Прызнанне ў каханні роднаму краю
25 Сентября 2025
5115
Яркія букеты кветак і вечаровы луг, зубры Белавежскай пушчы і замак Гедыміна – усё гэта не проста сюжэты, а прызнанне ў каханні роднаму краю, адлюстраванае на палотнах мастачкі Лідзіі Лазоўскай. У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства адкрылася яе персанальная выстава, у назву якой леглі радкі Ніла Гілевіча “Я хаджу закаханы ў твае краявіды…”Лідзія Лазоўская – ураджэнка Ліды (зараз жыве ў Мінску), дачка вядомага лідскага мастака, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Фёдаравіча Лазоўскага. Член саюза дызайнераў Беларусі і таленавітая мастачка, работы якой выстаўляюцца ў музеях розных краін, разыходзяцца па прыватных калекцыях. Чалавек не толькі з вялікім прыродным талентам, але і душэўнай прыгажосцю, якою яна шчодра, уся да астатку, дзеліцца ў сваіх карцінах.
– Пісьменства для мяне – гэта не толькі кнігі, гэта і карціны таксама, – тлумачыць мастачка. – Так, сапраўды, мае работы вельмі добра кладуцца на паэтычныя творы.
“Бацька адкрыў для нас з сястрой Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча і Міколу Гусоўскага. У гэтай атмасферы любові да беларускай літаратуры мы і раслі, – кажа Лідзія. – Зубр – гэта наш нацыянальны здабытак, вобраз велічы і моцы. Як у старадаўнія часы, так і зараз, ён сімвал Беларусі”.
– Купальскія кветкі – гэта тэма, якая ніколі не пакідае мяне. Я адчуваю ў іх асаблівую магію і глыбінны сэнс, – кажа мастачка. – Для мяне васількі – сімвал чысціні і спакою, рамонкі на гадваюць пра святло і дабрыню, а святаяннік здаўна лічыцца кветкай-ахоўнікам, што нясе здароўе і сілу. У купальскую ноч гэтыя кветкі нібы аб’ядноўваюцца ў адзін жывучы вянок, у якім сплятаюцца надзея, любоў і абарона чалавека. Яны не толькі ўпрыгожваюць поле ці луг, а нясуць у сабе голас нашай зямлі, яе традыцый і веры ў цуды.
– Вежа Лідскага замка азначае, што свята праходзіць у Лідзе. Кніга і світак – сімвал беларукага пісьменства. Пад світкам ляжыць слуцкі пояс – своеасаблівая пісьменнасць у арнаменце. Гэта мова кветак, мова сімвалаў, якая даносіць да нас інфармацыю аб свеце, гармоніі і прыгажосці. І калі ў кнігах захоўваюцца словы, то ў тканых узорах – мова нашых продкаў, так званы генетычны код беларусаў. Ліхтар асвят ляе шлях у будучыню, – расказвае аўтар. – Я хацела б, каб гэта карціна была напамінам пра тое, што мастацтва, мова і традыцыі жывуць побач, падтрымліваюць адзін аднаго і складаюць нашу культурную спадчыну.
Дарэчы, гэту карціну мастачка падарыла лідскаму музею.
– Гэтай выставай я хацела сказаць пра самае галоўнае – любоў да Радзімы, да яе людзей і традыцый. Мае кветкі – гэта жы выя сімвалы нашай зямлі. Яны ўвасабляюць хараство прыроды, чысціню пачуццяў і вечнае абнаўленне жыцця. Праз свае работы я размаўляю з роднай зямлёй, адчуваю яе дыханне і падтрымку. Мае палотны – гэта прызнанне ў любові да Беларусі, да яе палёў, лугоў і лясоў, да яе мінулага і будучага. Я веру, што праз мастацтва можна рабіць людзей шчаслівымі, – кажа Лідзія Лазоўская.

0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.







