Што такое чапяла і чаму бот лапцю не таварыш? Жыхарка Ліды знайшла ў бацькоўскай хаце цікавыя старыя прадметы і прынесла іх у музей

20 Июня 2022 2733

Здавалася б, музейны пакой, у якім знайшлося месца і для яе рарытэтаў, невялікі. Але ён змяшчае ўжо больш за сотню экспанатаў. Прадметы вясковага побыту знаходзяцца тут усюды. Усе яны – арыгіналы, якім шмат гадоў. Антуражу дадаюць ручнікі і адзенне сялян мінулага стагоддзя. І цяпер, як гаворыцца, у іх шэрагах папаўненне.

Хатняя вытворчасць, але якая!

Сярод экспанатаў лідчанкі Зінаіды Рамановіч, знойдзеных у бацькоўскай хаце ў в. Масявічы Ганчарскага сельсавета, прадметы хоць і старыя, але для вёскі не рэдкія. Напрыклад, чапяла яшчэ ў нядаўнім мінулым была ў кожнай хаце. Цікавы факт: лічылася, што калі гаспадыня будзе варушыць чапялой дровы ў печы, то ў хаце завядуцца мышы. Смех, ды і толькі, але ў прыкметы верылі.

– Праз гэтыя прадметы я адчуваю сувязь часоў. Пагляджу на граблі, вілкі, іншыя прадметы, зробленыя рукамі дзядулі, бацькі, – і на душы адразу становіцца цёпла, – кажа Зінаіда Дзмітрыеўна. – Раней без усіх гэтых прадметаў не мог будавацца ўклад сям’і. А потым, калі прыйшоў час, усе яны, у лепшым выпадку, адпраўляліся на гарышча, а часцей проста выкідваліся і спальваліся. Я ж усе гэтыя рэчы захавала. А аднойчы трапіла ў наш гарадскі музей і пазнаёмілася з этнаграфічнай гасцёўняй “Час. Традыцыі. Вобразы”. Тады я падумала: што заўтра будзе, не ведаю. Чаму б усё, што так дорага сэрцу, не перадаць у музей? І лідскія школьнікі, і госці нашага прыгожага горада будуць ведаць, якімі майстрамі і працавітымі людзьмі былі жыхары лідскага краю.

Дарэчы, некаторыя падораныя жыхаркай горада прадметы супрацоўнікі музея адносяць да даўбёжнага рамяства – аднаго з самых старажытных сярод дрэваапрацоўчых рамёстваў. Цясло, разец, пешня, скобла, сякера, долата, стамеска дазвалялі зрабіць вулей, кадоўб для зерня, ночвы (начоўкі) для мыцця бялізны, шуфель для правейвання зерня і іншае. Звычайна іх выраблялі ў вялікай колькасці сяляне, якія не валодалі навыкамі дрэваапрацоўкі. Таму даўбёжнае рамяство практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і насіла характар хатняй вытворчасці.

– Для вырабу выдзеўбаных прылад выкарыстоўвалі звычайна мяккаслойныя і падатлівыя пароды драўніны: ліпу, вольху, асіну, – заўважыла нам навуковы супрацоўнік музея Ірэна Клімовіч. – Чаўны і ступы рабілі з дубу, хвоі. У залежнасці ад функцыянальнага прызначэння вырабу майстры ўлічвалі трываласць драўніны, яе арганахімічныя і іншыя ўласцівасці. Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на іх знешні выгляд. Відаць, гэтым рамяством і валодаў дзед Зінаіды Дзмітрыеўны, калі зрабіў такі ўнікальны шуфель. Дарэчы, драўляныя шуфлі ў фондах музея ёсць, але шуфель такога памеру мы яшчэ не трымалі ў руках. Што магу сказаць? Вельмі цяжкі!

Лапці на ўсе выпадкі жыцця

«Бот лапцю не таварыш». Нават сёння можна пачуць гэтае трапнае выказванне, прыдуманае нашымі кемлівымі продкамі. І праўда, хіба маглі лапці параўнацца са скураным абуткам, часам аздобленым узорамі? Боты, боцікі на шнуровачках, чаравікі былі паказчыкамі сацыяльнага статусу ўладальніка. Але скураны абутак каштаваў дорага, таму калі і пашчасціла яго купіць, то карысталіся ім толькі пры выхадзе ў людзі: на свята, на кірмаш, у храм. А так хадзілі ў лапцях. Дарэчы, менавіта лапаць і тры скруткі сыравіны, з якой рабілі гэты абутак, музею таксама падаравала Зінаіда Дзмітрыеўна. Яго жанчына знайшла на гарышчы ў хаце свайго дзеда ў той жа вёсачцы Масявічы.

– Лапці хутка псаваліся, а калі траплялі ў ваду, то раскісалі, іх хутка зношвалі, – расказвае жанчына. – Вось і плялі іх мужчыны зімовымі вечарамі, каб зрабіць добры запас.

– Абутку гэтаму гадоў каля ста, – падтрымлівае размову навуковы супрацоўнік Ірэна Клімовіч. – Праўда, за даўнасцю гадоў пакуль што цяжка вызначыць, з лазовага ці ліпавага лыка ён зроблены. Затое наяўнасць толькі аднаго лапця наводзіць на роздум аб даўнім звычаі продкаў, звязаным з абрадам уваходзін, калі гаспадар задобрываў хатніка, запрашаючы ў лапаць, каб перавезці і яго на новае месца жыхарства. Лічылі, што без хатніка парадку і шчасця ў хаце не будзе. «Гаспадарку весці не лапці плесці», – так казалі нашы продкі.

З чаго ж пачынаўся шлях да лапця? У маі і чэрвені нарыхтоўвалі кару з маладых дрэў (ад 4 да 6 год), часцей – з ліпы, і называлі гэтую сыравіну лыка. Такая своеасаблівая драўняная тканіна, якая ў гэты час мякенькая і цягнецца добра. Надранае лыка скручвалі ў скруткі і вешалі ў клеці або на гарышчы хаты. Перад выкарыстаннем скруткі размочвалі ў цёплай вадзе, каб лыка стала падатлівым, гнуткім. Нарыхтоўвалі таксама тонкія ліпавыя жэрдкі з карой (луццё). Луццё ў патрэбны час распарвалі ў печы, а потым здымалі з яго лыка. Звычайна на адзін лапаць ішло 6 лык шырынёй прыблізна 1,2 сантыметра і даўжынёй каля 1,5 метра. На тэрыторыі Беларусі раней лыка было нават адзінкай вымярэння даўжыні зямельных надзелаў («поделити въ лыко»). Дарэчы, шырыня лыка ў адным з нашых скруткаў – 9 сантыметраў. Верагодна, яго выкарыстоўвалі па тыпу луцця, распарваючы і раздзяляючы на больш тонкія.

– Чаму яно так добра захавалася ў знойдзеных скрутках? – не магу не запытаць, бо вельмі цікава ведаць.

– Уся разгадка ў часе нарыхтоўкі. Старэйшыя людзі казалі, што калі спазніўся ў зборы, то лыка стане слізкім і змарнуецца ў скрутках, – расказвае спецыяліст. – Звычайна у вольны час (часцей глыбокай восенню ці доўгімі зімовымі вечарамі), размясціўшыся на «мужчынскай» палове хаты, гаспадар браў у рукі няхітры інструмет для пляцення лапцяў: драўляную калодку, завостраныя з аднаго канца палачкі, жалезны ці касцяны кручок. У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся 2 тыпы лапцяў: прамога (пашыраны паўсюдна) і касога (на ўсходзе Беларусі) пляцення. Найбольш запатрабаванымі былі лапці, якія называлі кавярзні. Іх насілі фактычна круглы год. А вось падчас летніх палявых работ насілі лапці-шчарбакі, у якіх была амаль адна падэшва.

Знаходка Зінаіды Дзмітрыеўны, згодна прамой тэхніцы пляцення, – лапці-шчарбакі. Надзявалі іх на палатняныя анучы, а ў халодны час – на суконныя, прывязваючы вакол нагі аборамі, скручанымі з лыка. У народзе ведалі: каб дзень прайшоў паспяхова, спачатку надзявалі правы лапаць, а потым левы. Але і гэта прыкмета ўжо не актуальна: лапці даўно выйшлі з ужытку.

Дух эпохі

Зараз Зінаіда Рамановіч ўпэўнена (і з ёй цяжка не пагадзіцца), што кожны такі прадмет захоўвае ў сабе гісторыю цэлага пакалення людзей. Таму і рыхтуе для супрацоўнікаў музея чарговы сюрпрыз. Які, пакуль трымае ў таямніцы.

– Ведаеце, у музейным пакоі столькі розных прадметаў, якія верай і праўдаю служылі сваім гаспадарам. У кожным – часціца душы чалавека. Нават атмасфера ў памяшканні адпаведная – сапраўднага вясковага дома. Вельмі рада, што і мае рэчы знайшлі тут мястэчка. Зрокава яны перадаюць дух сваёй эпохі ярчэй, калі б дзесьці пра іх проста вялі гутарку. Такім чынам, гісторыя становіцца жывой. Вядома, так яна лепш запомніцца людзям, якія захочуць яе пазнаць. А гэта для мяне самае галоўнае, бо ў гісторыі нашы карані, – заўважыла напрыканцы размовы Зінаіда Дзмітрыеўна.

 

 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться