Кнігі рускага першадрукара Івана Фёдарава, братоў Мамонічаў, стараабрадчыя малітоўнікі і іншыя рарытэты ўпершыню можна пабачыць у Лідзе (фота)
Завяршэнне тыдня на Лідчыне было азначана Днём праваслаўнага пісьменства. Дата святкуецца ў Беларусі з 2009 года, не ўпершыню мерапрыемствы духоўнай накіраванасці праходзяць у азначаны сакавіцкі дзень і на Лідчыне. Традыцыйна гэта выставы кніг, лекторыі, сустрэчы духавенства з моладдзю і інш. Не стаў выключэннем бягучы год. Дзень праваслаўнага пісьменства адкрыўся ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і ўключаў у сябе шэраг мерапрыемстваў. Упершыню да яго арганізатараў, Лідскай епархіі і Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы, далучылася Мінская духоўная семінарыя.
Урачыстае адкрыццё падзеі распачалося малебнам, які ўзначаліў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый з удзелам духавенства Лідчыны. Гасцямі свята сталі прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Пранюк, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Ірына Рабец. Сабраліся жыхары горада, супрацоўнік бібліятэк і ўстаноў адукацыі, увогуле -- усе тыя, хто спадарожнікам па жыцці лічыць кнігу і з вялікай павагай адносіцца да мудрасці кніжнага слова.
У прыветным слове Віктар Францавіч Пранюк падкрэсліў значнасць падзеі, у цэнтры ўвагі якой – духоўная кніга. Кніга, што нясе святло, вучыць сэнсу жыцця, выхоўвае здароўе душы і цела. Дзякуй Богу, што сёння ў нас ёсць магчымасць атрымліваць асалоду, дакранаючыся да старадаўніх кніг. Дакранаючыся не проста да гісторыі, але да таямніцы. Вельмі важна, што апошнім часам з’яўляецца шмат сучасных кніг духоўнай накіраванасці. Трэба, каб іх было ў нас як мага болей і каб мы навучылі чытаць такія кнігі нашых дзяцей.
“Праз друкаванае слова чалавек далучаецца да духоўнай мудрасці”, -- адзначыў Уладыка Парфірый і прызваў, каб людзі ніколі не пакідалі кнігу. Як пчала, што не сядае на штосьці дрэннае, так і мы павінны рабіць правільны выбар той літаратуры, якую бяром у рукі, дзеля якой адчыняем сваё сэрца.
На сустрэчы з крыніцай духоўнай мудрасці не абышлося без асабліва прыемных момантаў. Узнагароды і падарункі Уладыкам Парфірыем былі ўручаны кіраўнікам і спецыялістам дзяржаўных устаноў, якія вядуць вялікую і паспяховую працу ў напрамку духоўнай асветы: прадстаўнікам Лідскай раённай бібліятэкі, філіяла №4, а таксама Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа.
Цэнтральнай падзеяй урачыстасці стала выстава старадрукаванай і сучаснай праваслаўнай кнігі. Сёлета гэта выстава стала сапраўды унікальнай, дзякуючы ўдзелу ў ёй надзвычай рэдкіх і каштоўных старадрукаў з царкоўна-археалагічнага фонду Мінскай духоўнай семінарыі. Упершыню былі дастаўлены ў Ліду і сталі даступныя шырокаму колу наведвальнікаў кнігі ад пачатку рускага кнігадрукавання, а таксама выданні 17-18 стагоддзя, сінадальнай эпохі, да 1917 года.
Бадай, самы унікальны экспанат -- “Апостал”, помнік рускага кнігадрукавання, выдадзены дыяканам Іванам Фёдаравым у 1574 годзе ў Маскве. У наведвальнікаў выставы ёсць магчымасць не толькі пабачыць рарытэт, але і дакрануца да яго, пагартаць, адчуць дух таго часу. Не меншай увагі вартае “Евангелле”, надрукаванае ў 1600 годзе ў Вільні ў тыпаграфіі братоў Кузьмы і Лукі Мамонічаў. Ёсць сярод экспанатаў выставы яшчэ адзін “Апостал”, 1638 года, выданы бацькам і сынам Васілём і Фёдарам на маскоўскім друкаваным двары. Шырока прадстаўлены кнігадрукі 17 стагоддзя, асаблівай эпохі, азначанай рэвалюцыйнымі падзеямі ў выданні кніг. Вялікую цікавасць на выставе ўяўляе некалькі стараабрадчых малітоўнікаў і зборнік павучэнняў, таксама 17 стагоддзя. У большасці гэта рукапісныя варыянты. 18 стагоддзе -- пачатак сінадальнай эпохі – прадстаўляюць унікальныя выданні, сярод якіх -- напрастольнае Евангелле, выдадзенае ў Пачаеўскай лаўры (Україна) у 1780 годзе. Цікавасць уяўляюць кнігі не толькі па сваім унутраным напаўненні, але і па знешнім афармленні – вокладкі многіх з іх выкананы з дрэва і абцягнуты скурай, а папера нават сёння пахне ладанам і воскам.
З мінулага няцяжка перанесціся ў сучаснае, да другой экспазіцыі, дзе прадстаўлена сучасная праваслаўная літаратура. Гэта частка выставы стала свайго роду візіткай, дэманстрацыяй вопыту епархіяльнай бібліятэкі, якая разяшчаецца ў філіяле №4 (дарэчы, летась праца гэтай бібліятэкі была прызнана лепшай у Беларусі і заняла 1 месца ў рэспубліканскім конкурсе). Епархіяльная бібліятэка адкрылася ў Лідзе чатыры гады таму. Першапачаткова яе фонд налічваў каля тысячы экзэмпляраў, сёння гэта больш за дзве тысячы кніг, не лічачы электронных носьбітаў, часопісаў і календароў. Адно з найноўшых паступленняў – Новы запавет, выдадзены летась упершыню на беларускай мове. У епархіяльнай бібліятэцы можна знайсці літаратуру духоўнай накіраванасці на любы густ і ўзрост.
Працягам Дня праваслаўнага пісьменства ў цэнтральнай раённай бібліятэцы стала сустрэча лідчан з выкладчыкам Мінскай духоўнай семінарыі протадыяканам Генадзем Малеевым.
Карэспандэнт “Лдскай газеты” пагутарыў з наведвальнікамі свята і пацікавіўся іх уражаннямі.
Святлана Муравіцкая: “Трапіла сюды, можна сказаць, выпадкова – сяброўка паклікала. Але – не пашкадавала. Пабачыць, а тым больш пагартаць такія выданні выпадае, напэўна, раз у жыцці. Толькі ўявіць: кніга першадрукара Івана Фёдарава!.. Дзякуй арганізатарам за такую выставу, асабліва – Мінскай духоўнай семінарыі, што зрабіла для лідчан сапраўдны падарунак. Прызнацца, пасля ўбачанага і пераацэньваеш свае адносіны да кнігі і ўвогуле да каштоўнасцей жыцця”.
Тамара Казак: “Я цікаўлюся праваслаўнай літаратурай і вельмі задаволеная, што наведала сёння гэту падзею. Тут сапраўды духоўна ўзбагачаешся. Асабіста мне імпануе і тое, што да гэтай падзеі такая вялікая ўвага мясцовай улады. Дзень праваслаўнага пісьменства набывае шырокія маштаб, і ў нашым горадзе яшчэ адной вялікай добрай традыцыяй становіцца больш”.
Наведаць выставу старадрукаванай і сучаснай праваслаўнай кнігі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы можна да 23 сакавіка (з 10.00 да 16.00).