Купала зноў наведаў Ліду – у партрэтах, дакументах, кнігах…

13 Апреля 2022 1810

У Дом Таўлая завітаем – у Купалы пабываем! Да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў калідоры Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адкрылася выстаўка “Ізноўку наведаў Купала наш Ліду…”. 

Першымі яе наведвальнікамі сталі лідскія паэты, бібліятэкары, наведвальнікі Лідскага клубнага дома. 

Куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун у форме лекцыі расказаў прысутным аб наведванні Янкам Купалам Ліды ў сакавіку 1940 года, аб адкрыцці ў 1946 годзе ў Лідзе бібліятэкі імя Янкі Купалы, аб рабоце ў Мінску, у літаратурным музеі Янкі Купалы, Валянціна Таўлая. Прысутныя пачулі голас “незабыўнага Янкі” дзякуючы архіўным аўдыязапісам, песню “Малітва” ў выкананні вядомых “Песняроў”. Лідскі паэт Уладзімір Васько падзяліўся ўспамінамі аб паездцы ў складзе дэлегацыі газеты “Уперад” у Вязынку на святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта.

Якія падарункі ад лідчан атрымаў кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Янка Купала і што падарыў лідчанам ён? Чым частаваў паэт мясцовых літаратараў? Па якіх вуліцах Ліды ён хадзіў? У якіх будынках выступаў і што цяпер знаходзіцца на іх месцы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні, якія датычацца наведвання Купалам нашага горада, можна знайсці, наведаўшы новую выстаўку ў Доме Таўлая.

«Выходзіў па Мінску на шпацыр у лідскіх галёшах Купала»

Ужо пераступіўшы парог Дома-музея, наведвальнік як бы сустракаецца з народным паэтам. Экспазіцыю адкрывае тэма прыезду Купалы ў Ліду ў далёкім перадваенным 1940 годзе. Пясняр Беларусі быў у нашым горадзе тры дні – з 13 па 15 сакавіка. На жаль, не захаваліся будынкі, у якіх ён выступаў перад выбаршчыкамі. Але захаваліся ўспаміны аб тых незабыўных сустрэчах.

– Хачу знайсці нумар газеты “Уперад” за 23 лютага 1940 года, – гаворыць Алесь Хітрун, – у якім змешчана пісьмо-тэлеграма ад Янкі Купалы, адрасаванае лідчанам. У ім паэт выказвае падзяку выбаршчыкам за аказаны яму высокі гонар і сваю згоду балаціравацца ў дэпутаты па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе, а таксама тлумачыць, чаму пакуль не можа прыехаць у Ліду (знаходзіцца ў Кіславодску), і абяцае ўсё-такі прыехаць. Магчыма, гэты нумар газеты альбо яго копія захаваўся ў Нацыянальнай бібліятэцы – буду звяртацца туды. Гэтае пісьмо-тэлеграма лідчанам – як бы пралог да прыезду Янкі Купалы ў Ліду.

Вядома, што ў першы дзень прыезду ў наш горад паэту былі падораны галёшы ад абутковай фабрыкі “Ардаль” (дарэчы, гэты факт натхніў не аднаго лідскага паэта). У фондах Дома-музея ёсць, але пакуль не экспануецца на выстаўцы фрагмент каробкі ад ардалеўскіх галёшаў (магчыма, у такой каробцы іх паднеслі ў падарунак песняру).

У частцы экспазіцыі, прысвечанай прыезду Янкі Купалы ў Ліду, прадстаўлены старыя фотаздымкі будынкаў у нашым горадзе, у якіх пабываў паэт: сталоўкі “Амерыканка” па вуліцы Сувальскай, дзе ён частаваў мясцовых калег па паэтычнаму цэху, кінатэатра “Эдысан”.

– На жаль, пакуль не знайшоў фота клуба-рэстарана чыгуначнікаў “Агніско каляёва”, дзе Купала выступаў перад выбаршчыкамі, – гаворыць куратар выстаўкі. – Вядома, што гэта быў доўгі аднапавярховы драўляны будынак з глядзельнай залай, чытальняй, більярднай, буфетам, сталовай. У першы ж дзень вайны ў будынак трапіла нямецкая бомба, ён згарэў. Доўгі час, аж да рэспубліканскіх “Дажынак” 2010 года, на месцы гэтага будынка размяшчаліся склады, чыгуначная адгрузачная пляцоўка завода харчканцэнтратаў. Можа, у кагосьці захавалася фота хаця б тых складоў – буду вельмі ўдзячны, калі гэтае фота перададуць у Дом Таўлая.

Падарунак ад песняра гарадской бібліятэцы

На выстаўцы можна азнаёміцца з вершамі, якія зачытаў Янка Купала лідчанам. Датычыліся яны жыцця ў Заходняй Беларусі, прыгнёту працоўных у ёй да ўз’яднання з БССР (дарэчы, Купала тады казаў лідчанам, што мала бываў у Заходняй Беларусі, мала ведае аб яе жыхарах і таму вельмі рады сустрэчы ў Лідзе).

Дзякуючы Янку Купалу папоўніўся кніжны фонд Лідскай гарадской бібліятэкі. Перададзеная ім туды ў другі дзень знаходжання ў Лідзе кніга “Над ракой Арэсай” (1937 года выдання) стала першай беларускамоўнай кнігай у фондзе бібліятэкі. Гэтую ж кнігу пясняр падарыў Валянціну Таўлаю. Муляж кнігі “Над ракой Арэсай” у зялёнай вокладцы таксама можна ўбачыць на выстаўцы. Што датычыцца тагачаснага будынка гарадской бібліятэкі, ён таксама не захаваўся. Знаходзіўся ён прыкладна паміж сённяшнімі музычным каледжам і магазінам “Юбілейны”.

Ужо калі Купала быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у газеце “Известия” была надрукавана яго падзяка лідчанам пад загалоўкам “Моим избирателям”. Копія газеты з гэтай падзякай ёсць у экспазіцыі, як і копія дэпутацкага пасведчання паэта, уручанага яму 24 сакавіка 1940 года за нумарам 306, фота Купалы з дэпутацкага білета, фота, на якім Купала адлюстраваны з дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР у Мінску.

Пяць гадоў назад, у 2017 годзе, у адным з памяшканняў Дома Таўлая працавала выстаўка “Янка Купала – наш гонар і слава”, на якой быў раскрыты жыццёвы і творчы шлях песняра праз банерны паказ. Гэтымі банерамі, так званай перасоўнай выстаўкай, часова падзяліліся калегі Алеся з Мінскага літаратурнага музея Янкі Купалы. Яны і перадалі Алесю копіі дакументаў, якія датычацца Янкі Купалы. Гэтыя дакументы склалі на той час асобную папку, штосьці было прадстаўлена ў экспазіцыі. І цяпер прыйшоў час іх паказаць. Як прызнаецца Алесь Хітрун, на выстаўцы не хапае некаторых матэрыялаў, якія раскрылі б усю сувязь Купалы з Лідай. Гэтыя прабелы куратар выстаўкі запоўніць для наведвальнікаў у вуснай форме. З цягам часу, верыць Алесь, матэрыял папоўніцца і выстаўка пашырыцца.

Ліда памятае народнага паэта

Асобная частка экспазіцыі прысвечана Валянціну Таўлаю як навуковаму супрацоўніку літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Тут прадстаўлены дакументы з асабістай справы Таўлая як навуковага супрацоўніка, перададзеныя з Акадэміі навук. Валянцін Таўлай быў намеснікам дырэктара музея (жонкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч), даследаваў творчасць народнага паэта.

У 1946 годзе Уладзіслава Францаўна разам з дэлегацыяй пісьменнікаў, у склад якой уваходзіў і Валянцін Таўлай, прыехала на сустрэчу ў Ліду. У той дзень у Лідзе адбылося адкрыццё бібліятэкі імя Янкі Купалы. На выстаўцы можна ўбачыць фатаграфію, на якой адлюстраваны дэлегаты з Мінска і тагачасныя супрацоўнікі бібліятэкі. Уладзіслава Луцэвіч разам з вядомымі пісьменнікамі наведала Лідскую бібліятэку і праз дзесяць гадоў, у 1956 годзе. Тады яна падарыла бібліятэцы партрэт Янкі Купалы работы мастака Валянціна Волкава (на выстаўцы ёсць копія гэтага партрэта, арыгінал, на жаль, у Лідзе не захаваўся) і альбом “Беларускі народны арнамент” з дарчым надпісам (альбом і зараз захоўваецца ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы). Як бачым, Ліда памятае народнага паэта: яго імя носіць раённая бібліятэка, а Палац культуры горада Ліды размяшчаецца па вуліцы Янкі Купалы, 1.

Што яшчэ можна ўбачыць на выстаўцы? Маленькі металічны бюст Купалы, біяграфію паэта, напісаную шрыфтам “Пясняр” (паводле почырку Янкі Купалы), альбомы, брашуру “Янка Купала і Лідчына”, кнігі, у тым ліку прыжыццёвае выданне першага зборніка вершаў песняра “Жалейка” 1908 года (перададзенае ў Дом Таўлая краязнаўцам з вёскі Сялец Мікалаем Дзікевічам), партрэт Купалы работы лідскага мастака Пятра Цімафеева і іншае.

– Дапаўненнем да выстаўкі, – дзеліцца планамі Алесь Хітрун, – стане інсцэніроўка “У Таўлая пабываем, пра Купалу ўзгадаем” у мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая, у ходзе якой супрацоўнікі музея ў ролях Валянціна Таўлая, яго першай жонкі Кіры і ахмістрыні разважаюць аб сустрэчы з Купалам у Лідзе. Магчыма, запрашу на выстаўку калег з Мінскага літаратурнага музея Янкі Купалы. Збор матэрыялаў, якія датычацца прыезду народнага паэта ў наш горад у сакавіку 1940 года, працягваецца. Ідэй па святкаванні 140-годдзя з дня нараджэння песняра ў нас шмат. Сачыце за публікацыямі ў “Лідскай газеце”, а таксама на сайце Лідскага гісторыка-мастацкага музея і сацыяльных старонках Дома паэта Валянціна Таўлая.

 

Текст: Аляксандр МацулевічАляксандр Мацулевіч
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться