Гаспадыня «Сялянскай хаткі» і скарбы ганчарскага краю

28 Декабря 2022 4925
У “Лідскай газеце” даводзіцца чытаць шмат артыкулаў пра цікавых, адданых сваёй справе і малой радзіме людзей. Можна толькі парадавацца, што такіх на нашай Лідчыне нямала. Яны плённа працуюць і робяць наша жыццё прыгажэйшым, натхняючы іншых на сумленную працу. Мне хочацца расказаць менавіта пра такога чалавека, які аддае свае душу і сэрца працы на карысць людзям і Радзіме. Гэта Алена Рудзінская – кіраўнік этнаграфічнага музея “Сялянская хатка” Ганчарскай сярэдняй школы.

…“Ёсць у Лідскім раёне Гродзенскай вобласці простая, звычайная, але такая мілая і дарагая сэрцу вёска Ганчары”, – такімі словамі пачынае сваё відэазапрашэнне ў этнаграфічны музей “Сялянская хатка” Алена Мікалаеўна (з гэтым відэазапрашэннем можна пазнаёміцца на сайце Ганчарскай школы ў раздзеле ”Этнаграфічны музей”). І сапраўды, вёска Ганчары (а цяпер яна мае статус аграгарадка), здаецца, нічым асаблівым не адметная ў геаграфіі вёсак Лідскага раёна, а тым больш нашай краіны. Але гэта толькі на першы погляд. Калі прайсці па вуліцах, то можна ўбачыць помнік драўлянага дойлідства XVIII ст., храм Пакрова Божай Маці. А калі пагутарыць са старажыламі, краязнаўцамі, то гісторыю краю – багатую і прыгожую – можна пачуць з першых вуснаў.

Кіраўніком музея “Сялянская хатка” Алена Мікалаеўна Рудзінская працуе з 2008 года. З гэтага ж часу яна з вялікай адказнасцю збірае звесткі пра гістарычныя падзеі з першых вуснаў, рэчавыя сведкі далёкіх падзей. Збіранне і захаванне гісторыі краю вельмі захапіла Алену Мікалаеўну. І нездарма: яна ж сама нарадзілася і вырасла на ганчарскай зямлі, скончыла ВНУ і вярнулася працаваць у Ганчарскую  школу. Усё тут для яе роднае, усё сваё, святое. Мабыць, таму яна прыкладае максімум намаганняў для таго, каб музей стаў прыцягальным месцам і для школьнікаў, і для жыхароў вёскі, і для гасцей установы.

Музей – гэта храм мінулага, адлюстраванне цяперашняга, акно ў будучае. Настаўніца па прафесіі стала энтузіястам і прафесіяналам музейнай справы. Яна зрабіла музей месцам, дзе сапраўды злучаюцца мінулае з сучасным, дзе рэчы, зробленыя працавітымі рукамі больш за сто год таму, расказваюць сучаснаму пакаленню дзіўную гісторыю. Больш за 700 сапраўдных музейных прадметаў адлюстроўваюць характар і асаблівасці народнага побыту і народнай культуры ганчарскай зямлі XIX – пачатку XX стагоддзя.

Музей уяўляе сабой хатку з прадметамі сялянскага побыту. Алена Мікалаеўна мае асаблівы талент у арганізацыі інтэр’еру памяшкання, і музей не стаў выключэннем. “Хатка ладная дый гожая, дываны вісяць прыгожыя, гаспадарчыя прылады… Усім гасцям тут будуць рады”, – напісала паэтэса Васіліса Пазнухова, пазнаёміўшыся з “Сялянскай хаткай”.
 
Экспазіцыя дае магчымасць пасядзець за кроснамі, пакруціць кола калаўрота, патрымаць верацяно ці серп, даведацца пра прызначэнне жорнаў, церніцы і кораба, бойкі і бязмена, вілак і лапаты, паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, зазірнуць у бабулін куфар. Наведвальнікі музея знаёмяцца з прадметамі, якія сяляне выкарыстоўвалі ў паўсядзённай працы і якімі штодзень карысталіся ў побыце. Экспазіцыя паказвае, з чаго складаўся інтэр’ер традыцыйнага жылля, як нашы продкі апраналіся, чым займаліся доўгімі зімовымі вечарамі. 

У музеі можна ўбачыць шмат вышытых карцін, заглядзецца на белыя ручнікі з яркім вышытым арнаментам. Да вясковай печы хочацца дакрануцца рукой: здаецца, яна яшчэ дыхае цяплом і вось-вось пачастуе дранікамі ды пухлымі блінамі. Гаршкі, чыгуны, трыножка знаходзяцца на прыпечку. Каля печы размяшчаецца качарэжнік, дзе стаяць вілкі, качарга, хлебная лапата. Каля печы адпачываюць прасніца і калаўрот, падрыхтаваныя да кроснаў маткі нітак. Разасланы рознакаляровыя посцілкі, дзяружкі.

У раздзеле “Сялянскае падвор’е” размешчаны прылады працы, інструменты для апрацоўкі дрэва, конскі рыштунак, прадметы бытавога і гаспадарчага прызначэння. Уражвае, што нашы продкі без спецыяльнай адукацыі так умела выраблялі гэтыя рэчы! 

Экспазіцыя “Наша святыня” прысвечана аднаму з найстаражытнейшых помнікаў драўлянага дойлідства на Лідчыне – Ганчарскай Свята-Пакроўскай царкве, якой сёлета споўнілася 248 гадоў. Цікавая экспазіцыя – “Мінулае і сучаснае Лідскага льнозавода” (зараз Лідскі ўчастак ААТ “Карэлічы-Лён”), які знаходзіцца на тэрыторыі Ганчарскага сельсавета. Ветэранам і дзецям вайны, загінулым падпольшчыкам і партызанам, якія пражывалі на тэрыторыі Ганчарскага сельсавета, прысвечана экспазіцыя “Дарогамі вайны”. У музеі аформлена Дошка памяці воіна-афганца Івана Рахманава, выпускніка Ганчарскай школы, які загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане.

– А  калі знойдзеце на гарышчы напамінак пра даўніну, – звяртаецца да наведвальнікаў музея Алена Мікалаеўна, – не спяшайцеся несці яго на сметнік. Дайце магчымасць жыць гісторыі краю. Часцей азірайцеся ў мінулае, каб адказаць на пытанні:  “Хто я? Адкуль? Дзе мае карані?”

Дарэчы, на працягу бягучага года “Сялянская хатка” прыняла больш за 30 экскурсій. У ёй прайшло 28 мерапрыемстваў, былі арганізаваны некалькі зменных выстаў. На базе музея праводзіліся ўрокі беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і геаграфіі, выяўленчага мастацтва, пазакласныя гадзіны. Музей наведала больш за 1300 чалавек. 

На раённым фестывалі музеяў у чэрвені бягучага года музей Ганчарскай школы атрымаў чатыры дыпломы. Плённая праца Алены Рудзінскай адзначана граматамі і на абласным узроўні.
Але не толькі музейнай працай паспяхова займаецца Алена Мікалаеўна. Яна праводзіць даследчыя работы. Толькі за апошні час ёю было напісана пяць даследчых работ, якія занялі прызавыя месцы: «Ополченский крест, ополченская книжка, фотография» (2-е месца), «Нательные старообрядческие кресты» (1-е месца),  «Энергетика глиняной посуды» (2-е месца), «Газета-летописец» (1-е месца),  «Кукла-казашка» (2-е месца).

Яшчэ пра адно захапленне Алены Мікалаеўны нельга не згадаць. Яна актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Ганчарскага дома культуры. Яе прыгожы голас гучыць на кожным канцэрце. Яе артыстычныя здольнасці праяўляюцца ў шматлікіх мастацкіх пастаноўках. Але пра гэта трэба пісаць асобна… Застаецца толькі захапляцца працай Алены Мікалаеўны і вынікамі, якія служаць на карысць грамадству.

Текст: Валянціна Савонь, бібліятэкар Ганчарскай сярэдняй школыВалянціна Савонь, бібліятэкар Ганчарскай сярэдняй школы
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться