У Лідзе адкрылася выстаўка, на якой прадстаўлены работы маладой лідскай мастачкі з абмежаванымі магчымасцямі
10 Декабря 2020
2509
Ганне Брэйва дваццаць тры гады. З нараджэння яна была асаблівым дзіцём. Ганна – інвалід-калясачнік. Аднак бацькі ніколі не адносіліся да яе як да дзіцяці з праблемамі. Ганна наведвала дзіцячы сад, вучылася ў сярэдняй школе №4. Нароўні са звычайнымі дзецьмі яна шукала сябе. Ганна вельмі таварыская, пазітыўная, не паддаецца суму, не падае духам, яе часта можна бачыць у акружэнні сяброў.
– Тры гады назад, – расказвае куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун, – яна пазнаёмілася з педагогамі Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія разглядзелі ў ёй талент мастачкі і прапанавалі навучаць Ганну выяўленчаму мастацтву дома. З таго часу яна малюе (дарэчы, пачынала яна як мастак-абстракцыяніст). Малюе Ганна Брэйва не толькі для сябе – дорыць свае работы сябрам, суседзям, знаёмым. Праз свае малюнкі дзяўчына імкнецца паказаць прыгажосць, якая ёсць побач з намі і ўнутры нас – варта толькі прыгледзецца. Наведваючы аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды, Ганна таксама спрабуе сябе ў вышыўцы.
У мінулы чацвер, у Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь, у Доме паэта Валянціна Таўлая адкрылася міні-выстаўка пад назвай “Перадай дабро па крузе…”, на якой прадстаўлена каля дваццаці работ Ганны Брэйва як мастачкі, створаных у розных тэхніках. І гэта толькі частка таго, што яна стварыла з дапамогай акварэлі і гуашы за тры гады. Усе гэтыя малюнкі поўныя цеплыні і святла, у іх перададзены як багаты ўнутраны свет маладой мастачкі, так і тое, што яна бачыць навокал, калі пакідае сваю кватэру (дома яна сядзіць не заўсёды – бацькі вывозяць дачку ў калясцы на прагулкі).


– Выстаўка работ Ганны Брэйва “Перадай дабро па крузе…” падштурхнула да рэалізацыі цэлага аднайменнага праекта сумесна з Лідскім гісторыка-мастацкім музеем, – гаворыць загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды Ірына Звонік. – Запланавана і ў далейшым арганізоўваць у Доме Таўлая (магчыма, раз у квартал) выстаўкі работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама сустрэчы з самімі гэтымі людзьмі. Сярод іх ёсць не толькі мастакі, але і рукадзельніцы, музыканты, паэты, пісьменнікі, якія несвабодныя ў рухах, але з багатым унутраным светам, з жаданнем тварыць і дарыць праз творчасць дабрыню і цяпло сваіх сэрцаў.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.