Вясну гукалі і з бліном гулялі. Лідскі гісторыка-мастацкі музей запрашае ўсіх жадаючых на інтэрактыўныя заняткі

08 Апреля 2022 1854

Ад Масленіцы да Дабравешчання… Азнаёміць юных наведвальнікаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея з вясновымі святамі, якія адзначалі нашы далёкія продкі, закліканы новы інтэрактыўны занятак “Вясна-красна на ўвесь свет”, які праводзіцца на базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні “Час. Традыцыі. Вобразы”. 

Першыя – пробныя – заняткі на гэтую тэму былі праведзены ў дні вясновых школьных канікул.

– Музейна-педагагічныя заняткі, прысвечаныя вясновым святам, праводзіліся ў нас і раней, але яны больш глыбока знаёмілі з Вербніцай і Вялікаднем, – расказвае куратар атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні Ірэна Клімовіч. – На гэты раз мы распрацавалі інтэрактыўны занятак, які папулярызуе іншыя святы гэтай пары года, – “Вясна-красна на ўвесь свет”. А на народныя святы і прысвяткі, якія суправаджаліся гульнямі, спевамі, карагодамі, прыкметамі і павер’ямі, вясна багатая. І звязана гэта ў першую чаргу з пачаткам новага вітка ў жыцці нашых продкаў. Наперадзе былі цяжкія сялянскія работы, і перад чарговым цыклам гэтых работ было не проста жаданне ўдосталь пагуляць, павесяліцца. Захоўваючы даўнія традыцыі, якія ўкладваліся ў аснову свята ці прысвятка, важна было наладзіць кантакт з сіламі прыроды, заручыцца іх падтрымкай, уславіць зямлю-карміцельку, якая прачыналася пасля зімовага сну. Каб больш яскрава адлюстраваць этапы пераходу ад аднаго свята ці прысвятка да другога, на працягу ўсяго занятка выкарыстоўваецца міні-тэатр ценяў, дзякуючы якому ствараецца асацыятыўны вобраз надыходу вясны, дапаўняецца і ілюструецца задумка інтэрактыўнага занятка. 

Карэспандэнт “ЛідаМедыя-Кампаніі” папрысутнічаў на адным з інтэрактыўных заняткаў “Вясна-красна на ўвесь свет” у час вясновых школьных канікул. Юнымі наведвальнікамі занятка былі вучні 3 і 7 класаў сярэдняй школы №5.

Першым вясновым святам, з якім азнаёміліся дзеці, падарожнічаючы па народным календары разам з Ірэнай Клімовіч і Ліліяй Леўдаровіч (нязменнай гаспадыняй гасцёўні, стылізаванай пад вясковую хату), стала Масленіца – свята, якое доўжыцца цэлы тыдзень. На масленічным тыдні нашы продкі не толькі шырока гулялі, але і  спальвалі саламянае чучала Зімы-Марэны, а разам з ім – усе нягоды, якія напаткалі людзей зімой (дарэчы, чучала Зімы ёсць у памяшканні атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні). Важнай ежай у Масленіцу былі масла, сыр, тварог, якія нарыхтоўваліся яшчэ з лета. Продкі верылі, што,  калі спажываеш сытныя стравы, увесь год будзе дастатак. Школьнікам не толькі паказалі прадметы хатняга сялянскага абіходу, з дапамогай якіх выраблялі і захоўвалі масла, тварог, сыр, але і пазнаёмілі з сакрэтамі такога доўгатэрміновага захоўвання. І, канешне, якая ж Масленіца без бліноў?! Жытнія, пшанічныя, грэчневыя, з маслам, са смятанай, з мёдам – яны былі асаблівым сімвалам свята. Дзецям прапанавалі пагуляць у масленічныя гульні: перавярнуць блін на патэльні, падкінуўшы яго, паганяць па крузе і завесці ў “стайню” саламянага каня. Хлопчыкі ўпраўляліся з бліном не горш за дзяўчынак, а дзяўчынкі ўпраўляліся з саламяным канём не горш за хлопчыкаў.

Цікава было даведацца пра вытокі яшчэ аднаго свята ў вясновым народным календары – Гукання вясны. Школьнікі (у дадзеным выпадку толькі дзяўчынкі) таксама пагукалі вясну, па традыцыі падкідваючы на хустцы папяровых жаваранкаў (у аўтэнтычных абрадах жаваранкаў выпякалі з цеста).

Затым наведвальнікі віталі вясну-красну і свята Саракі, звязанае з лікам 40 і з днём вясенняга раўнадзенства. Сорак – гэта і сорак раёў птушак, якія нібы прылятаюць у гэты час з выраю, і сорак маразоў, па заканчэнні якіх можна было пачынаць адну з самых важных сельскагаспадарчых спраў на ўвесь год – сеяць. Згодна з павер’ем, у гэты час сарока збярэ сорак пруцікаў, якіх не хапае да завяршэння будаўніцтва гнязда. Каралевай свята Саракі на занятку і стала сарока. У аднайменную рухавую гульню з задавальненнем пагулялі юныя наведвальнікі занятка. Народ жа, як заўсёды, удала спалучыў у сваёй свядомасці святкаванне вясновага раўнадзенства і ўшанаванне птушак з падзеямі хрысціянскай гісторыі.

У хрысціянстве лік 40 сімвалізуе сорак Севасційскіх пакутнікаў, якія ахвяравалі жыццём за веру. Па народных уяўленнях, душы людзей-пакутнікаў ператварыліся ў жаўрукоў. Самі ж воіны сталі апекунамі земляробства.

Менш вядомае сучасным дзецям вясновае свята – Камаедзіца, якое ў апошняй чвэрці XIX стагоддзя страціла ранейшы сэнс, стаўшы традыцыйнай забавай. Звязана свята з ушаноўваннем нашымі продкамі мядзведзя, які сімвалізаваў сілу. З мядзведзем у гэты дзень “дамаўляліся”, заручаліся яго спагадлівасцю, задобрывалі, каб ён не пераварочваў вуллі, не таптаў пасевы. Як жа гэта адбывалася? Гаспадыні рыхтавалі розныя прысмакі: сушаны рэпнік, аўсяны кісель, у тым ліку варылі кашу з гароху і камячкі гэтай кашы раскладвалі ў лесе – для мядзведзя, няхай частуецца імі (адсюль, магчыма, і назва свята).

Нельга было не згадаць і пра свята Дабравешчанне (Благавешчанне, Звеставанне), якое таксама мае як язычніцкія, так і хрысціянскія карані. У язычніцтве з гэтым святам звязвалі прылёт буслоў – птушак, якіх нашы продкі вельмі ўшаноўвалі, якія, згодна з павер’ем, прыносяць шчасце. Лічылася, што зямля ў гэты дзень “адмыкаецца” пасля зімовага сну, можна было рыхтаваць глебу пад пасевы, пачынаць сяўбу, будаваць хату. Рэлігійнае свята Дабравешчанне звязана з архангелам Гаўрыілам, які паведаміў Дзеве Марыі пра непарочнае зачацце Божага немаўляці.

– Інтэрактыўны занятак “Вясна-красна на ўвесь свет” будзе праводзіцца ўсю вясну, – гаворыць Ірэна Антонаўна. – Наведаць яго могуць як школьнікі, так і выхаванцы дзіцячых садкоў. Галоўным жа вясновым святам – Вербніцы і Вялікадню – прысвечаны асобны занятак. Думаю, што мы зможам зацікавіць аўдыторыю рознага ўзросту. Гісторыя вербачкі, імправізаваны велікодны стол, разнастайныя гульні з велікоднымі яйкамі, заснаваныя на народных традыцыях, не толькі стануць інфарматыўнымі, але і нададуць атмасфернасці занятку. Запрашаем у займальнае падарожжа па багатым на святы вясновым народным календары! Адчуйце вясну-красну разам з намі!

Текст: Аляксандр МацулевічАляксандр Мацулевіч
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться