Пескі танчылі і спявалі!..
Вёска Пескі Траццякоўскага сельсавета налічвае сёння 47 жыхароў, але знікаючай яе не назавеш. У бацькоўскія гнёзды вяртаюцца дзеці, купляюць дамы пад дачы гараджане. Вёска мае сваё непаўторнае аблічча і жыве сваім жыццём, перагортваючы на календары будні і святы. Адным з галоўных свят раз у некалькі год з’яўляецца, вядома ж, свята яе самой, вёскі Пескі. На ім напрыканцы мінулага тыдня пабыў і карэспандэнт “Лідскай газеты”.
...Ужо па тым, што людзі сабраліся задоўга да пачатку, у святочным адзенні, і старыя, і малыя, можна было упэўніцца, што свята, якое гучна ўрэзалася ў ціхае, няспешнае, размеранае жыццё вёсачкі, – вялікая падзея. Імправізаваная сцэна размясцілася каля будынка былога магазіна. Яшчэ ўчора гэты куток вёскі, магчыма, і падаўся б непрывабным (магазін зачынены), але толькі не сёння. Кудысьці зніклі праблемы, клопаты... Фонам сталі прыгожыя дэкарацыі, а колерам, які размаляваў акаляючы свет, – вясёлы настрой. У паветры вітала лёгкасць, добразычлівасць, нібыта сабралася разам адна сям’я.
Так і ёсць. Са сцэны віталі вядомых усім старажылаў: самай старэйшай у Песках з’яўляецца 85-гадовая Ядзвіга Матвееўна Бобрык. У ліку самых ганаровых на свяце былі васьмідзесяцігадовыя юбіляры Ядзвіга Станіславаўна Драгун, Дар’я Барысаўна Мурын і Разалія Мікалаеўна Калібіна. Праз год гэту дату адзначыць і Вячаслаў Адольфавіч Драгун. Называлі заслужаных працаўнікоў і сучаснае пакаленне вёскі. У Песках пражывае шматдзетная сям’я Віктара і Галіны Васюкевічаў, у якіх пяцёра дзяцей. Іх сынок Радзівон з’яўляецца самым малодшым жыхаром Песак.
Жыве ў Песках унікальны чалавек – жанчына з залатымі рукамі, 77-гадовая Ядзвіга Іосіфаўна Ненартовіч, выстава якой была арганіазвана тут жа, на свяце. Ядзвіга Іосіфаўна з’яўляецца жыхаркай Песак больш за паўвека і колькі сябе памятае, вышывае – любую вольную хвіліну, бо гэта асалода яе душы.
Жыхароў вёскі павіншаваў старшыня Траццякоўскага сельскага Савета Аляксандр Хвайніцкі, які пажадаў і надалей жыць у згодзе і добрасуседстве, захоўваць і берагчы малую радзіму.
З кожнай хвілінай і кожнай нотай, якая гучала са сцэны, свята так пранікала ў сэрцы прысутных, што хутка кожны забыўся, дзе знаходзіўся. Рукі былі лёгкія на апладысменты, а з твараў не знікалі ўсмешкі і весялосць. За гэта варта сказаць “вялікі дзякуй” калектыву Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Сярод самых яскравых момантаў, што ўрэзаліся ў памяць і склалі найлепшае ўражанне, можна адзначыць і выдатную ролю вядучых, гаспадара і гаспадыні Віктара Верамейчыка і Галіны Сідарэвіч, і кранальныя, да глыбіні душы, спевы самадзейных артыстаў. Гэта і захапляючае “Лялькі-шоу” ад кіраўніка народнага тэатра “Бераг” Святланы Чайко. Апошняе ўвабрала ў сябе і тэатр аднаго акцёра, і лялечны тэатр, і мініяцюру, і было вельмі цікава, весела і прафесійна.
Яскравым штрыхом свята ў Песках стаў удзел у ім маладых дзяўчат ды хлопцаў з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў – групы “Рамантыкі”, якія апошнім часам актыўна гастралююць па святах. Выдатныя танцоры, яны падарылі жыхарам такі моцны зарад добрага настрой, што раз-пораз можна было пачуць “Малайцы!” і пабачыць, як ногі клічуць гледачоў у пляс.