Народнае свята «Траецкае гулянне - для ўсіх замілаванне!» прайшло ў Ганчарах

15 Июня 2022 2592

Народнае свята «Траецкае гулянне – для ўсіх замілаванне!»  адбылося ў нядзелю, 12 чэрвеня, у аграгарадку Ганчары. Выступленні фальклорных калектываў, знаёмства з народнымі рытуаламi «Сёмухi» – усё гэта было прапанавана мясцовым жыхарам.

Артысты аматарскага аб’яднання «Ульяніца» разгарнулі перад гледачамі сапраўдную тэатральную пастаноўку, у якой былі адлюстраваны рытуалы, звязаныя з Сёмухай. Таксама правялi абрад завівання бярозак і кумлення.

– Некалі на свята маладыя дзяўчаты з песнямі хадзілі ў лес, – патлумачыла загадчыца Ганчарскага Дома культуры Ганна Булай. – Яны выбіралі там маладыя бярозкі і завівалі іх паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся вароцікі. Праходзячы праз іх, дзяўчаты і жанчыны куміліся, цалаваліся – гэта значыць, даравалі ўсё дрэннае, станавіліся добрымі сяброўкамі. Даследчыкі таксама кажуць, што праход праз вароцікі для незамужніх – архаічны сімвал таго, што жанчына ўступае ў шлюбны ўзрост і тым самым яднаецца з прыродай, паказвае сусвету, што яна ўжо гатовая пайсці замуж і нараджаць дзетак.

– Гэта свята, як спроба аднавіць і захаваць мясцовыя звычаі і абрады, праводзіцца на Лiдчыне ўжо не ў першы раз і выклікае цікавасць сваёй неардынарнасцю. Па-першае, гэта фэст фальклорных калектываў і гуртоў раёна, дзе можна паслухаць народныя песнi і гумар. Па-другое, тэатралізаваныя абрадавыя элементы і рытуалы Сёмухі, а таксама вясёлыя сцэны з сялянскага жыцця ў выкананні мясцовых артыстаў аматарскага аб’яднання «Ульяніца»  маюць пэўны каларыт; яны жывыя і яскравыя, – дадала Ганна Мікалаеўна.

Сваёй творчасцю з мясцовымі жыхарамі і гасцямі аграгарадка падзяліліся таксама артысты аматарскага аб'яднання «Альтанка». Госці весяліліся і танчылі. Настрой быў на вышыні. 

















Текст:
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться