Як з маленькага семечка «вырасціць» кашульку, дыван, ручнічок? На Лідчыне адраджаюць традыцыі апрацоўкі льну

10 Марта 2022 2337

«Лён любіць паклон», – казалі нашы продкі. Але не толькі таму, што доўгі час гэтая сельскагаспадарчая культура апрацоўвалася ўручную і, каб сарваць сцяблінкі, сапраўды прыходзілася нізка нагінацца. Да лёну спрадвеку ставіліся з вялікай павагай. Нездарма сёння яго кветкі ўплецены ў Дзяржаўны герб краіны.

На лідскай зямлі расліне таксама выказвалі павагу, ацаніўшы яе карысныя якасці. З валакна ткалі палатно і шылі вопратку, рабілі прадметы побыту, майстравалі цацкі для дзяцей. Ільняную кастру выкарыстоўвалі як уцяпляльнік і паліва, а з семя выціскалі алей. Гэтыя традыцыі памятаюць і захоўваюць сёння ў філіяле “Ганчарскі Дом культуры”. Мясцовыя жанчыны ведаюць, які складаны шлях праходзіць маленькае семечка да квяцістага дывана.

Вырасціць і апрацаваць лён – як цэлае жыццё пражыць. Гэты працэс складаўся з мноства этапаў. І аб кожным з натхненнем расказвае Ганна Булай, загадыца філіяла “Ганчарскі Дом культуры”. Ужо ў пачатку аповеду становіцца зразумела: нашыя продкі былі вельмі мудрымі людзьмі. Яны ведалі шмат прыкмет і магічных дзеянняў пры пасеве льну, таму залаты ўраджай вырастаў добры і палотны атрымліваліся такімі ж.

– Сеялі лён у чэрвені, – праводзячы экскурс па экспазіцыі, расказвае спецыяліст. – Да сяўбы старанна рыхтаваліся, адбіралі насенне, сачылі за прыкметамі, каб пасеяць лён менавіта ў патрэбны дзень. Тады ён абавязкова будзе добра расці. Звычайна давяралі гэтую працу самым майстэрскім сейбітам. Наперадзе ішоў паважаны, праведны чалавек, якому Бог падараваў “лёгкую руку”: што ні закране, усё расце і квітнее. Сеяць стараліся раніцай ці вечарам, калі поле пакрыта расой, у ціхае цёплае надвор’е, каб вецер не разносіў насенне па баках. Адпраўляючыся ў поле, сейбіт нёс семя льну ў беласнежным абрусе.  Што цікава: пасеў сельскагаспадарчай культуры суправаджаўся пажаданнямі ў прамым сэнсе гэтага слова. Можа паказацца, што ідзе чалавек па полі і нешта мармыча сабе пад нос. Але гэта не так. Сяўба льну была падобная хоць і на невялікае, але сапраўднае тэатралізаванае дзеянне.

Дарэчы, тэатралізаванае дзеянне адбывалася не толькі ў полі, сцвярджае Ганна Булай. Паўсюдна на лідскай зямлі, як і ўвогуле ў Беларусі, існаваў звычай: незамужнія дзяўчаты сеялі ў агародзе палоску льну і па яе ўзыходах варажылі на свой лёс. Добры рост золата палёў прадказваў шчаслівую долю. А як жа інакш?!

 Цікавы і сам працэс апрацоўкі расліны. Спачатку лён церлі, трапалі, а потым часалі на самаробным грэбені. Атрымлівалася кудзеля. Затым кудзелю прымацоўвалі на прасніцу і пралі на верацяно, калаўрот. Дарэчы, рэшткі валакна, непрыгодныя для прадзення, не выкідвалі, а набівалі імі падушкі і сеннікі. На іх спалі.

– У залежнасці ад валакна і майстэрства ткачыхі палатно атрымлівалася рознай якасці, – гаворыць Ганна Булай. – Самае грубае ішло на мяхі, іншыя гаспадарчыя патрэбы, тонкае – на адзенне, ручнікі. Паглядзіце, якія цудоўныя рэчы можна зрабіць на кроснах. Абрусы, посцілкі, дываны… Усё гэта тканыя вырабы, без якіх не абыходзілася ніводная сялянская хата.

Аб кожным этапе апрацоўкі льну мая суразмоўніца расказвае з асаблівым натхненнем, бо веды і экспанаты экспазіцыі іх установа атрымала ад мясцовых жанчын. На тэрыторыі Ганчарскага сельсавета актыўна вырошчвалі лён. І ў мясцовых населеных пунктах яшчэ жывуць бабулькі, якія самі працавалі ў палях. 

  – Зараз працэс вырошчвання і апрацоўкі лёну механізаваны. Замест рук жанчыны ўсю работу выконваюць машыны, як у палях гаспадарак, так і на вялікіх ткацкіх камбінатах, – заўважыла Ганна Булай. – Хто не ведае, што на нашай ганчарскай зямлі знаходзіцца вытворчы ўчастак “Ліда” (у мінулым Лідскі льнозавод) адкрытага акцыянернага таварыства “Карэлічы-лён”, дзе наладжана вытворчасць ільновалакна і льнасемя? Ільняны алей для нас з’яўляецца мясцовым прадуктам, ён экалагічна чысты, бо не транспартуецца на вялікія адлегласці, і таму без дабавак-кансервантаў. Працаўнікі прадпрыемства вырошчваюць лён і вырабляюць з яго доўгае і кароткае льновалакно, упаковачную вяроўку, шпагат, паліўныя брыкеты, ільняны алей і жмых. Валакно экспартуецца ў Кітай і Расію. Там нават пыл, які ўсмоктваецца з паветра, не прападае – ён ідзе на ўгнаенне палёў. Вельмі прыемна, што ў нашай мясцовасці яшчэ жывуць бабулькі, якія маюць уяўленне аб тым, як з маленькага семечка льну “вырасціць” кашульку, дыван, ручнічок. Мы ведаем нашых герояў, як кажуць, у твар і будзем вельмі ўдзячныя “Лідскай газеце”, калі ўбачым аповед аб іх на старонках выдання. Многія з жанчын былі паляводамі, а некаторыя ўсё жыццё – звеннявымі. За найвышэйшую якасць ільнянога валакна жанчыны запрошваліся ў Маскву на ВДНГ і былі ўзнагароджаны граматамі і медалямі.

Мая суразмоўніца не хавае гонару: праца пры ручной апрацоўцы льну лічылася вельмі цяжкай. І сёння важна зберагчы тое, што мы маем. Ільняная спадчына абавязкова павінна застацца будучым пакаленням – нашым дзецям і ўнукам. А пазнаёміцца з ёй можна ўжо сёння, завітаўшы ў Ганчарскі Дом культуры.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться