У Лідскім каледжы прайшоў агляд-конкурс інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні (фота)
Нядаўна ў рамках месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання ў Лідскім каледжы прайшоў агляд-конкурс інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні «Нішто на зямлі не праходзіць бясследна».
Удзел у песенным спаборніцтве прымалі дзевяць навучальных груп трэцяга курса. Адметным стала тое, што свае творчыя здольнасці праяўлялі навучэнцы як гуманітарных, так і тэхнічных спецыяльнасцей. На сцэну выходзілі і юнацкія, і дзявочыя калектывы. І кожны раскрываў тэму вайны, гераізму, агульначалавечых каштоўнасцей па-свойму. Моладзь выконвала сучасныя версіі легендарных песень часоў Вялікай Айчыннай, гучалі праніклівыя вершы, нумары дапаўнялі танцавальныя кампазіцыі. Канцэрт атрымаўся запамінальным і эмацыйным.
Змешаныя пачуцці выклікалі ваенная форма і муляжы зброі на сцэне ў зусім юных хлопцаў і дзяўчат. Але менавіта ў такім узросце і, на жаль, не з муляжамі ў руках ішлі на фронт нашыя дзяды ў 1941-м. Лейтматывам вечара сталі любоў да Радзімы і гонар за подзвігі ваеннага пакалення.
Задавальненне ад выступлення атрымалі ўсе прысутныя: канкурсанты, гледачы, члены журы. Апошнія апынуліся перад нялёгкай задачай вызначыць лепшага. У выніку суддзі, ацаніўшы разнастайнасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі нумароў, прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне: лідарамі сталі адразу пяць калектываў (у іх складзе навучэнцы сямі вучэбных груп: 200Т, 23В, 17С, 92НО, 26СПУ, 69ДО, 68 ДО).
Але на гэтым спаборніцтвы ў Лідскім каледжы не завершаны. Зусім хутка ў навучальнай установе пройдзе конкурс «Містар каледж-2015».