“Бацькава булка” – смачна ды гулка!..

17 Августа 2024 3029

Усе дарогі ў мінулую суботу вялі ў Свіслач – сталіцу галоўнага хлебнага фэсту Беларусі “Бацькава булка”. Праводзіўся ён вось ужо трэці раз. А з’явіўся пасля візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на мясцовую пякарню ў 2021 годзе. Тады ж свіслацкія майстры далі назву «Бацькава булка» самай папулярнай пляцёнцы. І вось з кожным годам фестываль станавіўся ўсё шырэй і шырэй, а сёлета і ўвогуле пабіў рэкорды! Сабраў тысячы гасцей з розных куткоў Беларусі (вядома ж, і Лідчыны ў тым ліку) і нават з замежжа. Карэспандэнты «ЛідаМедыяКампаніі» таксама пабывалі на свяце і пастараліся адлюстраваць атмасферу, настрой гасцей і нават водары (якія, здаецца, перадаюцца праз фота) хлеба новага ўраджаю і самай смачнай беларускай выпечкі.

Вуліцы Свіслачы ўплялі ў свой інтэр’ер сінія васількі ды пшанічныя каласы, адзеліся ў снапы і ручнікі, а водар на іх стаяў такі, што цяжка было ўтрымацца, – хацелася прысесці за адзін са шматлікіх столікаў і з асалодай пакаштаваць той самай “Бацькавай булкі”.

 Вочы разбягаліся ад прыгажосці вырабаў кандытарскага мастацтва, якія прывезлі пекары са ўсёй краіны. Гэта трэба было бачыць: караваі ў выглядзе панарамы БелАЭС, прамысловага гіганта “Амкадор”, эпізода аперацыі “Баграціён” і нават касмічнай гісторыі Беларусі, з ракетай і першай беларускай касманаўткай Марынай Васілеўскай.

Хлебабулачныя вырабы былі прадстаўлены на любы густ, у тым ліку прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей. Адметна і тое, што ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў можна было ўбачыць франтавы хлеб, падобны да таго, што выпякаўся падчас Вялікай Айчыннай вайны. А побач з ім – касмічны, крафтавы, манастырскі і нават заячы хлеб.


Да свята прымеркавалі конкурс, у якім удзельнічалі арганізацыі, што спецыялізуюцца на вытворчасці хлебабулачных вырабаў. Лепшыя з лепшых былі ўдастоены спецыяльнага медаля – своеасаблівага знака якасці “Бацькава булка». Іх можна было пабачыць на выставе «Бацькаyшчына, – «Мiр. Гаспадар. Дабрабыт», прысвечанай 30-годдзю інстытута прэзідэнтства ў Беларусі. Дарэчы, удзел у конкурсе прымаў і Лідскі хлебазавод.

– Наш філіял прадставіў прадукцыю ў трох намінацыях – у намінацыі “Хлеб у беларускіх традыцыях” – хлеб “Гарчычны” пшанічны (смачны, водарны хлеб з мукі вышэйшага сорта з дабаўленнем гарчычнага алею), намінацыі “Сучасныя папулярныя віды хлеба” – хлеб для сэндвічаў “З’еш мяне” (па класічнай рэцэптуры з беласнежным мякішам і тонкай скарыначкай) і ў намінацыі “Кандытарскія вырабы” – бісквіт “Сюрпрыз”, які заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе, – расказалі Жанна Шэбухава, начальнік планава-вытворчага аддзела і начальнік бюро маркетынгу Таццяна Яфрэмава. – Акрамя таго, у конкурсе прафмайстэрства ўдзельнічалі нашы майстры: пекар Ірына Коменч і машыніст цестараздзелачных машын Марына Лукашэвіч. Абедзве – з караваямі, якія па праву можна назваць творамі мастацтва. Вышыня кожнага каля паўтара метра, вага амаль 15 кг. На свяце яны выклікалі вялікую цікавасць наведвальнікаў, многія госці побач з імі рабілі сэлфі, мы атрымалі нямала дадатных водгукаў. 

Госці з задавальненнем расхоплівалі свежую выпечку ў гандлёвых кропках. У цэнтры ж ўвагі была тая самая “Бацькава булка”. Яна біла рэкорды па продажы, бо кожны імкнуўся пакаштаваць народны брэнд.

Вядучых радыё “Мір” Кацярыну і Андрэя (вядучых вячэрняга канцэрта) мы засталі якраз падчас пакупкі “Бацькавай булкі”.

– Набылі дзве булкі па просьбе нашых кіраўнікоў. Вядома ж, і самі пакаштуем, – дзяліліся калегі. – Мы ўпершыю на гэтым свяце – настрой цудоўны! Усё маштабна і вельмі добра арганізавана. Але галоўнае – фестываль мае сваю беларускую самабытнасць. Ён зроблены не пад капірку, а адлюстроўвае беларускую народную культуру. Адчуваеш сябе тут як дома, у сваім унікальным месцы. 


Спецыяльна на свята была выпечана рэкордная, пяціметровая (!) пляцёнка “Бацькава булка”. Унікальны выраб заважыў 35 кг. На яго вытворчасць спатрэбілася 25 кг мукі, 10 кг цукру, 4 кг маргарыну, 5 кг разынак, па 3 кг кунжуту і маку і 25 яек. Пакаштаваць яе змаглі ўсе жадаючыя.


Навокал гучала музыка і песні – праграма каравай-фэсту была як ніколі шырокая і разнастайная. Гасцей і ўдзельнікаў запрашалі забаўляльныя пляцоўкі, конкурсы і гульні… Дарэчы, гучалі на іх і лідскія галасы – спявалі і танчылі артысты народнага фальклорнга гурта "Талер" Лідскага аддзела рамёстваў.

“Я ўдзячна сваім дзецям, якія прывезлі мяне ў казку”

Сярод гасцей фэсту былі не толькі жыхары Свіслачы, але і шматлікія госці. З Ваўкавыска прыехала сям’я Маер: “Муж адсюль родам, таму мы не маглі прапусціць падзею на малой радзіме. Вельмі прыгожа, смачна, цікава. Прыемна, што такое маштабнае свята праводзіцца ў Свіслачы. Мы задаволеныя”.

Генадзь Бяляеў з Мінскага раёна спецыяльна прыехаў у госці да сябра са Свіслачы Уладзіміра Сняжыцкага, каб наведаць легендарную “Бацькаву булку”: “Свіслач прымае гасцінна! Уражвае размах свята і яго добрая арганізацыя. Мы многае паглядзелі, а цяпер абавязкова пакаштуем “Бацькаву булку”. 

Ларыса Багарад прыехала з Латвіі ў госці да брата Сяргея (а родам яна таксама са Свіслачы): “Я ўпершыню на такім свяце і вельмі ўражаная. Гэта незвычайна! Снапы, караваі, пірагі – ўсё такое роднае! Я ніколі ў жыцці не бачыла падобных шэдэўраў. Гэта прафесіяналізм і талент вышэйшай пробы. Праўду кажуць, хлеб усяму галава!”

Сярод гасцей было нямала і лідчан. Наталля Ягорава прыехала разам з сынам: “Свіслач – мая малая радзіма, і я ганаруся, што ў нашым горадзе ёсць такое цудоўнае свята, як “Бацькава булка”.

Ванда Іосіфаўна Карэнік разам с сынам Алегам і дачкой Анжэлай таксама прыехалі з Ліды: “Я родам са Свіслачы, але на свяце была ўпершыню. Нават яго назва – “Бацьква булка” – такая гулкая і прывабная! Арганіазцыя вельмі прадуманая: людзей – тысячы, але без таўкатні, без чэргаў, можна свабодна падысці, паглядзець, пакаштаваць. А яшчэ я ўпэўнілася, што ювеліры ёсць і ў кандытарскай справе. Бо інакш як ювелірным майстэрствам нельга назваць тыя шэдэўры, якія мы ўбачылі. Гэта свята ўсёй Беларусі: тут і Гомель, і Брэст, і Віцебск. Я ўдзячна сваім дзецям, якія прывезлі мяне ў казку”.

У каравай-фэста вялікая будучыня”

Нельга не пагадзіцца са словамі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка: “У каравай-фэста вялікая будучыня! З году ў год ён будзе набіраць папулярнасць, пашыраць межы, збіраць на благаславеннай беларускай зямлі новых удзельнікаў і гасцей. Працягне здзіўляць багаццем хлеба, майстэрствам прыгатавання самых розных хлебапрадуктаў і кулінарных шэдэўраў”.

“Тое, што хлеб – усяму галава, мы вывучылі з дзяцінства. Але ці да канца мы ўсведамляем ролю хлеба?.. Тое, што гэта не толькі прадукт харчавання, але яшчэ і мастацтва, і народная мудрасць. Бо калі не будзе згуртаванасці і адзінства народа, мы не зможам вырасціць зерне, сабраццца разам і, ўсміхаючыся адзін аднаму, адсвяткаваць свята, –адзначыў Уладзімір Каранік падчас інтэрв’ю журналістам. – Людзі, якія беражліва захоўваюць шматвекавыя традыцыі і надалей імкнуцца развіць іх у век здаровага харчавання, павінны мець пляцоўку, на якой яны змогуць абмяняцца вопытам, дасягненнямі. І я вельмі рады, што гэта пляцоўка ёсць і яна ў Гродзенскай вобласці. Калі б такога фестывалю не было, яго трэба было б прыдумаць. Адметна, што гэта ідэя нарадзілася менавіта тут, на гэтай зямлі, і даказала сваю жыццяздольнасць. Мы запрашаем  усіх, у каго ёсць што паказаць і хто хоча штосьці запазычыць, – свіслацкая зямля з радасцю прыме гасцей”. 
























































Текст: Ольга Яхонтова Ольга Яхонтова
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться