Ірына Сільчанка: «Юбілейны год склаўся для нашага тэатра вельмі ўдала»
26 Ноября 2023
2645

Самадзейны тэатр у Лідзе быў утвораны ў 1948 годзе. Прафесійны артыст Іван Маркавіч Шолк разам з артыстамі-аматарамі С. Зялінскім, П. Паварга, Радкевічам, Л. Калабеніным, М. Клешчанка, Шафаловічам і іншымі паставіў шматактавы спектакль па п’есе А. Арбузава “Шестеро влюбленных”, а затым спектакль “Лес” па п’есе А. Астроўскага. У наступныя дзесяць гадоў самадзейны калектыў паставіў дзесяць шматактавых і каля трыццаці аднаактавых спектакляў.
9 верасня 1967 года пастановай калегіі Міністэрства культуры БССР за высокія творчыя дасягненні і шматгадовую творчую дзейнасць драматычнаму калектыву Лідскага гарадскога Дома культуры было прысвоена званне “народны”. У тым годзе з пастаноўкай спектакля па п’есе Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім” калектыў удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі самадзейнай тэатральнай творчасці ў Мінску. Працу над спектаклем пачынаў П. Дакука, але пасля яго трагічнай смерці справу настаўніка завяршыў Д. Альпяровіч. У спектаклі было шмат акцёрскіх адкрыццяў.

– На сённяшні дзень у складзе народнага драматычнага тэатра “Ракурс” налічваецца 15 удзельнікаў ва ўзросце ад 24 да 60 гадоў, – расказвае Ірына Мікалаеўна. – У нашага калектыву ёсць свой творчы савет: Ала Чараватая, Тамара Зенюкевіч, Юрый Карпук (які, дарэчы, некалі быў мастаком-пастаноўшчыкам). Яны аддана служаць тэатру і шмат гадоў удзельнічаюць у нашых спектаклях. Анжэла Вянчагава, Дзіна Крыцкая, Руслан Півавараў, Арцём Мержа прыйшлі ў калектыў некалькі гадоў таму, але ўжо ўнеслі значны ўклад у яго творчую дзейнасць. Канешне, хацелася б, каб удзельнікаў было болей, і, карыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх творчых і ініцыятыўных людзей, якія жадаюць разнастаіць свой вольны час і ўвасобіць свой талент у яркіх вобразах цікавых персанажаў на сцэне, да нас у тэатр.
– Ці лёгка падабраць п’есу для пастаноўкі?
– Мне, як рэжысёру, прыходзіцца перабіраць многа п’ес. Пры выбары п’есы трэба ўлічваць і спецыфіку тэатральнага калектыву, і тое, каб п’еса была цікавай для гледача, адлюстроўвала праблемы сучаснасці, пабуджала пра многае задумацца. Спектаклі мы стараемся ставіць разнапланавыя, розных стыляў. У нас былі і драма, і меладрама, і дэтэктыў… Не замахваемся пакуль толькі на мюзіклы, бо для іх пастаноўкі ўдзельнікам патрэбна музычная адукацыя.
– Ці дзеліце ролі ў спектаклях на вялікія і малыя?
– Стараемся, каб усе ролі ў спектаклі былі яркімі. Я лічу, што малых роляў не бывае, над любой роллю трэба працаваць. Пасля выступлення мы звычайна разбіраем спектакль, аналізуем, што на сцэне атрымалася, што не атрымалася, калі трэба, праглядаем відэазапіс пастаноўкі. Гэтае сумеснае абмеркаванне яшчэ больш згуртоўвае калектыў. Хачу падкрэсліць, што тэатр – гэта сінтэз розных відаў мастацтва. Тут і акцёрскае майстэрства, і сцэнічная мова, і пластыка, і танец, і музыка.
– Дзейнасць народнага тэатральнага калектыву – гэта не толькі пастаноўка спектакляў…

– Раскажыце пра самыя свежыя дасягненні вашага калектыву.
– У тэатра актыўная дзейнасць, мы з’яўляемся ўдзельнікамі і лаўрэатамі фе-стываляў і конкурсаў, у першую чаргу абласнога фестывалю народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы” і абласнога конкурсу размоўнага жанру. Год назад на абласным фестывалі “Лідскія тэатральныя сустрэчы” адбылася прэм’ера нашага спектакля “Виражи судьбы” па п’есе А. Чубаравай і І. Ягоравай. Выступленне нашых акцёраў мела добрыя водгукі гледачоў і адзначана журы фестывалю дыпломам ІІ ступені і дыпломам “За лепшы акцёрскі ансамбль”. У сакавіку гэтага года з гэтым жа спектаклем калектыў атрымаў дыплом “За сцэнічнае ўвасабленне твора сучаснай драматургіі” і спецыяльны прыз на IV рэспубліканскім фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральныя скрыжаванні” ў Слуцку. Дарэчы, у рамках таго фестывалю адбылася прэзентацыя кнігі “Народны тэатр. Шлях да сцэны”, у якой сабраны звесткі пра найстарэйшыя народныя тэатры Беларусі. Нам прыемна, што ў кнізе згадваецца і наш народны драматычны тэатр “Ракурс”. Матэрыял пра наш тэатр да гэтай кнігі збіраўся не толькі мной, але і маімі папярэднікамі Уладзімірам Хадаруком, Валерыем Меляхаўцом. А зусім нядаўна, у кастрычніку, у Гродне праходзіў абласны конкурс выканаўцаў размоўнага жанру. Па выніках конкурсу ўдзельніца нашага калектыву Дзіна Крыцкая атрымала дыплом за 1-е месца ў намінацыі “Народная проза” (яна чытала паданне “Нёман і Лоша”), удзельнік тэатра “Ракурс” Руслан Півавараў – дыплом “За ўдалае ўвасабленне аўтарскага твора” (ён прачытаў уласны верш “В гостях у мастера”). Увогуле, бягучы, юбілейны, год склаўся для нас вельмі ўдала.
– У заканчэнне нашай гутаркі, – дадае Ірына Мікалаеўна, – хачу звярнуць увагу на тое, што Ліда мае багатыя тэатральныя традыцыі, і ў нашых пастановак, у ігры нашых самадзейных акцёраў высокі ўзровень, мы стараемся для сваіх гле-дачоў. Хацелася б, каб зала для гледачоў заўсёды запаўнялася на сто працэнтаў, так, як калі ў Ліду прыязджае прафесійны тэатральны калектыў. Надыходзячы юбілей – гэта свята не толькі сённяшняга складу тэатра, але і ўсіх тых, хто мае дачыненне да творчай дзейнасці калектыву, а гэта як акцёры, так і гледачы. Таму мы запрашаем усіх на свята. Будзем рады новай творчай сустрэчы.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.