У Лідскім замку экспануецца калекцыя старажытных манет, знойдзеных у час археалагічных раскопак

17 Апреля 2022 2338

Большасць манет знойдзена археолагамі ў раскопах паблізу муроў замка, а менавіта – каля заходняга, усходняга і паўночнага муроў, а таксама пры абследаванні руін паўночна-ўсходняй вежы. 

Менавіта там былі выяўлены фрагменты фундаментаў пабудоў (казармаў, складоў са зброяй і правіянтам). А вось у паўночна-ўсходняй вежы на працягу XVII-XVIII стагоддзяў размяшчаліся архіў, жылыя пакоі і турма, праходзілі пасяджэнні судовых і павятовых сеймікаў. Тут было наладжана грамадскае жыццё, людзі маглі весці грашовыя разлікі і пакінуць аб сабе напамін сваім нашчадкам у выглядзе ўнікальных экспанатаў.

– Пры даследаванні фрагментаў фундамента паўднёва-заходняй вежы часоў Гедыміна манетных скарбаў практычна не знойдзена, – расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Таццяна Ліпніцкая. – Пры Гедыміне, дарэчы, яшчэ не аформілася манетная сістэма Вялікага княства Літоўскага. Манет ранейшага перыяду гісторыі таксама не знойдзена, а значыць, да XIV стагоддзя тэрыторыя, дзе затым будзе пабудаваны Лідскі замак, не была ўключана ў актыўныя сацыяльна-эканамічныя працэсы. Магчыма, толькі з пабудовай паўночна-ўсходняй вежы ў часы Вітаўта, у канцы XIV-пачатку XV стагоддзя, гэта ўсё ж такі адбылося. Манеты менавіта гэтага перыяду і былі знойдзены археолагамі ў час раскопак у Лідскім замку. XIV-XVII стст. – самы актыўны перыяд гісторыі архітэктурнага помніка, насычаны падзеямі ваеннымі, грамадска-палітычнымі.

Пры вывучэнні матэрыялаў справаздач аб палявых даследаваннях у час археалагічных раскопак за 1977, 1978, 1980 гады было ўстаноўлена, што даследчыкі адкапалі некалькі дзясяткаў сярэбраных і медных манет. На вялікі жаль, толькі нязначная іх частка была перададзена ў фонды ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”. Самыя раннія з іх – манета Вітаўта XIV-пачатку XV стагоддзя, паўгрош Яна Ольбрахта (1492-1499 гг.).

– Такія манеты сустракаюцца рэдка і толькі на захадзе Беларусі, Украіны і на тэрыторыі Літвы, – расказвае навуковы супрацоўнік. – У далёкім 1978 годзе жыхар Ліды Генрых Іванавіч Ціховіч перадаў археолагам два літоўскія дэнарыі XIV-пачатку XV стагоддзя. Паводле аповеду гэтага чалавека, манеты былі знойдзены ў руінах паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка ў 1977 годзе.

На выстаўцы прадстаўлена даволі значная колькасць манет Рэчы Паспалітай XVI-XVII стагоддзяў. Напрыклад, двудэнарыі Жыгімонта II Аўгуста, рыжскі солід Жыгімонта III Вазы, барацінка Яна II Казіміра Вазы і манеты часоў Расійскай імперыі (2 капейкі Паўла I 1799 года, манеты 1878 года і інш.).

– Цікавая гісторыя выхаду ў свет барацінкі. Барацінка – назва медных солідаў Рэчы Паспалітай, якія чаканіліся ў 1659-1668 гадах на манетных дварах Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Гэта крэдытная манета Рэчы Паспалітай, рэальны кошт якой складаў толькі каля 15 працэнтаў намінальнага.

Сёння старадаўнія манеты адносяцца да ліку найбольш часта сустракаемых помнікаў мінулага. Сама прырода манеты такая, што мноства аднолькавых асобнікаў, выбітых з даўгавечнага, устойлівага матэрыялу, адразу ж разыходзілася сярод людзей, змяняючы гаспадароў, пераходзячы з рук у рукі і паўсюль суправаджаючы чалавека. Захавалася да нашага часу толькі малая частка таго мноства манет, але і гэтая малая частка даволі значная. На мой погляд, самай прыкметнай на выстаўцы можна назваць медную манету Паўла I 1799 года. Яе дыяметр – усяго 35 міліметраў. Самыя буйныя манеты – гэта 2 капейкі паўлаўскай эпохі. Чаканіліся яны з 1797 па 1801 год. А вось адзін з самых позніх экспанатаў – гэта 15 капеек 1939 года… 

Але ўсе сакрэты раскрываць не будзем. Завітайце ў Лідскі замак – і ўбачыце ўсё самі!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться