Сваёй малой радзімай майстар дэтэктыва лічыць Лідчыну
У рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” адбылася сустрэча мясцовых літаратараў і навучэнцаў з пісьменнікам, майстрам дэтэктыўнага жанру Віктарам Праўдзіным, ураджэнцам горада Ліды, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, які нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей.
Віктар Аляксандравіч Праўдзін скончыў Мінскую вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР, працаваў у праваахоўных органах. Маёр міліцыі ў запасе. Яшчэ ў час службы ў міліцыі пачаў пісаць кнігі, сюжэты для твораў браліся з жыцця. Пазней працаваў намеснікам галоўнага рэдактара літаратурных часопісаў “Нёман” і “Полымя”, галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
– У Лідзе пачынаўся мой жыццёвы шлях, – гаворыць Віктар Аляксандравіч у час сустрэчы. – У 1957 годзе, калі мне было ўсяго два гады, бацькі (а рос я ў сям’і ваеннаслужачага) пераехалі жыць у Віцебскую вобласць. Аднак усведамленне таго, што нарадзіўся ў Лідзе, я нясу праз усё жыццё, хоць і прыехаў сюды толькі цяпер. І як толькі прыехаў – усё ў маёй душы ўскалыхнулася, нібыта адчуў нябачную нітачку сувязі з родным горадам.
Віктар Праўдзін – майстар дэтэктываў, раманаў, апавяданняў. Калі з’явіліся ўнукі, пачаў пісаць і казкі. Любіць пісаць таксама аб прыродзе, аднак адзін з асноўных яго жанраў – дэтэктыў. Як прызнаўся Віктар Аляксандравіч, у галоўных герояў кожнага яго дэтэктыва прысутнічаюць пэўныя рысы характару аўтара, сярод якіх – авантурызм. Пісьменнік расказаў прысутным аб некаторых сваіх кнігах прозы (“Візіцёр з Поўначы”, “Боль” (“Споведзь міліцыянера”), “Вяртанне з апраметнай”, “Шлях на Галгофу”, “Нелюбімыя гінуць” і іншых), паведаміў звязаныя з імі цікавыя гісторыі.
Прысутныя таксама дазналіся, што піша Віктар Аляксандравіч пераважна раніцай, а затым, як і многія звычайныя людзі, любіць папрацаваць на агародзе. Ёсць у яго пчаліная пасека, як і многія мужчыны, Віктар Праўдзін – заўзяты паляўнічы і рыбак.
Як адзначыў пісьменнік напрыканцы сустрэчы, пакуль гэта толькі яго першаснае знаёмства з родным горадам і мясцовымі літаратарамі, моладдзю. Магчыма, будуць і новыя сустрэчы з ім у Лідзе. У фонд літаратурнага аддзела гісторыка-мастацкага музея Віктар Праўдзін перадаў шэраг сваіх кніг, а таксама рукапісы, фотаздымкі.