Унікальныя абрусы, паясы, ручнікі варта ўбачыць на выставе, прысвечанай вёсцы Збляны
01 Декабря 2022
6622
Высокае прызнанне ён атрымаў за рэалізацыю праекта «Ад мінулага да сучаснага», прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік шматнітавога ткацтва Панямоння, і стварэнне калекцый традыцыйнага і сучаснага нацыянальнага адзення. Лідскія майстрыхі сустракаюць гасцей і заўсёды імкнуцца паказаць тое, што ў нас ёсць, чым мы адрозніваемся ад іншых краін – гэта свае культурныя карані, лакальныя асаблівасці. Для іх, як тонкіх знаўцаў этнаграфіі краю, важна, каб і жыхары краіны, і яе госці ўбачылі велізарны патэнцыял нашага рэгіёна, тое багацце, якое мы маем. А маем мы сапраўды шмат. Узяць хаця б унікальную выставу, прысвечаную вёсцы Збляны Лідскага раёна і яе жыхарам.
Так-так, тыя самыя Збляны! Вёсачка, дзе дыхаецца інакш, дзе забываюцца трывогі і мітусня. Сама атмасфера, Нёман, жамчужына лідскага краю – Свята-Пакроўская царква, гасцінныя людзі спрыяюць гэтаму. Але чым прыцягнуў даследчыкаў культурных традыцый продкаў адзін з найпрыгажэйшых сельскіх куткоў нашага краю?
Вытокі
Па меркаванні Таццяны Нікіфаравай, старшага навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея, гісторыя Зблянскай парафіі вядзе адлік з Х стагоддзя. Гэта адлюстравана ў гісторыі будаўніцтва і існавання галоўнага будынка мястэчка Збляны – храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы (занесены ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь). Свята-Пакроўская царква ў розныя перыяды належыла праваслаўнай і грэка-каталіцкай епархіям. У 1757 годзе храм знаходзіўся ў спісе першых уніяцкіх цэркваў Лідчыны, а гэта значыць, што богаслужэнні ў ім праходзілі на беларускай мове. У 1864 годзе ў Зблянах адкрылі народнае вучылішча, якое наведвала каля ста дзяцей. Першая на Лідчыне беларуская школа адкрылася менавіта ў Зблянах (1915–1916 гг.).
З даўніх часоў у вёсцы захаваліся ўстойлівыя традыцыі ткацтва. Нават ў савецкі час, з канца 1960-х да сярэдзіны 1980-х гадоў, калі ўтылітарнай патрэбы ў вырабах ткацтва не было, майстрыхі больш як у сямідзесяці вёсках Лідскага, Шчучынскага, Слонімскага і іншых раёнаў Гродзеншчыны працавалі ў якасці надомніц на Гродзенскай і Слонімскай фабрыках мастацкіх вырабаў. Некаторыя жанчыны аж да пачатку 90-х гадоў ткалі не толькі ручнікі, але і паясы для беларускіх танцавальных калектываў. Як кажуць, пакуль дазваляла здароўе.
Зыходзячы з ілюстрацый палявых даследаванняў вёсак Лідскага раёна 1967-1980-х гадоў даследчыка матэрыяльнай культуры беларусаў М. Раманюка, можна адзначыць высокі мастацкі густ зблянскіх майстрых.
Падзеі культурнага жыцця не абыходзяць і хутар Збляны: у канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў тут быў арганізаваны зблянскі хор, у якім першапачаткова спявала каля шасцідзесяці чалавек. Менавіта гэты хор стаў папярэднікам усіх сучасных фальклорных гуртоў Лідскага раёна. На працягу некалькіх дзясяткаў гадоў калектыў выязджаў з канцэртамі за межы Лідчыны. Распаўся толькі па прычыне натуральнага старэння яго ўдзельнікаў.
– Менавіта сукупнасць знешніх і ўнутраных фактараў, якія ўплывалі на развіццё нацыянальна-бытавых традыцый мястэчка Збляны, і знайшла адлюстраванне ў самабытным народным касцюме яго жыхароў, – падчас экскурсіі па выставе расказвае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Ірына Дыдышка. – А калі гаварыць дакладней, менавіта прырода, геаграфічнае становішча наклалі пэўны прыкметны адбітак на віды гаспадарчай дзейнасці, тыпы жылля і, безумоўна, на адзенне.
Любоў да зямлі
Па прычыне папулярнасці вёскі Збляны і актыўнасці мясцовых жыхароў даследчая дзейнасць па зборы фальклору і інфармацыі па сялянскім касцюме вялася супрацоўнікамі ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» ў мястэчку доўгія гады.
– У пачатку 2000-х гадоў была створана фальклорная група хутара Збляны, якая аб’яднала дзевяць (восем жанчын і аднаго мужчыну – былых удзельнікаў зблянскага хору) чалавек ва ўзросце ад 65 да 82 гадоў, – расказвае Ірына Дыдышка. – Яны самі пашылі сцэнічныя касцюмы, упрыгожаныя характэрнай паліхромнай вышыўкай гладдзю. Жанчыны не толькі спявалі разам, але і займаліся рукадзеллем: вышывалі і ткалі паясы. Гурт запрашалі на практычныя семінары па навучанні побытавым танцам, да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах не толькі Лідскага раёна, але і Гродзенскай вобласці. Вашы калегі-журналісты з цікавасцю назіралі за творчасцю самабытнага калектыву і самых яркіх яго ўдзельніц паасобку.
Галіна Тадэвушаўна Едка, мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта хутара Збляны ў 2001-2015 гг., Ганна Міхайлаўна Майніч і Станіслава Іванаўна Паповіч – удзельніцы першага складу фальклорнага гурта, Соф'я Аляксандраўна Лянцэвіч – удзельніца яго пазнейшага складу (злева направа).
З дапамогай зблянскіх жанчын у 2006 годзе супрацоўнікі лідскай дзяржаўнай установы культуры знялі відэафільм “Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён” аб традыцыйнай ручной апрацоўцы льну. Майстрыхі вельмі дакладна расказалі і паказалі ўвесь старажытны працэс вырабу льняных нітак і ткацтва палатна. Усе дзеянні былі лагічна звязаны з жыццёвымі назіраннямі, песнямі і абрадамі, якія перадало ім старэйшае пакаленне.
Мудрасць і вопыт
Чвэрць стагоддзя зблянскія жанчыны шчыра дзяліліся вопытам у ткацкім рамястве, захавалі фальклор, выявілі свой непаўторны нязменны сцэнічны стыль у адзенні па традыцыях сваёй мясцовасці. Створаны вобраз сцэнічнага касцюма гурта прайшоў невялікую па часе трансфармацыю ад традыцыйнага да сучаснага стылізаванага адзення і варты аналізу спецыялістаў як узор народнага мастацтва Лідскага раёна другой паловы ХХ стагоддзя.
– Галоўная каштоўнасць работы па вывучэнні спадчыны Зблян пачатку ХХ стагоддзя ў тым, што мною і маімі калегамі здзейснена сапраўдная вандроўка ў мінулае не толькі праз этнаграфічную калекцыю хатняга тэкстылю, гарнітуру, прадметаў побыту, але і праз думкі і жыццёвыя лёсы людзей. Жанчыны расказалі нам пра сваю маладосць, працоўныя будні, адпачынак і творчасць. Была выкарыстана рэдкая магчымасць даведацца ад носьбітаў культуры пра традыцыйную выпечку і афармленне святочнага стала, запісаць вершы і песні ад былой фальклорнай групы хутара Збляны.
Сапраўды, фальклор гэтай мясцовасці ажыўляе прадметы, пагружае ў атмасферу таго часу, пранікае ў душу, робіць тое, што называецца сапраўдным цудам, – акрыляе і заварожвае. Так, дзякуючы рэжысёру Наталлі Шчалканогавай запрошаныя на творчую сустрэчу жыхаркі хутара Збляны ацанілі эпізод вяселля, якое ладзілі ў іх мясцовасці па традыцыях першай паловы ХХ стагоддзя. Супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры выступілі ў рэпліках (камлектах) вясельнага і святочнага адзення, створанага па фондах энтаграфіі вёскі і хутара Збляны, праігралі песенны і вусны рэпертуар, абрадавыя дзеянні, адноўленыя паводле слоў мясцовых жыхарак і літаратурных крыніц. Пасля прагляду жанчыны дапоўнілі дзеянні і этыкет паводзінаў на вясельным свяце па ўспамінах сваёй маладосці.
– Вялікі дзякуй Станіславе Іванаўне Паповіч, Ганне Міхайлаўне Майніч, Галіне Тадэвушаўне Едка (мастацкаму кіраўніку фальклорнага гурта хутара Збляны), Соф'і Аляксандраўне Лянцэвіч і тым людзям, хто іх суправаджаў. Пра кожную з гэтых унікальных жанчын хацелася б расказаць падрабязней у наступных выпусках “Лідскай газеты”, бо дзякуючы гэтым жанчынам папоўнена скарбонка звестак пра лакальныя абрадавыя традыцыі на Лідчыне, – у канцы размовы зазначыла Ірына Дыдышка. – А яшчэ хочацца звярнуцца да жыхароў нашага раёна, каб яны пры магчымасці пабачылі нашу выставу, а калі ёсць жаданне, то і расказалі пра свіх продкаў – носьбітаў цікавага этнаграфічнага матэрыялу. Бо толькі людзям з глыбокімі этнічнымі каранямі наканавана захаваць вопыт пакаленняў і любоў да сваёй зямлі. А такіх людзей на лідскай зямлі яшчэ шмат.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.