яго малую частку вяртаюць, але ўжо ў наступных стадыях вытворчасці, называючы такое мыла гліцэрынавым. Таму лічу, што хатняе мыла больш натуральнае і карыснае для скуры. 

Лідчанка прызнаецца: дадзенае хобі з'явілася ў жыцці, калі яна стала рамеснікам. Паглядзеўшы ў Інтэрнэце ўвесь працэс ручной вытворчасці мыла, дзяўчына пераканалася, што нічога складанага ў вырабе духмяных кавалачкаў няма. Вырашыла паспрабаваць – і атрымалася. Першыя работы, як гэта звычайна бывае, раздарыла блізкім і сябрам, а потым пачала рэалізоўваць мыла на святочных мерапрыемствах. Як прызнаецца майстар, попыт ёсць. Асабліва напярэдадні святаў знаходзіцца шмат жадаючых набыць духмяны падарунак.

– Напэўна, ідзе шмат часу на выраб гэтых шэдэўраў?

– У сярэднім 30-40 хвілін, – адказвае Кацярына. – У мылаварэнні маюцца свае нюансы. Але звычайна майстры іх не раскрываюць. Гэта сакрэт. 

Паназіраўшы за працай майстра, ад моманту падрыхтоўкі інгрэдыентаў да ўпакоўкі тавару, зрабіла выснову: мылаварэнне – даволі карпатлівая справа. Кожны кавалачак мае свае форму, колер, напаўненне. І каб ён прыводзіў у захапленне патэнцыяльных пакупнікоў, трэба грунтоўна папрацаваць. 

– Для мяне асабліва хатняе мылаварэнне – выдатная магчымасць зрабіць сваімі рукамі арыгінальны і каштоўны падарунак блізкім, сябрам, знаёмым, – кажа майстар. – Сёлета да 23 лютага я паспрабавала зварыць цікавыя падарункавыя варыянты для мужчын, а на 8 Сакавіка жыхары горада з задавальненнем набывалі мыла ў выглядзе кветак, лічбы 8, салодкіх тартоў. Водгукі былі толькі станоўчыя. Для мяне гэта вялікая радасць.

Мыла ручной работы Кацярына Лазоўская робіць трэці год і сцвярджае, што гэтую тэхналогію даўно ўдасканаліла метадам спроб і памылак. А з нядаўняга часу ў яе жыцці з’явілася другое (не менш цікавае) захапленне – дзяўчына пачала рабіць свечкі з воску. 

 – Чаму б і не? – задаецца пытаннем мая суразмоўніца. – Мне вельмі падабаецца працэс творчасці. Хоць па адукацыі кандытар, пакуль працую мэрчэндайзерам. Але праца не перашкаджае любімай справе. Наадварот, я імкнуся да пакарэння новых вяршынь. А вынік вы можаце бачыць на паліцах кватэры. 

Па словах дзяўчыны, воск – унікальны матэрыял, але самае галоўнае – пры гарэнні ён вылучае антымікробныя ферменты. Яны чысцяць паветра ў кватэры, і асабліва карысныя такія працэдуры ў перыяд вірусных захворванняў – гэта значыць, восенню і зімой. А яшчэ воск непранікальны для вільгаці і здольны захоўвацца без найменшых змяненняў, не губляючы сваю якасць доўга. Такія свечкі гараць роўна, не аплываюць і не курадымяць.

– Я даўно пераканалася: свечкі ручной работы – вельмі прыгожы прадмет інтэр'ера. Большасць пакупнікоў кажуць, што ім шкада запальваць такую прыгажосць. Я ж лічу, што гэта абавязкова трэба рабіць, бо агонь выдатна ачышчае энергію прасторы, спальваючы ўсё дрэннае і негатыўнае. А яшчэ свечка, як сімвал жыцця і святла, – добрае ўпрыгажэнне інтэр'ера і сувенір, спосаб вярнуцца да рамантыкі і душэўнай гармоніі. Ніякая лямпачка або свяцільня на сцяне не дадуць такой выгоды, як гэтыя невялікія васковыя фігуркі. 

 – Ці звязваеце вы сваё хобі з будучыняй?

– Калі я перастану гэтым займацца, то страчу часцінку сваёй душы, страчу сябе, – заўважае Кацярына. – Кожная работа зараджана маімі станоўчымі эмоцыямі, у ёй часцінка мяне, і гэтую часцінку я дару людзям. У такія хвіліны матэрыяльны бок адыходзіць на другі план. Калі хобі паступова перарастае ў справу ўсяго жыцця, прыносіць задавальненне і радасць – гэта дарагога варта. Ты разумееш, што намаганні не марныя. А значыць, трэба працягваць далей працаваць над сабой, расці творча і духоўна – для сябе, для сям'і, для навакольных людзей. 

Акрамя мыла лідчанка вырабляе вясёлыя цацкі.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться