Полька з панкідэсам. Жыхары Ліды весела і танцавальна рыхтуюцца да сустрэчы Дня Незалежнасці
Не на сцэне і не для журы. Але для асабістага задавальнення, супольнай радасці і добрага адпачынку сёння каля сцен Лідскага гісторыка-мастацкага музея жыхары нашага горада танчылі беларускія народныя танцы, прычым пад жывую музыку.
– Сёння у нас юбілейны, пяты, вечар, які прымеркаваны да Дня Незалежнасці, – распавяла навуковы супрацоўнік гісторыка-мастацкага музея Вольга Лук'ян. – Распачалося мерапремства с песен ваенных гадоў, каб успомніць тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся за незалежнасць, за мір нашага народу.
З жаданнем адрадзіць беларускую культуру і этнаграфію, успомніць, як танцавалі нашы бабулі і прабабулі на пляцоўцы каля гісторыка-мастацкага музея збіраюцца людзі розных пакаленняў: адны, каб уваскрэсіць у памяці, як гэта было, іншыя – даведацца пра гэта. Таму што немагчыма не пагадзіцца з сцвярджэннем, што менавіта танец – гэта самы яркі прыклад народнай творчасціі. Менавіта велізарная разнастайнасць харэаграфічных стыляў і вобразаў дазваляе больш цесна дакрануцца да духоўнага станаўлення і культуры нашага народа.
– Мы не прафесійныя танцоры, але цікавімся нашай спадчынай, – распавёў каардынатар праекта “Свае танцы”, прадстаўнік мінскага студэнцкага этнаграфічнага таварыства Цімафей Акудовіч. – Над праектам працуем ужо даўно, і што тычыцца Мінска, то там на падобнага роду вечарыны збіраюцца не меньш за 100 чалавек. Так адбываецца ўжо гадоў 10, таму з'явілася ідэя, жаданне пашырыць праект і пазнаёміць з ім рэгіёны. Мы былі ўжо ў Маладзечне, Барысаве, Бабруйску, Баранавічах… Усюды нас добра і ветліва сустракаюць. Мы адчуваем аддачу. Вядома, стараемся запісваць танцы на відэа. Цікава, што ў розных рэгіёнах свае “па”, свае рухі. І, ведаеце, мы ўсё зрабілі падчас: пакуль жывыя нашчадкі, нельга ўпусціць магчымасць захаваць, перадаць наступнаму пакаленню іх веды, гісторыю, традыцыі. Перакананы, што менавіта танец ўвасабляе ўсю сутнасць людзей, надзеленых агульнымі генамі, шырату іх душы і чысціню намераў.
Полька, гапак, падэспань, кракавяк, лявоніха – колькі і якіх танцаў было ператанцавана за час правядзення праекта “Сваё танцы” у Лідзе, цяжка і пералічыць. Але калі скласці іх у адзін бесперапынны танец, то атрымаецца гадзін 15, не менш. Аднак важна другое: і арганізатары вечарын, і музейныя супрацоўнікі, і госці робяць адну вялікую справу – дораць адзін аднаму цудоўны настрой, захоўваюць і памнажаюць нашу культуру, нашы традыцыі.