Фестываль напояў «Глыток гісторыі з Брахоцкім» адбыўся ў Мажэйкаве

19 Сентября 2022 7504

Захаванне гістарычнай спадчыны – адзін з напрамкаў, якому ў нашай краіне надаюць асаблівую ўвагу. 

Прычым размова ідзе не толькі пра фізічнае захаванне пабудоў або рэчаў, але і пра нематэрыяльныя каштоўнасці (абрады, традыцыі, кулінарныя рэцэпты і іншае). Самае трывалае іх захоўванне – у сэрцах і думках людскіх. Толькі для гэтага ім (людзям) патрэбна паказаць і расказаць пра наш нацыянальны матэрыяльны і нематэрыяльны скарб. І вось гэта – у руках нашых работнікаў культуры, якія арганізуюць тэматычныя мерапрыемствы ў знакавых кутках нашага краю. Адно з іх, фестываль напояў, адбылося ў мінулую нядзелю ў Мажэйкаве. Мерапрыемства праходзіла ўпершыню і мела назву “Глыток гісторыі з Брахоцкім”.



Аграгарадок Мажэйкава вядомы ў рэгіёне часткова захаваным помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры XIX стагоддзя. Палац пабудаваны ў 1880 годзе ў стылі позняга класіцызму. Да нашых дзён захаваліся некалькі пабудоў былой сядзібы рознай ступені захаванасці: флігель, дом чэлядзі, стайня, маслабойня -- і рэшткі парку. Сядзіба ўключана ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь рэгіянальнага значэння.

На мяжы XVIII і XIX стагоддзяў маёнтак Мажэйкава, вядомы з пачатку XVI стагоддзя, быў набыты родам Кастравіцкіх, якія пабудавалі тут сядзібу. Казіміра, дачка Рамуальда Кастравіцкага, выйшла замуж за Аляксандра Брахоцкага і атрымала маёнтак у пасаг. Аляксандр Брахоцкі працягваў яго будаўніцтва і добраўпарадкаванне. Канчатковы выгляд сядзіба прыняла ў 1908 — 1910 гадах. Апошнім яе гаспадаром быў народжаны тут у 1895 годзе Андрэй Брахоцкі — унук Аляксандра.



Мажэйкава сустракала гасцей мілагучным боем мясцовага Біг-Бэна – гадзіннікам, які пасля нейкага часу адсутнасці вярнуўся на сваё месца – вежу на адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства. Пасля бою пэўнай гадзіны пачулася мелодыя вядомай песні, якую некалі выконвалі “Песняры” – “Александрына”. Аказалася, такі падарунак зрабіў аднавяскоўцам кіраўнік ЛРСУП “Мажэйкава” Тадэвуш Рахатка.

Тадэвуш Уладзіслававіч распавёў, што ў 6.00 і 21.00 пасля бою гадзінніка гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь, у іншыя гадзіны – мелодыі вядомых песень пра нашу краіну.



Тым часам на плошчы перад будынкам былога палаца (зараз там размешчаны сельвыканкам і бібліятэка) разгарнулася свята. На сталах – напоі рознай моцы: кісялі, зёлкавая гарбата, збіцень (глінтвейн на беларускі лад), наліўкі, вішнёўка, пяршак, жывіца, медавуха… Галава ішла кругам толькі ад назваў, што казаць пра тых, хто пакаштаваў штосьці з прапанаванага!

Пакуль знаёмілася з гаспадарамі запаветных штофаў і глячыкаў, пачула, як адна жанчына ў захапленні дзялілся ўражаннямі: “Вы толькі паспрабуйце кісель з гарбуза! Гэта так смачна! Я наогул гарбуз не ўспрымаю, як страву, а тут – такая смаката!”. Вядома, што самая лепшая рэклама – АБС (адна баба сказала). Таму я ўпэўненым крокам рушыла да стала з кісялямі, дзе і пачаставалася тым самым напоем з гарбуза. Аказалася – сапраўды смачна! Ну, як тут было не спытацца для вас, шаноўныя чытачы, пра рэцэпт? Ім з задавальненнем падзялілася з намі Таццяна Рубава, кіраўнік Дварышчанскага дома культуры.



Кісель з гарбуза

Абіраем з гарбуза лупінне, выбіраем сярэдзіну. Прыгожыя жоўтыя “сценкі”, якія засталіся, наразаем на дробныя кубікі. Засыпаем іх у каструльку і заліваем вадой (у прапорцыі 1:2). Варым хвілін дваццаць. Затым дадаем нацертую цэдру аднаго лімона, і варым яшчэ хвілін дзесяць. Потым усё гэта добра пераціраем або блэндарам, або праз сіта. Затым – працэджваем, каб пазбавіцца ад мякаці. У атрыманую сумесь дадаем сок таго самага лімона, з якога бралі цэдру. Цукар дабаўляем на смак. Ставім ізноў на агонь.

Тым часам дзве сталовыя лыжкі бульбянога крухмалу добра размешваем з паловай шклянкі вады. І паступова, памешваючы, уліваем у гарбузовы адвар. Кіпяціць з паўхвіліны.

Ахалоджваем і спрабуем. Смачна есці!



Тым часам на імправізаванай сцэне працягвалася канцэртная праграма, у якой шчыравалі артысты Лідскага раённага цэнтра народнай творчасці і яго філіялаў -- вясковых дамоў культуры (між іншым, тэматычныя сталы з напоямі – таксама іх рук справа). Мажэйкаўская “Каханачка”, Бердаўскі дуэт Парфенчыкаў “Мы з вёсачкі – калыскі”, “Ганчарскія суседачкі” і іншыя акунулі гледачоў у вадаварот народнай музыкі, песні і жартаў. А артысты гурта “Талер” правялі яшчэ і майстар-клас па беларускіх танцах, закружыўшы ўдзельнікаў у карагодзе незамыславатых па… Пакуль гледачы адпачывалі ад хуткіх танцаў, да іх звярнуўся Аляксей Гайко, выконваючы абавязкі старшыні Мажэйкаўскага сельвыканкама. У сваёй прамове Аляксей Лявонцьевіч запэўніў землякоў, што такія святы будуць ладзіць і надалей, бо захаванне нашай культурнай спадчыны застаецца ў прыярытэце ўлады. Завяршалі канцэртную праграму салісткі Лідскага эстраднага аркестра Вольга Паўлюкевіч і Наталля Маркоўская.

Словам, чым заняць сябе на фестывалі, знайшлі і дарослыя і дзеці. Але ўражанні і аповед пра сябе аднаго з гасцей свята лічу проста неабходным прывесці для нашых чытачоў. І так, знаёмімся: Аляксандар Пассарар. Нарадзіўся ў Чачні. З 1997 года жыў у Ізраілі. У 2010-х гадах прыехаў у Беларусь і… палюбіў нашу краіну так, што ў 2014 годзе набыў сабе ў Мажэйкаве хату, дзе, па большай частцы, і пражывае.

-- Чым Вас так прывабіла Беларусь?, -- пытаюся.

-- Я магу сказаць, што добразычлівыя людзі, прыгожая прырода, але гэта не будзе дакладным адказам. Асноўная прычына ляжыць недзе на падсвядомасці… Гэта нельга патлумачыць словамі… Беларусь – гэта як стан душы, які адпавядае майму ўспрыманню жыцця.

-- У некаторых беларусаў ёсць стэрэатып, што недзе за мяжой, у прыватнасці і ў Ізраілі, лепш…

-- Так, многія туды едуць, але нямногія застаюцца. Спецыфічная краіна, не для ўсіх… Шмат хто вяртаецца назад. Між іншым, даволі шмат людзей, маіх знаёмых, набылі тут, у Лідскім раёне, сабе хаты і з задавальненнем прыязджаюць сюды пажыць пэўны час.

-- А як Вам сённяшнее свята?

-- Вельмі спадабалася! Усё так весела, цікава, арганічна…

Між тым фестываль падышоў да завяршэння. Гледачы і ўдзельнікі няспешна разыходзіліся па сваіх справах, а ўслед ім з мясцовага гадзінніка чулася мелодыя вядомай песні: “Молодость моя – Белоруссия…”.















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться