Апладысменты для аркестра! Ад Іспаніі да Балгарыі – уся Еўропа і не толькі апладзіравала яму стоячы і выклікала на біс!

26 Октября 2022 2903
У Ліду калектыў вяртаўся з важкім багажом узнагарод і морам эмоцый, а патрабавальнаму еўрапейскаму слухачу пакідаў уражанні ад сустрэчы з прыгожай і непаўторнай музычнай культурай нашай краіны. Ну а зараз самы тытулаваны калектыў Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа – “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” народны аркестр рускіх народных інструментаў – пацвярджае ганаровае званне “заслужаны”. 

Зоркі оперы пад акампанемент лідскага аркестра

 У кабінеце мастацкага кіраўніка Алены Сечка не хапае месца для дыпломаў і кубкаў. На сценах размешчаны толькі самыя значныя. Алена Эдуардаўна ведае гісторыю кожнай узнагароды: «Вось гэта мы прывезлі з Бельгіі, гэта – з Францыі, а гэта – з Італіі». 

 Заслужаны калектыў бярэ вытокі ў 1973 годзе з Лідскага музычнага вучылішча. Першым мастацкім кіраўніком і дырыжорам яго стаў Мікалай Мякшыла. Пад яго кіраўніцтвам аркестр прыняў удзел у першых рэспубліканскіх конкурсах і атрымаў першыя перамогі. Гісторыя калектыву працягвалася пад кіраўніцтвам Аляксандра Патапейкі. Пры ім, у 1996 годзе, калектыў атрымаў званне “народны”. Той перыяд пазначаны маштабнай канцэртнай дзейнасцю. Самым значным з іх стаў канцэрт з салістамі Вялікага тэатра оперы і балета. На лідскай сцэне зоркі оперы спявалі пад акампанемент лідскага аркестра.

 Зорны час

 З 2006 года калектывам стала кіраваць Алена Сечка. “Перш за ўсё імкнулася захаваць традыцыі”, – адзначае Алена Эдуардаўна. Адначасова для аркестра пачаўся новы этап творчага жыцця, яго зорны час. Пачынаючы з 2011 года, аркестр стаў актыўна гастраляваць і ўдзельнічаць у міжнародных фестывалях і конкурсах. Першым сур’ёзным еўрапеўскім выпрабаваннем стаў міжнародны музычны фестываль моладзі  ў французскім г. Бельфоры. 

 – Гэта было сур’ёзнае спаборніцтва: калектывы выступалі на 18 пляцоўках, прадстаўлялі разнажанравыя праграмы, імкнуліся падкрэсліць асаблівасці культуры сваіх краін, – адзначае Алена Сечка. 
 Аркестр з Ліды стаў фіналістам, і гэты поспех даў старт новым перамогам: так, у яго скарбонцы з’явіліся дыплом лаўрэата I ступені міжнароднага конкурсу “Citta di Lanciano” (г. Ланчана, Італія, 2012 г.), дыплом абсалютнага чэмпіёна World Grand Prix “Залаты Арфей” і дыплом лаўрэата міжнароднага чэмпіянату па фальклоры “World Folk 2013” (г. Несебр, Балгарыя, 2013 г.), Гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу “Марафон талентаў у Еўропе” (г. Ларэт дэ Мар, Іспанія, 2014 г.), Гран-пры Еўрапейскага музычнага фестывалю-конкурсу моладзі (г. Неерпельт, Бельгія, 2015 г.), дыплом I ступені міжнароднага конкурсу “Прэмія Ланчана” (г. Ланчана, Італія, 2017 г.), дыплом фiналiста міжнароднага дзіцячага фальклорнага фестывалю “Охрыдская жамчужына” (г. Охрыд, Македонія, 2018 г.), Гран-пры міжнароднага Каляднага фэсту (г. Браціслава, Славакія, 2018 г.), дыплом лаўрэата I ступені міжнароднага фестывалю-конкурсу аркестраў (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя, 2019 г.), Гран-пры міжнароднага анлайн-фестывалю-конкурсу “Paints of the Spanish sun” (г. Барселона, Іспанія, 2020 г.), Залаты дыплом міжнароднага фальклорнага конкурсу “Worldfolk 2021” (Балгарыя, 2021 г.) і інш. 

 Пералік перамог можна весці доўга – успамінаць і ганарыцца ёсць чым. Напрыклад, у бельгійскім Неерпельце лідскі аркестр рускіх народных інструментаў заваяваў Гран-пры і выступаў на закрыцці фестывалю. Білеты на яго каштавалі па 50 еўра, аднак у канцэртнай зале, дзе адбывалася падзея, не было дзе яблыку ўпасці. Наш калектыў некалькі разоў выклікалі на біс.

 У 2017 годзе аркестр атрымаў званне “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. А ў 2018-м аркестр быў удастоены Гранта Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі на падрыхтоўку ўдзельнікаў рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў. Дзякуючы гэтаму ажыццявіў яшчэ дзве паспяховыя паездкі – у Македонію і Венгрыю.

 Тое, што Ліда загучала на лепшых музычных пляцоўках і праз музычнае мастацтва пра Беларусь даведалася ўся Еўропа, стала магчыма і дзякуючы штогадовай фінансавай падтрымцы аркестра мецэнатам – ААТ “Лідскае піва”. 

 Строгі акадэмізм і віртуознае майстэрства

 І сёння аркестр, які прайшоў шлях ад сціплага па сваіх магчымасцях творчага аб’яднання з традыцыямі народнага музіцыравання да высокатэхналагічнага калектыву з характэрным строгім акадэмізмам у спалучэнні з віртуозным майстэрствам, не спыняецца ў сваім развіцці. Як вынік – неабмежаваныя магчымасці для выканання кампазіцый самых розных стыляў, жанраў, эпох і творчых напрамкаў!

 Рэпертуар аркестра вельмі багаты і разнастайны. Значная частка яго складаецца з твораў беларускіх аўтараў (Г. Ермачэнкаў, Я. Глебаў, В. Малых, І. Лучанок і інш.) і рускіх кампазітараў (Г. Свірыдаў, А. Цыганкоў, М. Блантэр, В. Гарадоўская, П. Чайкоўскі). Шырока прадстаўлены і музычныя кампазіцыі заходнееўрапейскіх кампазітараў-класікаў (Дж. Вэрдзі, Т. Альбіноні, Л. Ардзіці, Р. Вагнэр, Э. Грыг, Ж. Маснэ і інш.).

 Хто ж яны, лідскія творцы вялікага і прыгожага?

 У склад калектыву ўваходзяць навучэнцы, выкладчыкі і канцэртмайстры каледжа і дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Гэта 45 чалавек ва ўзросце ад 15 да 66 гадоў. У інструментальным складзе – балалайкі, домры, баяны, флейта, цымбалы, група ўдарных і нават званы, якія выкарыстоўваюцца пры выкананні фальклорных твораў. 

 – Сама я ў 1982 годзе прыйшла ў каледж і адразу трапіла ў аркестр. З невялікімі перапынкамі выступала ў ім да 2006 года, калі ўзначаліла калектыў, – гаворыць Алена Сечка. – Найбольш складаная частка працы заключаецца ў тым, каб дамагчыся арганічнай зладжанасці і ўзаемаразумення ўсіх музыкантаў. Уявіце, больш за сорак абсалютна розных людзей імкнуцца быць адзіным арганізмам, які пры гэтым выконвае музычны твор. Да таго ж кожны год ад нас сыходзяць выпускнікі і прыходзяць першакурснікі – калектыў жа навучальны. З навічкамі ўсё пачынаем спачатку. 

 Такім чынам, большасць удзельнікаў пачынае выступаць у аркестры яшчэ будучы навучэнцамі, працягвае – ужо выкладчыкамі. Сярод іх – Алена Цалко, Святлана Шпакоўская, Юрый Пуйдак, Кацярына Рудая, Анастасія Жарнак і інш. 

 Кацярына Рудая – выпускніца Алены Эдуардаўны па класе домры. Скончыла акадэмію музыкі і вярнулася ў Лідскі музычны каледж працаваць выкладчыкам і канцэртмайстрам аркестра. Анастасія Жарнак скончыла Лідскі музычны каледж і ўніверсітэт культуры і мастацтваў. У 2019 годзе прыйшла ў каледж працаваць: зараз сумяшчае працу загадчыка лабараторыі і канцэртмайстра аркестра. Сямён Шах – чацвёртакурснік і стараста ў аркестры. У планах маладога чалавека – паступіць ў дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і вярнуцца працаваць у Лідскі музычны каледж. Ну і, вядома ж, у аркестр, які для многіх стаў не проста школай выканальніцкага майстэрства, але і сям’ёй, калектывам сяброў, аднадумцаў, творцаў. Дарэчы, у ліку выпускнікоў аркестра рускіх народных інструментаў і наш знакаміты зямляк, пераможца “Х-фактар. Беларусь”  Андрэй Панісаў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться