На Лідчыне прайшоў абласны фестываль-свята побытавых танцаў «Танцуем па-даўнейшаму»
Аграгарадок Дзітва ў чарговы раз ператварыўся ў сапраўдную танцавальную сталіцу Гродзенскай вобласці. Фестываль-свята «Танцуем па-даўнейшаму» ўжо восьмы год збірае на сваёй пляцоўцы майстроў народнага танца, тых, хто з любоўю захоўвае і перадае з пакалення ў пакаленне багатыя традыцыі беларускага танцавальнага мастацтва.
На пачатку мерапрыемства ўдзельнікаў і гасцей фестывалю павіншавала са святам начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Вайцюкевіч:
– Калісьці нашы бабулі і дзядулі казалі: хто ў танцы не вядзе, той у жыцці не паспявае. Мы сёння разам з вамі дакажам, што беларуская полька, кадрыля, лявоніха жывуць і будуць жыць, бо гэта нашы карані. Няхай льецца музыка, а ногі самі ідуць у скокі!
Намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч у сваёй прамове падкрэсліла важнасць захавання і развіцця народных танцаў.
Сёлеташні фестываль пабіў рэкорд па колькасці пададзеных заявак – 95 пар. Усе яны прыехалі з розных куткоў Гродзеншчыны і прадэманстравалі сваё майстэрства ў аўтэнтычных мясцовых танцах, змагаючыся ў чатырох узроставых катэгорыях: 7–10 гадоў, 11–17 гадоў, 18–50 гадоў, ад 51 года і больш. Што цікава, самаму малодшаму ўдзельніку было сем гадоў, а самаму старэйшаму – 75. Гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да народнага танца не згасае, а наадварот, расце. А таксама дазваляе захаваць разнастайнасць кожнага рэгіёна, паказваючы багацце беларускай танцавальнай культуры.
На фестывалі гучалі знаёмыя і любімыя мелодыі: «Лявоніха», «Кракавяк», «Кацярынка», «Ойра», «Падыспань», а таксама класічныя полька і вальс. Аднак, як заўсёды, галоўнай падзеяй, якая аб’ядноўвае ўсіх у адным рытме і стварае адчуванне супольнасці, стала выкананне кадрылі. Гэта танец, які патрабуе дакладнасці і адначасова дазваляе праявіць індывідуальнасць.
Прафесійнае журы, якое складалася з экспертаў у галіне народнай харэаграфіі, мела нялёгкую задачу ацаніць майстэрства ўдзельнікаў. Ацэньваліся не толькі тэхніка выканання, дакладнасць рухаў, артыстызм, але і аўтэнтычнасць касцюмаў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай народнага танца.
Удзельніца ўзорнага фальклорнага калектыву «Скарбоначка» Кацярына Бодак прыехала са Шчучынскага раёна прыняць удзел у фестывалі:
– Ужо дзесяць годоў я займаюся ў нашай «Скарбоначцы». Любоў да народных танцаў з пяці гадоў прывіла маці. Асабліва мне падабалася полька. Таму я вырашыла выбраць гэты напрамак і ніколі не пашкадавала.
Кожны год на гэты фестываль прыязджае і танцавальная пара з Карэліцкага раёна Алена Лісоўская і Максім Кудзін:
– У пары мы танцуем каля дзесяці год. Вельмі любім побытавыя танцы, таму старанна рыхтуемся да выступлення. Трэніруемся пасля работы. Нам падабаецца прымаць удзел менавіта ў гэтым фестывалі. Таму што вельмі важна падтрымліваць культуру і побытавыя танцы. Без душы тут ніяк не станцуеш.
Пасля конкурсу адбыўся флэшмоб «Танцуем разам», які аб’яднаў усіх прысутных у адным агульным танцавальным парыве.
Акрамя конкурсных выступленняў, якія заўсёды выклікаюць найбольшую цікавасць, гасцей і гледачоў фестывалю чакалі канцэрты ад вядомых калектываў. Народны гурт «Жывіца» з Квасоўкі, танцавальны калектыў «Спадчына» з Карэлічаў і мясцовы захавальнік традыцый – гурт «Талер» з Ліды – сваімі выступленнямі дадалі святу асаблівага шарму і прафесіяналізму.
На мерапрыемстве таксама была прадстаўлена выстава «Горад майстроў», якая прывабіла аматараў народных рамёстваў. Там можна было ўбачыць і набыць унікальныя вырабы з саломы, паперы, гліны і дрэва. Інтэрактыўная зона з фальклорнымі гульнямі дазволіла ўсім жадаючым акунуцца ў атмасферу мінулых часоў.
Напрыканцы свята лепшыя танцавальныя пары былі адзначаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі.
Фестываль «Танцуем па-даўнейшаму» ў Дзітве ў чарговы раз пацвердзіў сваё значэнне як галоўнай пляцоўкі для развіцця і папулярызацыі беларускага народнага танца на Гродзеншчыне, пакінуўшы ў сэрцах удзельнікаў і гледачоў незабыўныя ўражанні і жаданне вяртацца сюды зноў.






