8 кастрычніка – Дзень работнікаў культуры. Праца ва ўнісон сэрцу

08 Октября 2017 3074

Ганну Мікалаеўну Некраш сёння ведаюць як вядучага метадыста Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, які адказвае за становішча фальклору ў сельскіх клубных установах, арганізацыю тэматычных раённых святаў. Але асабіста для мяне яна назаўсёды застанецца начальнікам дзіцячага аздараўленчага лагера “Спадарожнік”, дзякуючы крэатыву якога я і амаль праз 20 гадоў добра памятаю, як з нецярпеннем чакала летніх канікул, каб хоць на адну змену адправіцца на “касмадром”, стаць членам “экіпажа” замест атрада, зарабіць “спуцікаў”, на якія на месцы можна накупляць школьных прылад. У лагеры былі свае гімн, традыцыі і мноства-мноства цікавых конкурсаў, забаў, мерапрыемстваў, якія памятаю і да гэтага часу... Вось яна – магія культуры і чалавека, поўнасцю ёю захопленага.

Спяваць і танцаваць Ганна Некраш любіла з ранняга дзяцінства. Яна абувала валёнкі і кружылася па хаце, напяваючы песню Ніны Русланавай “Валёнкі”. Ганна Мікалаеўна была актыўнай удзельніцай школьнай мастацкай самадзейнасці. Бачачы любоў да сцэны, памножаную на талент, мама Ганны Некраш не раз паўтарала: “Быць табе, дачка, артысткай”. Але, выхаваная працай (Ганна Мікалаеўна родам з вёскі Сенькавічы Івацэвіцкага раёна і адна з пяці дзяцей у сваіх бацькоў), пасля школы яна паступіла ў сельскагаспадарчую акадэмію. Праўда, не давучылася. Лёс закінуў Ганну Некраш у Ліду, на абутковую фабрыку. Аднак толькі выкройваць чаравікі і тапкі Ганне Мікалаеўне было мала. Таму яна адразу “запісалася” ў артысткі вядомага ўсім ансамбля “Чаравічкі” і вельмі хутка назаўсёды памяняла цэх на сцэну. Затым былі праца ў клубе абутковай фабрыкі і знаёмства з другім пасля культуры лёсам усяго свайго жыцця – мужам.

– Я жыла ў інтэрнаце прадпрыемства, – расказвае гераіня майго артыкула. – Арганізоўвала розныя вечарыны, на адну з якіх і трапіў мой будучы муж. Праз шмат гадоў пасля нашага знаёмства і вяселля ён прызнаўся, што звярнуў на мяне ўвагу, калі я спявала...

У 1993 годзе Ганна Мікалаеўна скончыла Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці “арганізатар-метадыст культасветработы”. Пасля рэарганізацыі клуба абутковай фабрыкі – з 2008 года – працавала ў аддзеле культуры загадчыцай аўтаклуба. Ужо тады Ганна Некраш зацікавілася захаваннем фальклору. Ёй быў створаны культурна-інфармацыйны праект “Турбота”. Працуючы над ім, Ганна Мікалаеўна на працягу пяці гадоў ездзіла ў аддаленыя вёскі Лідскага раёна, каб зрабіць культурнае жыццё мясцовых жыхароў ярчэй, цікавей і разнастайней.– Я люблю вёску, мяне цягне туды, – пракаментавала галоўны метадыст раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш. – На мой погляд, сельскі глядач больш шчыры і інтэлігентны, чым гарадскі. Парадокс, праўда? Але толькі ў вёсцы людзі заўсёды звяртаюцца да цябе на «вы» і называюць «пані», ды з такімі добразычлівасцю, прызнаннем і падзякай, што не перадаць словамі.

Дзякуючы ініцыятыўнасці і вынаходлівасці Ганны Мікалаеўны былі рэалізаваныя і працягваюць існаваць такія творчыя праекты, як занальная конкурсная праграма “Спадарыня-сялянка”, раённыя конкурсныя шоу-праграмы “Нявестка добрая – як дачка родная”, “Мой зяць – як у людзей пяць”, раённы конкурс ручной касьбы “Звініць каса – жыве вёска”. Ганна Некраш – сапраўдная прыхільніца адраджэння і захавання спадчыны. Ёй належыць ідэя правядзення ў раёне праекта “Абрады маёй краіны”, які распачаўся ў Год культуры і доўжыцца па сённяшні дзень.

Ініцыяваны тры гады таму Ганнай Мікалаеўнай раённы конкурс побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму” на базе філіяла “Тарноўскі Дом культуры” не толькі даў штуршок для стварэння гурткоў аматараў побытавах танцаў, але і набыў у 2017 годзе статус абласнога. Два гады існуе і праводзіцца на высокім прафесійным узроўні створаны нашай гераіняй раённы праект традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”. Па ініцыятыве Ганны Некраш створаны слоўнік мясцовай гаворкі, адкрыты гурткі даўніны ў сельскіх установах культуры, адраджаюцца старадаўнія народныя святы і абрады.

– Хто працуе ў культуры, той ведае, якая гэта цяжкая праца, – разважае Ганна Некраш. – Штодня быць ва ўсіх на ўвазе, мець зносіны і знаходзіць кантакт з людзьмі ўсіх узростаў, поглядаў і перакананняў. Вечарамі, у выхадныя і святочныя дні знаходзіцца на працы. Нават дома, на адпачынку, у гасцях, проста калі ідзеш па вуліцы, прыдумляць штосьці новае і цікавае. Калі ты работнік культуры – гэта значыць, твае родныя дзеці з самых малых гадоў знаходзяцца ў гушчы культурнага жыцця і заўсёды побач, за кулісамі або на сцэне. Гэта значыць, што ўсе святочныя мерапрыемствы, якія ты праводзіш, – па сутнасці, твае сямейныя святы. Быць работнікам культуры – значыць старацца заўсёды знаходзіць новае, незвычайнае, каб у чарговы раз дарыць людзям буру станоўчых эмоцый, уражанняў, здзіўляць і радаваць.

Калі чалавек робіць штосьці ад чыстага сэрца, з натхненнем, то гэта не можа пакінуць абыякавым – гэта зачароўвае. Менавіта такі прынцып ляжыць у аснове працы Ганны Некраш – з поўнай самааддачай служыць культуры. Па яе меркаванні, гэта тое, дзеля чаго варта жыць. І для Ганны Мікалаеўны гэта не высокія словы – яна сапраўды апантаная сваёй працай. Гэта адлюстроўваецца ў непрыкметнай усмешцы на твары, калі яна ў чарговы раз з глядзельнай залы назірае за чарговым святам. “У гэтай галіне я ўжо 35 год. Аднойчы ў мяне не без іроніі спыталі, што я буду рабіць, калі выйду на пенсію. Але я не разгубілася, бо ведаю адказ: ствару аматарскае аб'яднанне. У мяне ёсць дача ў вёсцы Бярнуці Крупаўскага сельсавета. Я адразу папярэдзіла мужа, каб не шкадаваў метраў на вялікую гасціную, таму што тут, знаходзячыся на пенсіі, я буду збіраць сваіх суседак і мы будзем ладзіць вечарыны, як раней у вёсцы рабілі нашы матулі і бабулі… Таму што нельга ў культуры выйсці на пенсію”, – упэўнена Ганна Некраш.

IMG 0010

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться