«Гудскі гармонік» увайшоў у энцыклапедычны даведнік «Беларускія народныя музычныя інструменты»
У мінулым годзе ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі» ўбачыла свет выданне «Беларускія народныя музычныя інструменты». Аўтарам энцыклапедычнага даведніка з'яўляецца вядомы дзеяч культуры, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. Кніга, унікальны летапіс беларускай народнай творчасці, выдадзена невялікім тыражом і ўжо становіцца рэдкасцю ў Беларусі. Сама яна выдадзена на дзвюх мовах – беларускай і англійскай – і прысвечана музычнай культуры Беларусі.
У ёй даволі падрабязна апісана гісторыя стварэння і выкарыстання ў жыцці беларускага народа музычных інструментаў, названы творчыя калектывы і майстры, якія з'яўляюцца носьбітамі беларускай музычнай культуры. Годнае месца на старонках даведніка заняў і самабытны калектыў з Лідчыны – народны ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”.
А днямі ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода быў арганізаваны канцэрт-прэзентацыя, на якім гледачы маглі на свае вочы ўбачыць і, вядома ж, пачуць калектывы, якія практыкуюць жывое і непаўторнае гучанне многіх самабытных інструментаў. Па запрашэнні самога аўтара кнігі прыняў удзел у мерапрыемстве і ансамбль «Гудскi гармонік».