Час паэзіі і прозы. Аўтараў лепшых твораў заахвоцяць прэміяй
31 Октября 2021
1185
Гэта конкурс на атрыманне літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая за найлепшы патрыятычны твор, які прымеркаваны да Дня народнага адзінства Рэспублікі Беларусь і праводзіцца Лідскім раённым камітэтам ГА “БРСМ” пры садзейнічанні аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама, Лідскага гісторыка-мастацкага музея (Дома Валянціна Таўлая), літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Падрабязней аб творчым конкурсе і ўмовах удзелу ў ім – у гутарцы карэспандэнта з першым сакратаром Лідскага РК ГА “БРСМ” Вольгай МІХАЛОВІЧ.
– Прэмія імя Валянціна Таўлая, – расказвае Вольга Уладзіміраўна, – засноўваецца з мэтай кансалідацыі грамадскасці вакол ідэй патрыятызму і адзінства ўсяго народа Беларусі, падтрымкі літаратурнага працэсу на Лідчыне, захавання духоўна-маральных, творчых і прафесійных традыцый лідскай літаратуры, іх развіцця і перадачы новым пакаленням паэтаў і празаікаў. Прэмія накіравана на ўшанаванне асобы паэта Валянціна Таўлая як нязломнага змагара за ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, за нацыянальнае адзінства беларускага народа. Задачамі прэміі з’яўляюцца пошук таленавітых аўтараў і папулярызацыя нацыянальна-патрыятычнага складальніка іх творчасці. Кіраўніцтва прэміяй ажыццяўляе аргкамітэт прэміі ў наступным складзе: старшыня аргкамітэта, члены аргкамітэта, сакратар аргкамітэта. Удзельнікамі конкурсу могуць быць жыхары Лідскага і іншых раёнаў, якія ствараюць мастацкія творы на беларускай мове або на беларускай і рускай мовах.
– У якіх намінацыях праводзіцца конкурс?
– Конкурс праводзіцца ў трох намінацыях: “Паэзія”, “Проза”, “Літаратура на беларускай мове”. На атрыманне прэміі ад аднаго аўтара ў кожнай намінацыі можа быць прадстаўлена: у намінацыі “Паэзія” – не больш за дзесяць вершаў (балад, од і інш.) або не больш за адну паэму; у намінацыі “Проза” – адзін ці некалькі твораў агульным аб’ёмам не больш за 25 тыс. знакаў; у намінацыі “Літаратура на беларускай мове” – не больш за дзесяць вершаў (балад, од і інш.) або не больш за адну паэму, адзін ці некалькі празаічных твораў агульным аб’ёмам не больш за 25 тыс. знакаў. Увага: не прымаюцца пераклады, пародыі!
– Якія патрабаванні да афармлення заявак і дасылаемых твораў?
– У заяўцы на атрыманне прэміі ўказваюцца: прозвішча, імя (псеўданім – пры наяўнасці), год нараджэння, месца пражывання, кароткая творчая біяграфія, кантактныя даныя (нумар тэлефона, адрас электроннай пошты). Трэба адзначыць, што аргкамітэт прэміі мае права самастойнага адбору з перыядычнага друку твораў, вартых прадстаўлення на атрыманне прэміі. Абавязковыя патрабаванні да афармлення дасылаемых твораў наступныя: файл у фармаце Microsoft Word з пашырэннем doc ці rtf; шрыфт – Times New Roman; памер шрыфта – 14; параметры старонкі (палі): верхняе – 2 см, ніжняе – 2 см, левае – 3,5 см, правае – 1,5 см; міжрадковы інтэрвал – адзінарны. На першай старонцы файла павінны быць указаны: прозвішча, імя аўтара, год нараджэння; назва твора, год напісання. Заяўкі і файлы з творамі накіроўваюцца на электронную пошту lidagk@tut.by.
– У якія тэрміны і ў колькі этапаў праводзіцца конкурс?
– Конкурс на атрыманне прэміі імя Валянціна Таўлая праводзіцца з 17 верасня 2021 года па 17 верасня 2022 года ўключна. З 17 верасня 2021 года па 8 ліпеня 2022 года ўключна прымаюцца матэрыялы на атрыманне прэміі. З 8 ліпеня па 17 жніўня пройдзе адборачны этап, будзе сфарміраваны доўгі спіс твораў, які будзе апублікаваны 17 жніўня. З 17 па 30 жніўня пройдзе фінальны адбор, будзе сфарміраваны кароткі спіс твораў, які будзе апублікаваны 1 верасня. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі імя Валянціна Таўлая адбудуцца 17 верасня 2022 года, у Дзень народнага адзінства.
– У якіх выпадках творы могуць быць адхіленыя ад удзелу ў конкурсе?
– Творы, прадстаўленыя на атрыманне прэміі, могуць быць адхіленыя ад удзелу ў конкурсе ў выпадках, калі заяўка і файлы з творамі не адпавядаюць вышэйпералічаным патрабаванням, а таксама, калі яны змяшчаюць ненарматыўную лексіку, элементы эротыкі, гвалту, расавай ці рэлігійнай непрымірымасці, прапаганду наркотыкаў, алкаголю і курэння, з’яўляюцца вынікам працы іншых асоб. Прэтэндэнт на прэмію нясе адказнасць у выпадку парушэння дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб аўтарскім праве.
– Раскажыце аб журы конкурсу і аб крытэрыях ацэнкі твораў.
– Адбор твораў, дасланых на саісканне прэміі, ажыццяўляе журы конкурсу, якое прызначаецца і сцвярджаецца аргкамітэтам у складзе не меней за пяць і не больш за дзевяць чалавек на першым этапе конкурсу. Крытэрыі ацэнкі дасланых твораў наступныя: мастацкі ўзровень, адлюстраванне нацыянальна-патрыятычных каштоўнасцей беларускага народа, агульначалавечых маральных каштоўнасцей, гуманістычных ідэй. Вынікі конкурсу будуць апублікаваныя на старонках «Лідскай газеты» і ў сацыяльных сетках.
– І апошняе пытанне – аб узнагароджанні лаўрэатаў. Якія ўзнагароды чакаюць аўтараў найлепшых патрыятычных твораў?
– Узнагароджанне лаўрэатаў конкурсу будзе праводзіцца ў час урачыстасцей да Дня народнага адзінства. Лаўрэаты прэміі атрымаюць дыпломы ад імя заснавальніка прэміі, знакі прэміі, яе грашовыя складальнікі, іншыя каштоўныя прызы. Усе аўтары, якія даслалі свае творы на атрыманне прэміі, атрымаюць дыпломы ўдзельнікаў конкурсу ад імя заснавальніка прэміі імя Валянціна Таўлая – Лідскага раённага камітэта БРСМ.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.