Выставы змогуць выйсці за межы музеяў, а народныя калектывы – увесці ў штат
Прыняты Палатай прадстаўнiкоў i адобраны Саветам Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры 25 ліпеня падпісаў кіраўнік дзяржавы. Кодэкс распрацаваны ў Беларусі ўпершыню і не мае аналагаў у краінах постсавецкай прасторы. Што думаюць пра гэты дакумент тыя, хто працуе ў сферы культуры, даведаўся карэспандэнт «Лідскай газеты».
Наталля ЛЕЎШУНОВА, загадчыца сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама:
– Адносіны ў сферы культуры ў нашай краіне дагэтуль рэгуляваліся вялікай колькасцю нарматыўных прававых актаў. З'яўленне ж Кодэкса аб культуры – гэта своеасаблівы вынік працэсу фарміравання заканадаўства ў сферы культуры. Кардынальных змен кодэкс не нясе, аднак змяшчае навацыі. Што цікава, атрымаўся дакумент, да якога змогуць звяртацца не толькі работнікі сферы культуры, але і простыя грамадзяне, паколькі ён з'яўляецца зборам правоў і абавязкаў для гледачоў, наведвальнікаў музеяў і дыскатэк, чытачоў. Калі казаць аб навацыях, то, напрыклад, кодэксам пашырана кола асоб, якія адносяцца да суб'ектаў культурнай дзейнасці. Гэта не толькі грамадзяне (работнікі культуры і творчыя работнікі), калектывы мастацкай творчасці, але таксама спонсары і мецэнаты культуры, установы адукацыі, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць. Навацыі закранулі ўдасканаленне механізмаў узаемадзеяння з беларусамі замежжа: пазначаны меры па іх падтрымцы ў сферы культуры. Шмат навацый датычыцца арганізацыі канцэртнай дзейнасці. Асобны артыкул прысвечаны парадку правядзення дыскатэк.
Ганна ДРАБ, дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея:
– Калі ў сакавіку бягучага года ў Лідзе адбылася сустрэча з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Кучынскай (а менавіта яна ўзначальвала рабочую групу, якая займалася падрыхтоўкай кодэкса), мы, музейшчыкі, уздымалі некалькі пытанняў: яны тычыліся рэгулявання наведвання музея іншаземцамі, навукова-фондавай дзейнасці і іншых напрамкаў працы. Штосьці знайшло адлюстраванне ў кодэксе, штосьці – не. Напрыклад, вельмі важнае значэнне ў нашай працы мае навукова-фондавая дзейнасць. Гэта, так бы мовіць, сэрца музея. І многія пункты, якія звязаны са зборам, захаваннем, экспанаваннем, прапісаны ў Кодэксе аб культуры на карысць нам, музейшчыкам. Цяпер нам прасцей будзе экспанаваць прадметы, вывозіць іх за межы музея. Калі раней патрэбна было праходзіць многія этапы ўзгаднення, ледзь не да Міністэрства культуры, то цяпер гэта вырашае непасрэдна кіраўнік музея. Што тычыцца навукова-асветніцкай дзейнасці, то мы задаволены: гэтага кірунку не закранула шмат дадатковых змяненняў, у прыватнасці ўвядзення дакументаў і дазваленняў на правядзенне мерапрыемстваў. Кодэкс утрымлівае шэраг навацый, якія тычацца гісторыка-культурных каштоўнасцей. Удакладнены і скарочаны пералік крытэрыяў для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пазначаны і парадак правядзення археалагічных даследаванняў.
Лілія КОЛЫШКА, салістка народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”:
– Прыняцце Кодэкса аб культуры, безумоўна, вельмі важнае для работнікаў нашай сферы. Зараз у нас ёсць адзіны прававы звод, які дакладна рэгулюе абсалютна ўсе напрамкі дзейнасці. Мяне асабіста вельмі радуе перспектыва ўвядзення да трох штатных адзінак у самадзейных калектывах, якія атрымалі статус народных і ўзорных. Гэта тычыцца арганізацый культуры, напрыклад сельскіх Дамоў культуры, на чыіх пляцоўках працуюць такія творчыя калектывы. Фінансаванне дадатковых штатных адзінак кладзецца на бюджэт альбо адшукваюцца іншыя фінансавыя крыніцы, што таксама прадугледжвае заканадаўства. Гэта вельмі добрая прапанова, з майго пункту гледжання, таму што на практыцы часта атрымліваецца так, што мастацкі кіраўнік калектыву выступае і акампаніятарам, і салістам, і менеджарам у адной асобе.
Арцём МАРТЫНАЎ, дырэктар Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы:
– У раздзеле «Культурная дзейнасць» у кодэксе вылучаны асобны артыкул «Бібліятэчная справа», у якім апісаны і замацаваны асноўныя палажэнні працы бібліятэк. Некаторыя формы і прынцыпы працы тут апісаны больш падрабязна і дэталёва, з унясеннем значных змен. У асобным раздзеле прапісана дзейнасць па такіх напрамках, як «Кніжныя помнікі. Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь», «Міжбібліятэчны абанемент. Нацыянальная сістэма міжбібліятэчнага абанемента». Што да навацый, то цяпер устаноўлена прыярытэтнае права атрымання дакументаў з бібліятэчных фондаў публічных бібліятэк для інвалідаў і іншых фізічна аслабленых асоб. А беларуская нацыянальная культура і беларуская мова заканадаўча замацоўваюцца ў кодэксе як найважнейшыя нацыянальныя дасягненні і каштоўнасці.