Пазнаёміліся з ганчарным рамяством і адчулі сябе сапраўднымі майстрамі

28 Февраля 2026 515
Працягваючы знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай сваёй малой радзімы, вучні 6 «А» класа сярэдняй школы №11 г. Ліды імя Н. І. Паповай наведалі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры. 

На гэты раз у фокусе ўвагі маладога пакалення быў майстар-клас па кераміцы. Занятак, па меркаванню юных рамеснікаў, быў для іх хвалюючым, бо праца з глінай выклікала як прыемныя ўражанні, так і невялікія пытанні на пачатку. 

Майстар-кераміст Алена Свідэрская прапанавала навучэнцам стварыць вырабы ў хрысціянскай тэматыцы, а менавіта сімвал хрысціянства – рыбу. Невялікія парады ад настаўніка – і праца закіпела. Кожны стараўся як мог: спачатку юныя керамісты разміналі гліну, каб пазбавіць яе ад паветра, далей кожны адбіў кавалак свайго рабочага матэрыялу, а затым спецыяльнай прыладай раскатаў у плоскую загатоўку. Галоўная ўмова на працягу ўсяго занятка – гэта выкананне пэўных правіл лепкі. Далей кожны вучань з дапамогай папяровага лякала надаў форму свайму вырабу, змазаў шпаталем усе контуры. Абавязкова дэкаратыўнаму вырабу трэба было надаць прыгажосці, аздобіць яго. І тут на выручку прыйшла фантазія юных керамістаў. Праз гадзіну працы атрымаліся выдатныя рыбкі.

Але гэта яшчэ не ўсё: вырабы павінны былі прайсці працэс сушкі і апальвання ў печы. Толькі праз тыдзень вучні змаглі ўбачыць свае керамічныя шэдэўры. 

Вось такія цікавыя і незвычайныя заняткі могуць наведаць усе лідчане і госці горада. У плане знаёмства з народнымі рамёствамі лідскім школьнікам пашанцавала, бо ў іх ёсць магчымасць паспрабаваць сябе не толькі ў кераміцы, але і ў вышыўцы, саломапляценні, выцінанцы, дрэваапрацоўцы і нават у ткацтве. 

Наталля АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 6 «А» класа СШ №11 г. Ліды імя Н. І. Паповай

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться