Шляхецкі баль у пана Дамбавецкага

10 Августа 2021 2654


Гісторыя аг. Бердаўка хуткімі крокамі набліжаецца на свайго 500-годдзя (першыя згадкі аб гэтым паселішчы тычацца 1527 г.). Штогадовыя імпрэзы, якія праводзяцца ў былой сядзібе Дамбавецкага, з'яўляюцца нібыта рэпетыцыяй прыгожага юбілею.

Пра першых уладароў гэтай мясцовасці, шляхцічаў Бердаўскіх, вядома нямнога: самае адметнае – што ў 1550 г. Станіслаў Бердаўскі стаў харунжым Лідскага павета, а значыць, кіраваў усей шляхтай гэтай мясцовасці.

Больш вядома пра Аляксандра Дамбавецкага, які стаў гаспадаром гэтай вёскі ў 1860-х гадах. Ён вельмі палюбіў гэтыя мясціны, быў у захапленні ад прыгажосці наваколля. Таму ён з вялікай асалодай заняўся вывучэннем беларускага краю наогул і сення ў энцыклапедычных выданнях згадваецца як краязнавец.

Між тым, у Бердаўцы дзякуючы намаганням гаспадара была пабудавана сядзіба, разбіты парк, дзе расло больш за 30 відаў дрэў і хмызняка, пабудаваны канюшня, прысядзібныя пабудовы.

На жаль, на сённяшні дзень ад яе захавалася няшмат: дом, дзе жыла прыслуга і які па сённяшні дзень з'яўляецца жылым, канюшня, на якой да гатага часу бачна манаграма – скрыжаваныя літары "А" і "Д".


У былой рэзідэнцыі пана Дамбавецкага размешчаны Дом культуры, дзе ўжо некалькі год запар праводзяцца адметныя мерапрыемствы, а прыхільнікаў нязведанага прывабліваюць плазмоіды ў падвальным памяшканні, якія фіксуюць камеры відэаназірання і тэлефонаў. На жаль, у дзень нашага візіту ў іх быў непрыёмны дзень, і камеру нашага фотакара яны праігнаравалі.

Сёлета дзякуючы намаганням супрацоўнікаў аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў сядзібе адбыўся сапраўдны баль, у якім прынялі ўдзел больш за 20 пар, што з’ехаліся з усіх куткоў Лідчыны: жанчыны ў прыгожых строях, мужчыны ў строгіх касцюмах. Гасцінна сустракалі гасцей нязменныя творчыя работнікі бердаўскай установы культуры – сям’я Парфенчыкаў. Музычны настрой задавалі ўдзельнікі народнага ансамбля скрыпачоў “Славяначка” Палаца культуры горада Ліды.


Былі танцы, гульні ў шарады і фанты, дэкламацыя лірычных вершаў. Прыняць удзел у забавах мог любы госць свята.


Сапраўдным упрыгажэннем балю стаў калектыў “Эпатажны блюз” Наваельненскага Дома культуры. Дзякуючы яму ўдзельнікі і госці мерапрыемства не толькі з асалодай назіралі за прыгожымі рухамі танцораў, але і самі паспыталі сябе на танцполе пад рытмы полькі, кацільена і нават сіртакі.

– Вельмі прыемна назіраць, як ў Беларусі адраджаюцца бальны этыкет, бальная культура. Ужо не рэдкасць, калі балі праводзяцца ў сталіцы, абласных цэнтрах – у буйных адноўленых палацах і сядзібах. Балі ў невялікіх мястэчках робяць іх даступнымі для простых людзей і ўзбагачаюць іх культурнае жыццё, – падзяліўся сваімі думкамі Анатоль Кардаш, кіраўнік калектыву.


Сапраўды, ў час мерапрыемства госці даведаліся шмат цікавага: пра правілы выкарыстання веера, нанясення мушак, аб ролі і месцы распараджальніка балю. Амаль дзве гадзіны праляцелі як дзве хвіліны! Мелодыі вальса і паланэза яшчэ доўга будуць гучаць у думках прысутных.

– Баль атрымаўся так, як мае быць! Мерапрыемства інтрыгавала, усё было арганічна. Святочная атмасфера, якая склалася, адпавядала задумцы. Арганічна ўпляталіся сучасныя элементы: каб мерапрыемства прыжылося, нельга зацыклівацца толькі на даўніне – разумна яго адаптаваць. Лічу, што брэндавае мерапрыемства Бердаўскага Дома культуры “Маёнтак Дамбавецкага запрашае…” – гэта перспектыўны турыстычны аб’ект, – падзялілася сваімі ўражаннямі Аліцыя Рабцава, вядучы метадыст па тэатральным жанры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Шкада, што, нягледзячы на тое што інфармыцыя пра гэта і падобныя брэндавыя мерапрыемствы сельскіх Дамоў культуры штогод размяшчаецца напрыканцы папярэдняга года ў свабодным доступе ў сеціве інтэрнэт, нашы турыстычныя фірмы ўпарта не хочуць звяртаць на іх увагу. І дарэмна! Асабліва цяпер, у час эпідэміялагічных абмежаванняў. Можа, пара ўжо падумаць не толькі пра свой заробак, але і пра неабходнасць паказваць і папулярызаваць сваё: роднае, светлае, чыстае? Тым больш што павелічэнне колькасці гасцей стане для работнікаў культуры добрым стымулам ажыццяўляць новыя ідэі. Бо працуюць яны не для сябе, а для гледача.


















Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться