Цуда-востраў з пластыкавых бутэлек, або Як жыхар Ліды ўпрыгожыў тэрыторыю каля свайго дома
05 Октября 2018
4261

Пабываць на гэтым “цуда-востраве”, падобнага на які мы сапраўды яшчэ не бачылі, давялося з падачы жыхаркі дома №17, к. 3 Ганны Нікіцінай, жанчыны актыўнай і нераўнадушнай да прыгажосці і працы чалавечых рук. Яна патэлефанавала ў рэдакцыю і распавяла аб майстры і яго таленце, упэўненая ў тым, што ведаць аб ім і іх двары павінны ўсе.
Сам майстар з залатымі рукамі аказаўся куды больш сціплым... Убачыўшы са свайго балкона, што госці разглядаюць і фатаграфуюць яго райскі сад, ён расхваляваўся: маўляў, не ўсё яшчэ гатова, вось яшчэ б пару дзён!.. Але прыгажосць двара была відавочная...
– Паглядзіце вакол – чаго толькі ў нас няма: і пальма з малпай, і бяроза з ляснымі птушкамі, і хвоя з савой, і кветкі, – праводзіць экскурсію Ганна Трафімаўна. – Гэта на першы погляд можа падацца, што рабіць іх проста: бутэлькі – і ўсё. А калі прыгледзецца, то ўбачыце, што асяродак ствала дрэва – з цэменту, абгорнуты пласцінамі з бутэлек, крыху расплаўленымі, каб нагадвалі сапраўдную кару дрэва. Фігуркі птушак – з цэглы, размаляваныя фарбамі. Птушка фенікс, або паўлін, таксама з цэглы, а пер’е віртуозна выразана з пластыку.

– Аляксандр Рыхліцкі, што жыве ў суседнім доме, для мяне больш чым сябар – ён аднадумца, дарадца, памочнік, без яго я і не пачынаў бы ўсёй гэтай работы. Калі застаўся інвалідам, думаў: чаго сядзець склаўшы рукі? Трэба нешта рабіць, – расказвае Станіслаў Бічэль. – Спачатку хацеў заняцца цэглай, бо ўсё жыццё працаваў у будаўніцтве. Але аднойчы ўбачыў па тэлевізары пальму з пластыкавых бутэлек – і вырашыў паспрабаваць. Потым яшчэ адзін выраб, і яшчэ... Так і пайшло.
Сябар Аляксандр прыносіць матэрыял: пластыкавыя бутэлькі, арматуру. За свае грошы Станіслаў купляе цэмент, фарбы, клей, іншыя прылады. Ён падлічыў: на ўсе вырабы, устаноўленыя ў двары, пайшло каля тысячы бутэлек.

Чарговае вядро сініх руж праз колькі хвілін спускаецца на зямлю, у кампанію да іншых кветак. Сам майстар толькі кіруе працэсам з сёмага паверха, яму з вышыні бачна лепш.
...У госці да Станіслава прыязджаюць дарослыя сыны, якія ўсхваляюць занятак бацькі і ў сілу магчымасцей таксама дапамагаюць. Паважаюць свайго таленавітага суседа жыхары дома і двара. Заўважыўшы на балконе, вітаюцца і на просьбы дапамагчы, прынесці наверх ці знесці ўніз не адмаўляюць. Дарэчы, жыхары расказваюць, што тую самую пальму з бананамі і малпай, пра якую мы вышэй пісалі, летась адзін расіянін хацеў у Станіслава купіць, але той адмовіў. А зараз пра Станіслава Бічэля і яго залатыя рукі ведаюць не толькі на вул. Машэрава, але і ў іншых мікрараёнах горада: работнікі аднаго з дзіцячых садкоў прасілі дапамагчы ўпрыгожыць дзіцячую тэрыторыю. І ён не адмовіў.











0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.