Выйшла першая кніга лідскай паэткі Святланы Мельнікавай-Піваваравай

25 Марта 2023 730
У лютым бягучага года ў гродзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшла першая кніга вядомай далёка за межамі Лідчыны паэткі Святланы Мельнікавай-Піваваравай “Люблю… Как много и как мало”. У яе ўвайшлі вершы, напісаныя ў асноўным з 2017 года па цяперашні час. Прэзентацыя кнігі адбылася ў мінулую суботу, напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, у магазіне “Кніжны свет” у рамках літаратурнай гасцёўні “Выход в свет”, дзейнасць якой нядаўна аднавілася пасля трохгадовага перапынку.

Святлана Уладзіміраўна Мельнікава-Піваварава – паэтка, вядомасць якой, як ужо адзначалася, выйшла далёка за межы Лідчыны. Яна з’яўляецца сузаснавальнікам літаратурнай інтэрнэт-суполкі “Чертог поэта”, удзельніцай, фіналісткай і пераможніцай міжнародных літаратурных конкурсаў. Яе вершы друкаваліся ў калектыўных зборніках Беларусі, Расіі, Германіі, Сербіі, Сірыі, перакладаліся на многія мовы свету.

Я расла і выхоўвалася ў творчай сям’і, – расказвае пра сябе і сваю кнігу Святлана Уладзіміраўна. – Мой тата Уладзімір Сяргеевіч быў вядомым беларускім мастаком (на жаль, у мінулым годзе яго не стала), мама Тамара Васільеўна, хоць і хімік па спецыяльнасці, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Я ў свой час вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна, у музычным вучылішчы, тэатральна-мастацкім інстытуце. Доўгі час іграла і спявала ў тэатры эстраднай песні “Ліда-Мюзікл”, была вядучай актрысай Лідскага народнага тэатра. Аднак у сувязі са стратай пеўчага голасу мне прыйшлося пакінуць сцэну. Тэма музыкі, мастацтва праходзіць праз многія мае вершы, але галоўная тэма і маёй творчасці, і маёй першай кнігі – каханне (гэта бачна ўжо з назвы зборніка).

Падчас прэзентацыі Святлана Уладзіміраўна чытала свае лірычныя, узнёслыя, кранальныя, па-жаночаму пяшчотныя вершы з дэбютнай кнігі. Чытанне некаторых вершаў суправаджалася ігрой на скрыпцы кіраўніка народнага ансамбля скрыпачоў “Славяначка” Палаца культуры горада Ліды Аліцыі Казак. Лідскія калегі па паэтычным цэху віншавалі Святлану Мельнікаву-Півавараву з выхадам першай кнігі, адзываліся пра яе не толькі як пра цудоўную паэтку, але і як пра цудоўную гаспадыню, якая пячэ вельмі смачныя пірагі. 

Трэба адзначыць, што гасцямі прэзентацыі былі і паэты з Гродна: старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч, намеснік старшыні Дзмітрый Радзівончык, а таксама сябар СПБ з Астраўца Аляксандр Марозаў. Людміла Антонаўна падчас сустрэчы адзначыла, што яе жыццёвы шлях у нечым падобны на жыццёвы шлях Святланы Уладзіміраўны: яна таксама некалі вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна, затым у музычным вучылішчы. Першая яе кніга, якая выйшла ў 1996 годзе, называецца “Па музычных законах” і прысвечана музыцы. 

Сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі таксама чыталі прысутным свае вершы, знаёмілі са сваімі кнігамі. А яшчэ госці адзначылі, што літаратурныя сустрэчы ў магазіне “Кніжны свет”, ініцыятарам якіх з’яўляецца паэт Руслан Півавараў, муж Святланы Мельнікавай-Піваваравай, у Беларусі маюць аналагі толькі ў Мінску. Яны падзякавалі адміністрацыі кніжнага магазіна за падтрымку ініцыятывы і пажадалі, каб гэтая добрая традыцыя ў Лідзе больш не перарывалася, каб літаратурная гасцёўня “Выход в свет” жыла і ў трэцюю суботу кожнага месяца збірала ў “Кніжным свеце” шмат аматараў кнігі і паэзіі.

У дзень прэзентацыі кожны жадаючы мог набыць кнігу “Люблю… Как много и как мало” з аўтографам яе аўтара. Гэтую кнігу цяпер можна набыць у “Кніжным свеце”: яна знаходзіцца ў продажы на стэлажы аддзела “Аўтарская кніга”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться