Вельмі цэніць лён Лідскі раён!
Лён у Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, нават параўноўвалі яе з золатам. Кветка льну ўпрыгожвае Дзяржаўны герб нашай краіны. Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам цнатлівасці і маральнай чысціні, таму дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу.
Дарэчы: у старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў.
Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а ў Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. У Ганчарскім доме культуры створана творчая майстэрня “Калі да лёну з паклонам – добра аддзячыць лён”, якую могуць наведаць усе жадаючыя і ўбачыць увесь працэс ручной апрацоўкі лёну на свае вочы.
На тэрыторыі Ганчарскага сельсавета працуе вытворчы ўчастак “Ліда” ААТ “Карэлічы-лён” (раней – Лідскі льнозавод), які вырошчвае і перапрацоўвае лён. Там сёння наладжана вытворчасть льновалакна і льнасемя, упаковачнай вяроўкі і шпагата, паліўных брыкетаў і макухі. Дарэчы, узоры прадукцыі можна было ўбачыць на выставе.
Таму і сустрэліся ў мінулую суботу тыя, хто на Лідчыне звязаны з ільном, у Ганчарскім доме культуры, каб выказаць словы падзякі тым, хто неабыякава ставіцца да сваёй прафесіі, хто дбае пра дзень сённяшні і дзень заўтрашні…
Першым з прывітальным словам да гледачоў звярнуўся старшыня Ганчарскага сельвыканкама Валерый Калодка. За ім на сцэну выйшаў Віктар Сінкевіч, кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Беліца-Агра”, які выказаў словы падзякі за цяжкую працу Марыі Яфрэмаўне Шут і Кацярыне Аляксандраўне Казак і ўручыў ім падарункі.
Дарэчы, пасля мерапрыемства давялося крыху пагутарыць з Марыяй Яфрэмаўнай. Аказалася, што нарадзілася яна ў 1927 годзе ў Расіі (Смаленскай вобласці). Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны пераехала жыць у Беларусь. Неўзабаве даведалася, што набіраюць жанчын на курсы трактарыстак. Вырашыла запісацца. Пасля іх заканчэння стала першай жанчынай-трактарысткай у Лідскім раёне і дванаццаць гадоў працавала ў калгасе на трактары.
– Раней трактары заводзілі спецыяльнай ручкай. Для жанчыны гэта было цяжка. Калі-нікалі прасіла каго з мужчын дапамагчы. Цяжка было працаваць. Гэта сёння трактарысты амаль як на аўтамабілі едуць. Не параўнаць, – падзялілася ўспамінамі мая суразмоўніца.
А Ганна Булай, загадчыца Ганчарскага дома культуры, паведаміла, што Марыя Яфрэмаўна доўгі час працавала ў калгасе і на перапрацоўцы лёну. Потым, калі ў ДК рабілі майстэрню, навучыла супрацоўнікаў усім азам ручной апрацоўкі беларускага золата. Расказала ім шмат цікавага і паказала даўно забытыя ў час развітай тэхнікі прыёмы.
За кіраўніком гаспадаркі на сцэну быў запрошаны Андрэй Павачка, начальнік вытворчага ўчастка “Ліда” ААТ “Карэлічы-лён”, які заўважыў, што вырошчванне і перапрацоўка льну заўсёды былі цяжкай працай. Нягледзячы на тое што сёння шмат у чым дапамагае тэхніка, работа людзей застаецца няпростай. Таму ён выказаў словы падзякі ўсім, хто звязаў сваё працоўнае жыццё з ільном, а таксама ўручыў падарункі супрацоўніцам завода, якія шмат гадоў свайго жыцця аддалі прадпрыемству: Марыі Мітукевіч, Тамары Рэшатавай, Яніне Генец, Галіне Караньковай, Тамары Мурынай, Любові Блытавай.
Між іншым, у той дзень не застаўся без падарункаў, віншаванняў і слоў падзякі сам Андрэй Уладзіміравіч, які якраз адзначаў свой дзень нараджэння. Асабліва пранікнёныя словы гучалі з вуснаў Ганны Булай, загадчыцы Ганчарскага дома культуры, якая адзначыла зацікаўленасць імянінніка ў захаванні народных звычаяў, абрадаў і нацыянальнай спадчыны.
Іскрынкай мерапрыемства стала дэфіле ў строях, пашытых з лёну, якое прадэманстравалі ўдзельніцы тэатра “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Незвычайны падыход да ўжывання льняной тканіны – яна нібы аздабляла базавыя прадметы гардэробу – знайшоў водгук у гледачоў, якія вельмі эмацыянальна сустракалі кожную мадэль. Ідэйным натхняльнікам, мастаком і стваральнікам калекцыі стала Святлана Чайко.
Трэба адзначыць, што нават такія невялічкія, лакальныя мерапрыемствы – гэта заўсёды сімбіёз шматлікіх творчых калектываў Лідчыны. Так было і ў гэты раз. На ўваходзе ў Дом культуры гасцей сустракалі з бульбай ды кісялём і майстар-класам па вырабе лялькі-абярэга з ільну гаспадары свята, смачнымі зёлкавымі чаямі частавалі іх калегі з Ваверкі. Таксама на працягу мерапрыемства стваралі добры настрой гледачам салістка Ганчарскага ДК Алена Рудзінская, удзельнікі ансамбля танца “Забавушка”, фальклорнага гурта “Талер” (аддзела рамёстваў) і народнага ансамбля народнай музыкі “Гудскі гармонік”. І, як заўсёды, знайшлі водгук у сэрцах тых, дзеля каго працуюць, – сваіх гледачоў.
Хай жа расце на беларускай зямлі, радуе блакітным цвіценнем улетку, апранае, корміць і сагравае нас у любую пару малодшы брат Хлеба – Лён!