Літаратурныя сустрэчы. Тры музы Ірыны Багдановіч
Днямі ў раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у рамках імпрэзы “Перакрыжуй мой летуценны быт”, адбыліся сустрэча з беларускай паэтэсай, перакладчыцай і літаратуразнаўцам, кандыдатам філалагічных навук Ірынай Багдановіч і прэзентацыя яе новай кнігі “Залатая горка”. На мерапрыемстве прысутнічалі работнікі і наведвальнікі бібліятэкі, члены літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”.
Ірына Багдановіч мае лідскія карані, жыве ў Мінску, працуе ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі. Сёлета, 30 красавіка, яна адзначыла свой 60-гадовы юбілей.
Новая кніга Ірыны Эрнстаўны “Залатая горка” вельмі аб’ёмная – у 400 старонак – і шматгранная па жанрах і тэматыцы. Па выразе самаго аўтара, у ёй суседнічаюць тры музы: паэтычная, перакладчыцкая і літаратуразнаўчая. Чытач знойдзе тут і вершы, і пераклады, і артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры, і аўтабіяграфію самой Ірыны Багдановіч.
Паэзія аўтара ў кнізе прадстаўлена ў асноўным цыклам “Балтыйскія абразкі”, створаным паэтэсай пад уражаннямі ад падарожжа ў 2012 годзе на востраў Готланд – востраў, дзе жыве дух Сярэднявечча, дзе па сённяшні дзень захаваліся велічны сабор XIII стагоддзя, старажытная мураваная крэпасць на ўзбярэжжы, дзе і ў нашы дні праводзяцца сярэднявечныя карнавалы і рыцарскія турніры. Асобныя вершы з “готландскага” цыкла Ірына Эрнстаўна зачытала перад прысутнымі.
У раздзел перакладаў трапілі творы такіх прадстаўнікоў польскамоўнай літаратуры XIX стагоддзя, як Антоні Гарэцкі, Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Габрыэля Пузына. Вядомы нам як паплечнік Адама Міцкевіча, збіральнік фальклору, аўтар вершаў пра беларускае сялянства Ян Чачот раскрываецца тут і як чалавек вельмі глыбокай хрысціянскай культуры, стваральнік свайго роду “паэтычнага катэхізіса”. Глыбока веруючым чалавекам паказана і менш вядомая нам Габрыэля Пузына. “Зараз я займаюся перакладам успамінаў Габрыэлі, – гаворыць Ірына Багдановіч. – У далейшым планую прадставіць яе багатую літаратурную спадчыну ў асобнай кнізе”.
Літаратуразнаўчыя працы ў кнізе “Залатая горка” прадстаўлены артыкуламі аб паэзіі, прысвечанай вастрабрамскім абразам, аб праблеме аўтарства паэмы XIX стагоддзя “Мачыха” і іншымі.
Гаворачы аб сваёй аўтабіяграфіі, Ірына Эрнстаўна адзначыла, што нямала цёплых успамінаў з дзяцінства звязана ў яе з Лідчынай. Нашы Нёман і Дзітву яна называе рэкамі свайго дзяцінства. Яркія ўспаміны назаўсёды засталіся і ад канікул у летнім лагеры ў нашай Белагрудзе (гэтыя мясціны настолькі запалі ёй у душу, што праз шмат гадоў і абвянчацца са сваім мужам Ірына Эрнстаўна прыехала на Лідчыну – вянчаліся ў Белагрудскім касцёле).
Бліжэй да заканчэння мерапрыемства лідскі бард Сяргей Чарняк выканаў пад гітару песню на верш Ірыны Багдановіч “Млын” – музычны падарунак паэтэсе ад лідчан, падрыхтаваны спецыяльна да імпрэзы.