«Тарноўскі цуд». Як прайшло свята яблыкаў у Лідскім раёне
У мінулыя выхадныя ў Тарнова адбыўся цуд. Не, вада ў віно не перетварылася, але смачным свежым яблычным сокам з мякаццю, іншымі напоямі і прысмакамі з яблыкаў можна было пачаставацца на святочным мерапрыемстве, якое і было ім прысвечана.
Тарнова здаўна славіцца сваімі садамі. Праўда, сёння там вырошчваюць не толькі яблыкі, але і грушы, і іншую садавіну. Таму, выбіраючы назву брэндавага мерапрыемcтва, работнікі культуры спыніліся на бяспройгрышным варыянце – “Яблычным фэсце”.
У гэты дзень цэнтральная плошча аграгарадка прываблівала гасцей разнастайнымі атракцыёнамі, музыкай і гумарыстычнымі фотазонамі.
Супрацоўнікі Тарноўскага дома культуры пастараліся на славу: песні, танцы, конкурсы, забавы не давалі гледачам сумаваць ніводнай хвіліны! Дарэчы, на сцэне выступалі не толькі прафесіяналы (гурт “Славянскі сувенір”), але і аматары: дарослыя і дзеці. Напрыклад, у работніцы паштовага аддзялення Галіны Будзевіч адбыўся дэбют. І вельмі ўдалы, што пацвердзіў букет ад паклонніка. На свята таксама завітала вакальная группа Ходараўскага дома культуры. Сапраўды, праграма была пастаўлена настолькі арганічна, што хапіла ўражанняў, як кажуць, і малым і старым!
Пасля аднаго з хуткіх танцаў, калі ногі патрабавалі адпачынку, удзельнікам прапанавалі інфармацыйную хвілінку, у час якой паведамілі, што каля чвэрці яблыка складае паветра, якое не дазваляе яму тануць у вадзе. А яшчэ аказалася, што ў Карэі, каб папрасіць прабачэння, дастаткова проста падараваць… яблык. Бо ў іх мове словы “яблык” і “даруй” гучаць аднолькава.
Нельга было прайсці міма накрытых сталоў ад тарноўскіх гаспадынь. Да іх з аднолькавым прыцягненнем вабіла не толькі вос, але і людзей, ад малога да вялікага. Сокі і напоі ад Ванды Рудзінскай, шыкоўныя торты і пірагі ад Таццяны Яцэнцюк, печаныя яблыкі ад Таццяны Круглай і самыя разнастайныя стравы з яблыкамі (шарлотка, арэшкі, аладкі, яблыкі ў кляры – усё нават не запомніш!) ад Ірыны Багуцкай. Дарэчы, Ірына падзялілася з нашымі чытачамі рэцэптам яблыкаў у кляры – самая пара іх гатаваць!
Падчас свята атрымалася перамовіцца на пару слоў з некаторымі гледачамі.
Вікторыя Вагапава разам з дачушкамі Кацярынай і Палінай прыехалі з Ліды, каб падтрымаць сваю маму і бабулю, у якой у той дзень быў вакальны дэбют (трохі вышэй расказвала пра гэта). У канцэртнай праграме выступала і сястра Вікторыі – Аляксандра. Па рэакцыі публікі было зразумела, што ў тых усё атрымалася. І вялікая доля іх поспеху – шчырая падтрымка самых родных людзей.
Таццяна Яцэнцюк распавяла, што гатаваць любіць з дзяцінства, але мама ў свой час не адпусціла яе вучыцца на повара – далёка трэба было ехаць. Але свайго захаплення яна не кідае: працуе памочнікам повара ў дзіцячым садку і радуе сваіх блізкіх і знаёмых смачнымі і прыгожымі стравамі, што тут жа паспяшаліся пацвердзіць яе ўнукі і муж Рыгор, наперабой пералічваючы любімыя аўтарскія прысмакі бабулі і жонкі.
Алена Штурма і Надзея Круглая падзяліліся, што сёлета пойдуць у дзясяты клас. Куды будуць паступаць, пакуль не вызначыліся – яшчэ два гады наперадзе. Але любяць займацца фізкультурай, чытаць пазнавальную і класічную літаратуру. А лета выкарысталі для добрага адпачынку і стасункаў з сябрамі – тым больш, што надвор’е спрыяла.
Тым часам свята прыйшло да завяршэння. Удзельнікі і гледачы не спяшаліся разыходзіцца, дзелячыся ўражаннямі і атрымліваючы асалоду ад шчырай, няспешнай гутаркі з аднавяскоўцамі…
Яблыкі ў кляры ад Ірыны Багуцкай.
На тры яблыкі (любога сорта, які больш падабаецца) робім кляр: шклянку кефіру, па дзве сталовыя лыжкі смятаны і цукру, тры яйкі, адну чайную лыжачку разрыхляльніка, сто шэсцьдзясят грамаў мукі перамяшаць, каб цеста (кляр) атрымалася такой гушчыні, як на аладкі. Дадаць нарэзаныя дробненькімі кубікамі яблыкі. Яшчэ раз перамяшаць. Смажыць на алеі.
Дарэчы, колькасць цукру можна памяншаць або павялічваць – на свой смак; і мукі можа пайсці больш ці менш – трэба глядзець, каб цеста не было вельмі вадкім, найлепей – гушчыні тлустай смятаны.