Дакрануцца да гісторыі, адкрыць таямніцы дапамогуць друкаваныя рарытэты Лідчыны

23 Марта 2022 1975

На Лідчыне праходзіць Тыдзень праваслаўнай кнігі, падчас якога ва ўстановах культуры і адукацыі ладзяцца мерапрыемствы духоўнай накіраванасці (лекторыі, сустрэчы духавенства з моладдзю і інш.). Па традыцыі тыдзень азначаны і самым знакавым з іх – выставай старадрукаванай праваслаўнай кнігі.

Выставачны праект пад назвай “Да вытокаў духоўнасці і маральнасці праз праваслаўную кнігу” у гэтыя дні праходзіць у філіяле “Лідскай гарадской бібліятэцы №4”. Прымеркаваны ён да значнай падзеі – 1030-годдзя Праваслаўя на Беларусі. Актуальны праект таксама і ў Год гістарычнай памяці. Арганізатары падзеі – Лідская епархія і цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Купалы.

Выстава ў сваім родзе ўнікальная, дзякуючы ўдзелу ў ёй рэдкіх і каштоўных старадрукаў. Даступныя шырокаму колу наведвальнікаў кнігі пачатку 18 стагоддзя, сінадальнай эпохі, да 1917 года. Бадай, самы унікальны экспанат – “Мінея”, адна з набажэнскіх кніг, выдадзеная ў 1724 годзе. У наведвальнікаў ёсць магчымасць не толькі пабачыць рарытэт, але і дакрануца да яго, пагартаць, адчуць дух таго часу. Не меншай увагі вартыя выданні 19 стагоддзя. Цікавасць уяўляюць кнігі не толькі па сваім унутраным напаўненні, але і па знешнім афармленні – вокладкі некоторых выкананы з дрэва і абцягнуты скурай, а папера нават сёння пахне ладанам і воскам. Усе прадстаўленыя старадрукі захоўваюцца ў сучасных лідскіх храмах. Некаторыя і па сённяшні дзень выкарыстоўваюцца падчас набажэнстваў.

З мінулага няцяжка перанесціся ў сучаснае, да другой экспазіцыі, дзе прадстаўлена сучасная праваслаўная літаратура. Гэта частка выставы стала свайго роду візіткай, дэманстрацыяй вопыту епархіяльнай бібліятэкі, якая разяшчаецца ў філіяле №4. Яе фонд налічвае больш за дзве тысячы экзэмпляраў, не лічачы электронных носьбітаў, часопісаў і календароў. У епархіяльнай бібліятэцы можна знайсці літаратуру духоўнай накіраванасці на любы густ і ўзрост.



Працягам выставы тут жа, у бібліятэцы, становяцца сустрэчы духавенства лідскіх храмаў з наведвальнікамі. Асноўная аўдыторыя –падрастаючае пакаленне. Святары кампетэнтна, цікава і ў той жа час вельмі даступна распавядаюць пра старадрукі. Амаль у кожнай групе не абыходзіцца без пытанняў да выступоўцаў, што сведчыць: выстава знаходзіць сваіх прыхільнікаў.

Сапраўды, у сучасным свеце нельга недаацаніць значнасць падзеі, у цэнтры ўвагі якой – духоўная кніга.



Гэта кніга, што нясе святло, вучыць сэнсу жыцця, выхоўвае здароўе душы і цела. Дзякуй Богу, што сёння ў нас ёсць магчымасць атрымліваць асалоду, дакранаючыся да старадаўніх кніг. Дакранаючыся не проста да гісторыі, але да таямніцы.

– Праз друкаванае слова чалавек далучаецца да духоўнай мудрасці, – адзначыў сакратарь Лідскай епрахіі, куратар епархіяльнай бібліятэкі протаіерэй Максім Цыгель. – Таму асноўная мэта выставачнага праекту – паказаць прыгажосць праваслаўнай кнігі, прывіць цікавасць да чытання і ўвогуле да кнігі. Ніколі не пакідайце кнігу і рабіце правільны выбар літаратуры, якую берыцё ў рукі, дзеля якой адчыняеце сваё сэрца.

Тыдзень праваслаўнай кнігі на Лідчыне сёлета, як і штогод, набывае шырокі маштаб і ўжо з’яўляецца добрай традыцыяй.






Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться