Чым здзіўлялі лідчане гасцей XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур? (фота)
Калі прыязджаеш з такіх вялікіх – і па маштабах, і па значнасці – мерапрыемстваў, першым пытаннем, якое табе абавязкова зададуць, будзе: “Ці спадабалася?” Атрымаўшы станоўчы адказ, працягнуць: “А што менавіта?” І гэтае пытанне заўсёды ставіць у ступар: як растлумачыць у двух словах убачанае і пачутае за дзень, як перадаць пачуцці, на чым зрабіць акцэнт? Расказаць пра свята дасканала, маляўніча і поўным аб’ёме ну ніяк не атрымліваецца, абавязкова што-небудзь ці каго-небудзь упусціш. Прадчуваю, што так будзе і цяпер. Але я паспрабую хоць крыху “намаляваць” для вас карціну свята – 11-га (але першага ў маім жыцці) Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, – якое ў мінулыя выхадныя праходзіла ў Гродне і якое так мяне захапіла.
Суботняй раніцай абласны цэнтр сустрэў мяне неймавернымі спякотай і колькасцю людзей. Аказалася, да гэтага я не зусім правільна разумела, што значыць выраз “яблыку няма дзе ўпасці”. Свята разгарнулася адначасова на 20-ці пляцоўках. Зразумела, што абысці іх усе было проста фізічна немагчыма. Таму я для сябе значна звуізіла круг таго, что жадала ўбачыць: вырашыла наведаць у першую чаргу тыя падмосткі, на якіх свяцілі лідскія зорачкі. Паверце, нават гэта было досыць складана з улікам таго, што наш край прадстаўлялі дзве нацыянальныя суполкі, некалькі творчых калектываў, шмат артыстаў-сольнікаў, а таксама немалая колькасць рамеснікаў.
Але сустрэча з землякамі прыйшлася на пасля абедзенны час, таму што спачатку я трапіла на традыцыйнае маляўнічае шэсце, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцей, якія прысутнічалі на свяце, а іх было 37! Лічы, я за кароткі час абляцела ўвесь зямны шар, трапіла ў Грузію, Грэцыю, Украіну, Індыю, Іспанію, ЗША, Палесціну... і нават Венесуэлу са Шры-Ланкой. Мае эмоцыі і ўражанні ад хай і беглага знаёмства з рознымі дыяспарамі былі такімі ж яркімі, як іх традыцыйныя касцюмы.
– Гэтае мерапрыемства – даніна павагі традыцыям розных народаў, якія пражываюць у Беларусі, – падчас урачыстага адкрыцця XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. – Шмат у нас розных рэлігійных канфесій. Але мы стараемся падтрымліваць нацыянальную згоду, якая ў рэгіёне склалася гістарычна. І фестываль паказвае, што нам гэта ўдаецца.
Губернатар адзначыў, што фестываль таксама паказвае, наколькі важныя мір і згода паміж нацыянальнасцямі, асабліва на фоне канфліктаў, якія адбываюцца ў розных краінах свету.
Галоўнае адрозненне сёлетняга мерапрыемства ад 10-ці папярэдніх у тым, што фестываль упершыню праходзіў пад патранажам ЮНЕСКА. Безумоўна, гэта з’яўляецца вялікім гонарам для рэгіёна, сведчаннем вядомасці і прызнання не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. “Гэтым падкрэсліваецца ўнікальнасць нашага мерапрыемства, аддаецца даніна павагі нацыянальнай палітыцы, якая праводзіцца ў Беларусі і, у прыватнасці, у Гродзенскай вобласці", – адзначыў у сваім выступленнем Уладзімір Краўцоў. Уладзімір Васільевіч таксама падкрэсліў, што Гродзенскі рэгіён з’яўляецца самым поліэтнічным у краіне. На тэрыторыі вобласці пражываюць прадстаўнікі 92 нацыянальнасцей, зарэгістравана больш за 24 нацыянальныя грамадскія аб'яднанні.
З многанацыянальнай Ліды на фестываль, дарэчы, прыехалі прадстаўнікі двух дыяспар – яўрэйскай (народны ансамбль яўрэйскай музыкі “Шалом”) і казахскай (ансамбль казахскага танца “Салтанат”). Кожная – са сваім каларытам, нацыянальнай спецыфікай і праграмай для гасцей, якія вырашылі зазірнуць на іх гасцінны падворак.
На шляху майго руху аказалася казахская юрта, якая хай і ў сучасным, аблегчаным варыянце, але ўсё ж дала магчымасць уявіць побыт старажытных качэўнікаў. Традыцыйны ачаг, коўдры, падушкі, кухоннае начынне – усё, згодна з традыцыямі, займала адведзеныя месцы. Сталы на падворку ламіліся ад пачастункаў, назвы некаторых з якіх нам, беларусам, цяжка вымавіць (бесбармак, баурсак, курт, кумыс, айран, плоў, манты, самса).
– Для падрыхтоўкі асобных страў нам прыйшлося заказваць прадукты з самога Казахстана. Напрыклад, мяса. У Казахстане жывёлы сілкуюцца палыном, ад чаго мяса набывае спецыфічны смак. У Беларусі такога нідзе не купіш і нічым не заменіш, – патлумачыла кіраўнік адзінага ў Беларусі ансамбля казахскага танца "Салтанат" Алія Гуцава (на фота ў цэнтры).
Не памылюся, калі скажу, што менавіта магчымасць паспрабаваць нацыянальныя стравы была галоўнай падставай для гасцей зазірнуць у той ці іншы падворак. І я разумею кожнага, хто выстаяў доўгую чаргу: што, як не нацыянальная кухня, у поўнай меры адлюстроўвае сутнасць народа, яго гісторыю, культуру і традыцыі?! З улікам таго, што на фестывалі разгарнулася ажно 22 розныя падвор'і, для сябе я яго абазначыла яшчэ і як сапраўднае гастранамічнае свята і адкрыццё. І вось якое яшчэ цікавае было зроблена мной назіранне: такія сапраўды розныя народы аднолькава гасцінна сустракалі сваіх гасцей, аказвалі належны прыём. Дарэчы, здзіўлялі гаспадары не толькі ежай, але і гарачымі, яркімі танцамі, спевамі, гульнямі.
Ці то гэта шостае пачуццё, ці то кліч сэрца, але падарожжа па фестывальным Гродне прывяло мяне і на беларускі падворак. Заходжу ў імправізаваныя вароты, упрыгожаныя ручнікамі, і чую даволі знаёмыя матывы. Падышла і адразу ўдзячна ўсміхнулася сваёй інтуіцыі: на сцэне выступаў народны ансамбль музыкі і песні “Прынямонцы” з Бярозаўкі. Прынёманскія артысты ўдзельнічалі ў адкрытым конкурсе ансамбляў музыкі і песні. Акрамя таго, яны былі першымі ў праграме.
– Хваляваліся? Наадварот, мы шчыра радаваліся такой магчымасці, – энтузіязм і ажыўленасць (і гэта нягледзячы на тое, што на фестываль гурт трапіў упершыню!) кіраўніка ансамбля Вяславы Сычэўскай заражалі. – Наш калектыў педагагічны, і скончыць навучальны год на такім мажорным акордзе – свята, паверце, двайное.
На пытанне, з чым прадстаўлялі Лідчыну, Вяслава Іванаўна адказала проста: спявалі пра тое, што блізка сэрцу, – пра родны край, пра Бярозаўку. Прынамсі, дзве з трох конкурсных кампазіцый былі аўтарскія, словы і музыку Вяслава Сычэўская напісала сама.
У гэтым жа конкурсе выступалі і канкурэнты “Прынямонцаў” па сцэне, але шчырыя сябры за яе межамі – народны ансамбль народнай музыкі і песні “Гудскі гармонік”. Выхад кожнага быў сапраўды яркім і запамінальным. Але найбольш журы ўразіла, спадабалася выступленне “Гудскага гармоніка” – творчы іспыт ансамбль прайшоў на “выдатна” і атрымаў дыплом пераможцы гэтага конкурсу.
Вызначыліся лідчане і на міжнацыянальным свяце харэаграфічнага мастацтва “Танцы і рытмы розных народаў”. Здзіўлялі і радавалі гледачоў сваімі па заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль песні і танца “Талака” філіяла “Лідскія электрычныя сеткі”, узорны ансамбль танца “Сонейка” Палаца культуры горада Ліды, узорны ансамбль танца “Вясёлая карусель” СШ № 9, ужо вядомы нам калектыў “Салтанат”. З гонарам падкрэслю, што менавіта нашыя землякі і тут задавалі рытм: ізноў мы выступалі першымі. Сінхронна, яскрава, лёгка, па-забіяцку – колькі перад гэтым было неверагодна вымотлівых шматдзённых рэпетыцый, ведалі толькі кіраўнікі гуртоў, харэографы і самі танцоры.
Танцы і песні – гэта танцы і песні, але ўсім нам добра вядома: ні адно свята не абыходзіцца без “горада майстроў”. Мы ідзём туды не столькі за пакупкамі, колькі за ўражаннямі і натхненнем. Хто чым, а лідчане здзіўлялі гасцей свята шклом ручной працы, маркетры, вышыванкамі, саламянымі і шмат яшчэ якімі вырабамі. Як падкрэсліла загадчыца аддзелу рамёстваў і традыцыйнай культуры Алена Шчэліна, у Гродне лідчане прадставілі амаль усе віды рамеснай дзейнасці.
Не было ні хвіліны зацішша, напрыклад, ля стэлажа з самаробнымі музычнымі інструментамі, кожны з якіх – работа лідскага самародка Аляксандра Блахіна. Яго літаральна абступілі з усіх бакоў. І кожнаму Аляксандр тлумачыў, як называецца той ці іншы музычны інструмент, з чаго ён зроблены, і нават дазваляў паспрабаваць яго ў дзеянні. “Вельмі добра, што ў людзей такая цікавасць да этнамузыкі”, – не адрываючыся, пракаментаваў лідчанін.
…Суботні дзень выдаўся вельмі доўгім і цяжкім, але такім шчаслівым. Дзе, як не на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне, я змагла б пабачыць такі каларыт, сустрэць людзей, апранутых у свае нацыянальныя адзенні? Прычым не пашытыя тут, а прывезеныя адтуль, з радзімы. Дзе я змагла б ужывую пачуць песні розных народаў? Дзе яшчэ я змагла б на свае вочы ўбачыць, як мірна і дружна могуць жыць людзі розных нацыянальнасцей і канфесій? Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне ў гэтым плане ўнікальны. Ён свайго роду ідэальная мадэль свету, толькі ў паменшаным варыянце. Не перадаць словамі, якую радасць адчуваеш, праходзячы міма прадстаўнікоў украінскай і рускай суполак, чачэнскай, амерыканскай, сірыйскай, ліванскай, палесцінскай і іншых, якія знаходзяцца ў сяброўскіх зносінах, мірна ўсміхаюцца адзін аднаму... Гэтыя людзі розныя: з рознай культурай, традыцыямі, менталітэтам. А жывуць у агульным доме – Беларусі.
Складана перадаць словамі і тое, якую годнасць адчуваеш за лідчан, калі бачыш, наколькі яны цікавыя, унікальныя, запатрабаваныя. Дарэчы, гордасць за жыхароў Лідчыны і сваю прыналежнасць да іх падчас фестывалю мне давялося адчуць не раз. Убачыць, пачуць, прывітацца з усімі, вядома, не ўдалося. Але маё дзякуй адрасавана ўсім, хто быў на 11-м Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, усім, дзякуючы каму з розных куткоў Гродна, з розных творчых пляцовак гучала меладычная, звонкая і такая мілая сэрцу назва – Ліда. Сапраўды, наколькі наш горад шматнацыянальны, а значыць, дружалюбны ўсім і кожнаму, настолькі ён таленавіты. І гэта не суб’ектыўнае меркаванне аднаго чалавека.