Мураваныя сведкі важных падзей
Унікальная магчымасць даведацца аб гісторыі не толькі Лідскага замка, але і адразу каля дзясятка іншых замкаў нашай вобласці – яго мураваных родзічаў – днямі з'явілася ў лідчан і гасцей горада. У гісторыка-мастацкім музеі адбылося адкрыццё выставы «Мураваныя замкі Гродзеншчыны XIV-XVII стст.», экспазіцыя якой часова выдзелена з фондаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.
Гэтая выстава, на падставе археалагічных знаходак, знаёміць з пакінутай матэрыяльнай спадчынай замкаў Гродзеншчыны: Лідскага, Гродзенскага, Навагрудскага, Мірскага, Крэўскага і іншых. Кароткая інфармацыя аб абарончых збудаваннях змешчана на адпаведных стэндах. Пад стэндамі знаходзяцца самі экспанаты, якія наглядна апавядаюць аб будаўніцтве, унутраным аздабленні і абароне замкаў, побыце іх жыхароў.
– У сярэдзіне XIII стагоддзя на землях Панямоння ўзнікла Вялікае княства Літоўскае, створанае з мэтай абароны мясцовага насельніцтва ад шматлікіх рабаўнічых нашэсцяў ворагаў, у першую чаргу крыжакоў, – расказвае ў час адкрыцця выставы яе куратар, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Валынец. – З гэтай нагоды на тэрыторыі княства з цягам часу ўзводзяцца замкі. Дарэчы, слова “замак” вельмі сугучнае са словам “замок”. Старажытныя ўмацаванні былі сапраўднымі замкамі, падабраць ключы да якіх ворагу часцей за ўсё было не пад сілу.
Як упэўніліся пазней наведвальнікі выставы, кожны замак мае сваю гісторыю, у іх мурах у свой час адбываліся значныя палітычныя падзеі. Напрыклад, у Лідскім замку ў 1422 годзе спраўлялася вяселле польскага караля Ягайлы і князёўны Соф'і Гальшанскай, якія паклалі пачатак дынастыі Ягелонаў; у 1506 годзе ад замка пачало паход на знакамітую Клецкую бітву з крымскімі татарамі шматлікае апалчэнне, тады ж у замку напісаў тастамент (завяшчанне) цяжкахворы вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр, перадаючы ўладу свайму малодшаму брату Жыгімонту… У сценах Крэўскага замка ў 1382 годзе па загадзе Ягайлы быў задушаны вялікі князь літоўскі Кейстут, а праз тры гады там жа былі прыняты ўмовы аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы пад уладай Ягайлы, якія ўвайшлі ў гісторыю як Крэўская унія… Гродзенскі замак Вітаўта ў свой час называлі ключом ад земляў беларускага Панямоння…
Аднак у гэтым артыкуле мы не будзем падрабязна спыняцца на гісторыі замкаў Гродзеншчыны – аб ёй можна будзе пачуць у час наведвання выставы. Адзначым цікавае, яркае афармленне самой цырымоніі адкрыцця, у час якой першыя наведвальнікі як бы перанесліся ў далёкае мінулае і сустрэліся з майстрам-цагельнікам, які расказаў аб тэхналогіі вырабу цэглы, з якой узводзіліся ўмацаванні (у ролі майстра выступіў навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун), з калекцыянерам цэглы Аляксеем Чысцяковым. З узбраеннем і даспехамі воінаў, якія абаранялі замкі ад ворагаў, азнаёмілі прысутных удзельнікі гуртка «Ваенная гісторыя Беларусі» пры Цэнтры турызму і краязнаўства, яны ж – сябры новага рыцарскага клуба «Залаты леў» (кіраўніком і клуба, і гуртка з'яўляецца Артур Валадкевіч). Сярэднявечная дама Лілія (навуковы супрацоўнік музея Лілія Леўдаровіч), у сваю чаргу, азнаёміла з посудам, якім карысталіся жыхары замкаў. А пазней, з удзелам іншых дам (таксама супрацоўніц музея), для наведвальнікаў адбыўся невялікі майстар-клас па сярэднявечных танцах.
– Нашы далёкія продкі, як мы толькі што ўпэўніліся, былі выдатнымі майстрамі, мужнымі воінамі, умелі не толькі будаваць замкі і адбіваць ад іх ворагаў, але і весела і ярка бавіць свой вольны час, – падводзіць вынік Наталля Валынец. – І аб гэтым нагадвае выстаўка «Замкі Гродзеншчыны», якая будзе працаваць у нашым музеі да канца мая.