На музычным небасхіле Лідчыны запаліліся зоркі!..У гонар двух юбілеяў і славутага земляка
Пад дахам Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа ў апошнія сакавіцкія дні панавала найвышэйшая канцэнтрацыя таленту. Настрою на музычны лад і творчасць спрыяла і атмасфера ўстановы, прызнанай кузні музычных кадраў, і створаны навучэнцамі і выкладчыкамі адпаведны фон. Музычны каледж у чарговы, XXIX па ліку раз, прымаў адкрыты абласны конкурс маладых выканаўцаў на музычных інструментах імя Канстанціна Антонія Горскага.
Конкурс праходзіць у Лідзе, пачынаючы з 1995 года. На працягу амаль трох дзясяткаў гадоў у ім прынялі ўдзел і ўзняліся на чарговыя прыступкі творчай кар'еры больш за тры тысячы маладых музыкаў. Сёлета колькасць канкурсантаў таксама вялікая (адпавядае ўзроўню рэспубліканскага конкурсу – аўт.) – 174 сольных выканаўцы і 15 ансамбляў.
– Адметна, што гэтая творчая імпрэза прымеркавана да 50-годдзя Лідскага музычнага каледжа і адбываецца ў горадзе Лідзе, які таксама святкуе юбілей – 700 год з дня заснавання, – адзначыла дырэктар музычнага каледжа Алена Серакова. – Ліда заўседы славілася сваім цікавым мінулым, багатай культурнай спадчынай і славутымі гістарычнымі асобамі. У іх ліку і ўраджэнец вескі Надрэчча Лідскага павета Канстанцін Горскі. Выканаўца, выкладчык, дырыжор, грамадскі дзеяч, кампазітар, аўтар опер, кантат, камерна-вакальных і камерна-інструментальных твораў ён шмат зрабіў для развіцця музычнай культуры тагачаснай Беларусі, Расіі, Усходняй Еўропы напрыканцы ХІХ-першай чвэрці ХХ ст. Наш творчы форум – даніна памяці славутаму земляку.
“Я добра разумею пачуцці, хваляванні, эмоцыі, настрой ўдзельнікаў конкурсу, таму што 29 год таму таксама ўдзельнічала ў гэтым конкурсе ў намінацыі “цымбалы” як канцэртмайстар, – сказала Алена Віктараўна. – Конкурс тады не меў такога статусу і быў рэгіянальным для навучэнцаў школ Лідскага метадычнага аб’яднання. Я нават памятаю творы, якія мы выконвалі з першымі ўдзельнікамі конкурсу – Марынай Локцевай і Анастасіяй Кудзінай: гэта была сюіта “Золотой ключик” нашага айчыннага аўтара – мэтра Віктара Войціка і традыцыйны канцэрт Вівальдзі ля мінор, а таксама “Адэлаіда” Моцарта і “Бычок”. Час няўмольна крочыць наперад… Я жадаю ўсім юным музыкантам творчага натхнення, цікавых пазнавальных сустрэч і яскравых перамог”.
На працягу двух дзён у цэнтры Ліды няспынна ліліся чароўныя гукі з-пад клавіш баянаў, акардэонаў, струн гітар, цымбалаў, домры, балалайкі – гэта юныя музыканты Гродзеншчыны спаборнічалі ў сваім майстэрстве і даказвалі журы, што менавіта яны дастойныя быць пераможцамі XXIX конкурса імя Канстанціна Горскага. Інструментальнае выканальніцтва на Гродзеншчыне мае даўнія слаўныя традыцыі і юныя музыканты, што выйшлі на сцэну, годна дэманстравалі прафесійную падрыхтоўку, падцвярджалі высокі ўзровень свайго майстэрства.
Да гонару лідчан сярод прызнаных перможцаў было нямала і жыхароў нашага горада і раёна. Так, у намінацыі “Гітара” лаўрэатамі II ступені сталі навучэнкі Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Марыя Рак і Паліна Хіляжава. Лаўрэатамі III ступені – навучэнцы Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Міхаіл Самакар і Андрэй Гараднічы. Граматамі за ўдзел адзначаны Андрэй Вярбіцкі, навучэнец Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, і Мікіта Хіляжаў, навучэнец Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. У намінацыі “Акардэон” дыпламантамі I ступені названы навучэнцы Лідскай дзіячай музычнай школы мастацтваў Іван Макараў і Арцём Янковіч. Лаўрэатам II ступені – Глеб Максімовіч, навучэнец Лідскай дзіцячай школы мастацтваў. Лаўрэатамі III ступені сталі навучэнцы Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Ілля Кічоў і Матвей Вайцяхоўскі, а таксама навучэнец Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Мікіта Статкевіч.
Дастойнае выступленне і ў балалаечнікаў. Дыпламантамі ІІ ступені названы Аляксандр Буйко, навучэнец Цэнтра практыкі Лідскага дзяржаўнага музыкальнага каледжа, і Раман Сцяпура, навучэнец Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Дыпламантам ІІІ ступені стаў Ягор Максімчык, навучэнец Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.
У намінацыі “Баян” дыпламант І ступені – Вадзім Карэва, навучэнец Цэнтра практыкі Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Граматай за ўдзел адзначаны Міхаіл Паліванчук, навучэнец Лідскай дзіцячай школы мастацтваў, Мілена Клімко, навучэнка Дзітвянскай музычнай школы мастацтваў, і Уладзіслаў Пікта, навучэнец Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў. У наміанцыі “Домра” лаўрэатам І ступені стала Ганна Малмыга, навучэнка Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Дыпламантамі ІІ ступені названы Паліна Грынкевіч, навучэнка Дзітвянскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, і Дар’я Пудзіноўская, навучэнка Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Граматай за ўдзел узнагароджаны Даніла Арлавец, навучэнец Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.
Багатая скарбонка ўзнагарод і ў цымбалістаў. Лаўрэатам І ступені сталі дзве навучэнкі Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў – Анастасія Звонік і Валерыя Каранюк. Лаўрэат ІІІ ступені – Анастасія Крыпец, навучэнка Дзітвянскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Граматай за ўдзел узнагароджана Аліса Біруля, навучэнка Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. У намінацыі “Ансамблевае выкананне” Граматай за ўдзел узнагароджаны ансамбль «Гномікі» Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.