Лідскі аўтар Леанід Лаўрэш прэзентаваў чарговую кнігу, у якой расказвае аб вайне 1812 года і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў у разрэзе Лідчыны

29 Июля 2016 3094

У мінулую сераду ў раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кнігі лідскага краязнаўца Леаніда Лаўрэша “Паўстанчы дух”. Гэта сёмая кніга аўтара. У ёй, грунтуючыся на шматлікіх ужо раней друкаваных і архіўных матэрыялах, на пісьмовых успамінах удзельнікаў і сведкаў падзей, аўтар расказвае аб вайне 1812 года і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў у разрэзе Лідчыны. На прэзентацыі кнігі прысутнічалі работнікі бібліятэкі, краязнаўцы і проста тыя, каго цікавіць гісторыя лідскай зямлі.

Спачатку некалькі слоў аб аўтары кнігі. Леанід Лаўрэш – аўтар каля сотні гістарычных артыкулаў, сямі кніг, заснавальнік і адміністратар першага ў Беларусі гістарычнага інтэрнэт-сайта – “Pawet”. Дзякуючы шматлікім гістарычным працам Леаніда Лявонцьевіча вернуты з забыцця многія імёны ўраджэнцаў не толькі Лідчыны, але і ўсёй Гродзеншчыны – дзеячаў навукі і культуры, прадстаўнікоў улады і духавенства, удзельнікаў грамадскіх рухаў і сацыяльных хваляванняў. Вядомасць Леаніда Лаўрэша як краязнаўца даўно перасягнула межы Лідчыны і нават Гродзеншчыны.

– Задумка кнігі “Паўстанчы дух” узнікла ў мяне яшчэ ў 2010 годзе, на парозе юбілеяў трох падзей – вайны 1812 года (2012) і двух паўстанняў (2011 і 2013), – расказвае Леанід Лявонцьевіч. – Збіраючы інфармацыю, паглыбляючыся ў тэму, я вывучаў гістарычную літаратуру, працаваў у Гродзенскім архіве, кансультаваўся з прафесійнымі гісторыкамі. Назву кнігі – “Паўстанчы дух” – падказаў мне лідскі краязнавец, паэт, рэдактар часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Суднік. Кніга была выдадзена ў гродзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт”. Як адзначалася ў час прэзентацыі, апісваемыя ў кнізе падзеі – вызначальныя вехі гісторыі Лідчыны і ўсёй Беларусі XIX стагоддзя, барацьбы беларусаў за незалежнасць свайго краю. Развіццё той ці іншай гістарычнай падзеі паказана ад самага яе зараджэння да тых наступстваў, якія яна мела для лідскай зямлі, для ўсёй Беларусі.

Асабліва падрабязна расказваецца пра падзеі паўстання 1863 года. Для Лідчыны гэтыя падзеі асацыююцца ў першую чаргу з імем Людвіка Нарбута – камандзіра першага на тэрыторыі Беларусі паўстанцкага атрада тых часоў. Дарэчы, у атрадзе Нарбута змагаўся і вядомы ў беларускай літаратуры XIX ст. Францішак Багушэвіч (яго паўстанцкі шлях таксама паказаны ў кнізе). А ўвогуле, галерэя ўдзельнікаў тых падзей у кнізе вельмі багатая.

Аўтар грунтуецца выключна на фактах і не выказвае, не навязвае чытачу свой асабісты пункт погляду на падзеі. Па словах аўтара прадмовы да кнігі, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Радзюка, “аўтар далёкі ад ідэі манапалізацыі аднаго нейкага пункту гледжання на ўсе тыя падзеі”. У нарысах пададзены погляды розных бакоў канфлікту: расійскіх царскіх афіцэраў і чыноўнікаў – з аднаго боку, удзельнікаў і прыхільнікаў паўстання – з другога. Такім чынам, чытачу даецца матэрыял для супастаўлення, аналізу, роздуму.

А яшчэ – аўтар у сваім даследаванні не абмяжоўваецца толькі Лідчынай. Як адзначае той жа Аляксандр Радзюк, “дзеля лепшага разумення логікі развіцця падзеі … ім шырока выкарыстоўваюцца даныя, што тычацца іншых, суседніх абшараў” (напрыклад, нарыс “Ашмянская разня” ў раздзеле “Паўстанне 1831 года”, нарыс “Падзеі ў Гродне” ў раздзеле “Паўстанне 1863 г. на Лідчыне” і г. д.). Дапаўненнямі да раздзелаў кнігі служаць трапныя эпіграфы, тэксты песень тых часоў, спісы маёнткаў, канфіскаваных ва ўдзельнікаў паўстанняў.

Кніга Леаніда Лаўрэша “Паўстанчы дух” у будучым папоўніць фонды лідскіх бібліятэк. Электронны варыянт кнігі да канца бягучага года павінен з’явіцца ў Інтэрнэце. Удзельнікі прэзентацыі спадзяюцца, што яна, як і папярэднія кнігі аўтара, будзе запатрабавана чытачамі – у першую чаргу тымі, хто цікавіцца гісторыяй лідскага краю, мінулым Беларусі.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться