Адбылася прэзентацыя кнігі Наталлі Анашкевіч “В калейдоскопе школьных дней”

26 Января 2023 1119

Пра школьнае жыццё, калі яно яркае, насычанае і можа многаму навучыць, можна напісаць цэлую кнігу. І ніхто не напіша такую кнігу лепш за самаго настаўніка. На чарговым пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Суквецце” адбылася прэзентацыя кнігі педагога сярэдняй школы №11, пазаштатнага аўтара “Лідскай газеты” Наталлі Анашкевіч “В калейдоскопе школьных дней”. Кніга, якая ўключае газетныя артыкулы і фотаілюстрацыі, адлюстроўвае актыўную дзейнасць Наталлі Мікалаеўны як класнага кіраўніка. Для іншых класных кіраўнікоў гэтае выданне – практычны дапаможнік, для выпускнікоў 11-й школы – добрая памяць пра школьныя гады, насычаныя яркімі, цікавымі падзеямі: мерапрыемствамі, сустрэчамі, паездкамі, – гады, якія ніколі не паўторацца. Карыснай кніга будзе і для бацькоў школьнікаў як дапаможнік па патрыятычным, маральным, духоўным выхаванні дзяцей.

Сама Наталля Мікалаеўна Анашкевіч вучылася ў Ганчарскай сярэдняй школе, затым на філалагічным факультэце БДУ. У сярэдняй школе №11 працуе з 1999 года і ўвесь гэты час з’яўляецца класным кіраўніком. 

Калі я пачынала свой працоўны шлях у 11-й школе, – успамінае Наталля Мікалаеўна, – тут яшчэ працавала шмат настаўнікаў, якія стаялі ля яе вытокаў. Яны дапамаглі мне палюбіць гэтую школу, назаўжды прыкіпець да яе душой, пранікнуцца яе традыцыямі і багатай гісторыяй. 

Акрамя асноўных прадметаў, рускай мовы і літаратуры, Наталля Анашкевіч вядзе ў школе факультатыўныя заняткі па духоўна-маральным выхаванні вучняў, што ўплывае на яе дзейнасць як класнага кіраўніка і аўтара кніг. 

Выдаць кнігу – справа цяжкая, – прызнаецца настаўніца.У яе аўтара павінен быць ідэйны натхняльнік. Для мяне такім натхняльнікам стала мая аднакурсніца па БДУ, якая цяпер працуе ў смаргонскай раённай газеце “Светлы шлях”. Яна выдала пяць кніг пра вядомых людзей смаргонскага краю – для аднаго аўтара гэта нямала. Натхніўшыся яе прыкладам, я пачала таксама працаваць над уласнымі кнігамі. У 2021 годзе выйшла мая першая кніга “Православные храмы Лидчины: история и современность” – вынік маёй шматгадовай даследчай дзейнасці як кіраўніка адпаведнага факультатыву. Другая мая кніга  –  “В калейдоскопе школьных дней” – выйшла напярэдадні 2023 года. Я працавала над ёй пяць гадоў – менавіта столькі  кіравала класам, у якім вучыліся яе героі. Гэта быў мой ужо чацвёрты па ліку клас. Дарэчы, усе пяць гадоў гэты клас станавіўся пераможцам унутры-школьнага конкурсу “Клас года”. Увесь гэты час клас прызнаваўся найлепшым – пра яго варта было напісаць кнігу! Большасць гэтых дзяцей пасля дзевяці класаў развіталася са школай, але дзякуючы маёй кнізе будзе заўсёды помніць пра яе. 

У ёй змешчана каля 90 газетных артыкулаў пра насычанае падзеямі жыццё класа. Яны былі надрукаваны ў “Лідскай газеце”, абласных і рэспубліканскіх выданнях – жыццё класа было вартае таго, каб пра яго даведаліся многія, каб яно стала прыкладам. У летапісе класа адлюстравана вельмі многае: паездкі па Лідчыне і Беларусі, наведванні Лідскага гісторыка-мастацкага музея, Дома Таўлая, аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, сустрэчы з цікавымі людзьмі, знаёмства з лідскімі прадпрыемствамі, урокі духоўнасці і гістарычнай памяці і інш. Згадваецца ў кнізе і пра асобных сяброў літаб’яднання “Суквецце”. Так, з вучнямі класа года сустракаліся, чыталі ім свае вершы Уладзімір Васько і Людміла Краснадубская. Экскурсаводам па вёсцы Дакудава ў школьнікаў была паэтка, жыхарка гэтай вёскі і знаўца яе гісторыі Ірына Маркевіч. 

Кніга “В калейдоскопе школьных дней” выйшла невялікім тыражом – 35 экзэмпляраў. 25 з іх атрымалі самі героі кнігі – вучні – на добрую памяць пра школьныя гады. Летапіс класа быў падораны школьнай бібліятэцы і Дому Таўлая, а ў дзень прэзентацыі кнігі ў рамках пасяджэння “Суквецця” па адным яе экзэмпляры – бібліятэцы імя Янкі Купалы і рэдакцыі “ЛідаМедыяКампаніі”. Ад абедзвюх устаноў аўтару кнігі Наталлі Анашкевіч былі ўручаны букеты, прагучалі пажаданні далейшай плённай працы, новых адкрыццяў і выдаць яшчэ не адну кнігу.

Текст: Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ, кіраўнік літаб’яднання “Суквецце”Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ, кіраўнік літаб’яднання “Суквецце”
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться