Ганна Пуйдак: «Хобі для мяне рыбалка, а заняткі творчасцю – неабходнасць майго існавання»

22 Августа 2021 1080
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры 13 жніўня адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Вытокі”. Зацікаўленыя ўдзельніцы, жадаючы пазнаёміцца з чымсьці новым, спяшаліся на сустрэчу з самабытнай мастачкай Гродзеншчыны Ганнай Пуйдак.  

– На ўвесь летні перыяд ва ўстанове працуе аўтарская выстаўка Ганны Іванаўны пад назвай “Магічныя травы”. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прадстаўлена ў двух накірунках: вышыўцы ў тэхніцы крыжа і фларыстыцы ў плоскасці, – апавядае малодшы навуковы супрацоўнік Марына Савіцкая. – Галоўная задумка экспазіцыі – гэта паказ прыгажосці і росквіту лета, хараства прыроды, таму шматлікія работы аўтара на іншую тэму мы пакінулі да наступнай нагоды сустрэцца яшчэ. 

Ганна Іванаўна свой творчы шлях пачала з ранняга дзяцінства. Галоўным наватарам ідэй і натхняльнікам для яе была мама, а першым інструментам у працы стала іголка. “Мама сядзела за кроснамі, а я вышывала”, – згадвала Ганна Іванаўна. Цяжка пералічыць, колькі сарочак, сурвэтак ды ручнікоў упрыгожана рукамі майстрыхі. І па цяперашні час, як іголка з ніткай, неразрыўна з паўсядзённым жыццём спадарожнічае з жанчынай творчасць, ствараючы непаўторныя вобразы ў розных напрамках дэкаратыўна-мастацкай дзейнасці.

Вельмі плённым для Ганны Іванаўны быў час захаплення роспісам па шкле. Пад уплывам еўрапейскай моды на тэрыторыі Беларусі ў 50-я гг. мінулага стагоддзя паўсямесна быў распаўсюджаны народны роспіс па шкле. Найбольш папулярнымі матывамі служылі букеты кветак, ідэалістычныя сцэнкі з выявамі людзей і жывёл, улюбёных пар, радзей – біблейскіх сюжэтаў. На гатовы роспіс накладалася каляровая фальга, дзякуючы чаму паверхня зіхацела і перадавала празрыстасць шкла.

– Час роспісу для мяне прыйшоўся на 60-я гг. Таму спрыяла хваля запатрабаванасці ў нашай мясцовасці. Аднавяскоўцы набывалі і ўпрыгожвалі хатні інтэр’ер такімі карцінамі. Асабліва ўрачыста выглядаў роспіс акладаў у праваслаўных ікон, калі яны віселі групай, пакрытыя набожнікамі, – працягвае свой аповед Ганна Іванаўна. – І мне хацелася маляваць такія аклады на сваіх каталіцкіх. Пачытаць, як гэта зрабіць, і павучыцца не было ў каго. Купіла пяро, асадку, туш, “ленінградскія” фарбы і праз памылкі дабівалася здавальняючага выніку сама. І ў гэтай справе садзейнічала і дапамагала мне мама. 

Ганна Іванаўна на практычным занятку з удзельнікамі клуба “Вытокі” дала майстар-клас па роспісе па шкле, падзяліўшыся асноўнымі сакрэтамі майстэрства. З хатняй калекцыі мастачка прадставіла гледачам некалькі работ з выявамі кветак, варыянты акладаў на іконах.

Шмат пытанняў атрымала Ганна Іванаўна пра фларыстыку – разнавіднасць дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з прыродных матэрыялаў. Гэта вельмі старажытны род заняткаў. Ён патрабуе навыкаў назірання за навакольным светам, ведаў па зборы і захаванні зёлак, асноў колеразнаўства і кампазіцыі.

– У мяне шматгадовы вопыт, дзе і калі знайсці той ці іншы патрэбны колер на лісці або кветках. Падкажу, што зёлкі можна нарыхтоўваць у любую пару года, а вялікая колькасць казурак ляжыць на ўзбочынах дарог (яны гінуць, трапляючы на шкло сустрэчных машын). Правільна засушаныя матылькі і казуркі гарманічна дапаўняюць і ажыўляюць кветкавыя нацюрморты. Граматна складзеныя кампазіцыі захоўваюць свой колер да шасці гадоў! Насычанасць будзе павольна затухаць, калі работы аддаліць ад прамых сонечных прамянёў, – працягвае гутарку аўтар.

Дарэчы, фларыстычныя работы Ганны Іванаўны знаходзяцца ва ўласных калекцыях знатакоў мастацтва Беларусі, Расіі, ЗША, В’етнама і іншых дзяржаў.

У жыцці здараецца так, што людзі, атрымаўшы мастацкую адукацыю, не маюць прафесійнага росту. У выпадку з нашай гераіняй усё наадварот. Не маючы мастацкай адукацыі, але пастаянна займаючыся самаадукацыяй, жанчына сама сябе падняла на высокі прафессійны ўзровень. На пытанне, чым з’яўляецца для яе мастацтва – хобі ці работай, – адказ быў упэўнены і кароткі: “Хобі для мяне рыбалка, а заняткі творчасцю – неабходнасць майго існавання”.

– Я паважаю розныя накірункі дзейнасці, але ў мастацтве выбіраю тое, што магу сама засвоіць і зрабіць, – на развітанне адказала сваім удзячным гасцям Ганна Іванаўна. 
Текст: Ірына Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”Ірына Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться