Адзіны ў Беларусі народны ансамбль яўрэйскай музыкі з Ліды рыхтуецца сустрэць юбілейную дату

28 Октября 2020 1235

У наступным годзе творчы калектыў рыхтуецца сустрэць 25-гадовы юбілей і, варта адзначыць, падыходзіць да юбілейнай даты з багатым здабыткам. Выдадзены дыскі, кнігі, нотныя зборнікі, фотаальбом... Але галоўнае – “Шалом” усё гэтак жа моцна любяць, цэняць і чакаюць на сцэне гледачы, бо там, дзе ён, заўсёды свята. Аб падрыхтоўцы да знакавай даты, а таксама аб яўрэйскай музычнай спадчыне і яе захаванні гутарым з мастацкім кіраўніком ансамбля Міхаілам ДЗВІЛЯНСКІМ.

 – Міхаіл Якаўлевіч, думаю, выкажу думку многіх знаўцаў і прыхільнікаў вашай творчасці: за час пандэміі яны засумавалі па вашых выступленнях, па чыстым гучанні прыгожай яўрэйскай музыкі. Але ведаю таксама і тое, што ўвесь гэты час вы актыўна працавалі на музычнай ніве.

– Сапраўды, гастрольная і канцэртная дзейнасць была вымушана часова прыпыніцца, але гэта быў час абагуліць напрацаванае, адабраць і адшліфаваць лепшае. Да 25-гадовага юбілею ансамбль выпусціў СD-дыск, дзе сабраныя найлепшыя творы з рэпертуара розных гадоў. Гэта сапраўды ўсё наша самае лепшае! Песні, малітвы, клезмерскія творы, у тым ліку арыгінальныя, напісаныя для ансамбля “Шалом”. Выпушчаны таксама дыскі “Песні святаў” і “Яўрэйскія малітвы”. За апошнія пяць год выдадзены ўнікальныя ў сваім родзе для яўрэйскай культуры ў Беларусі нотныя зборнікі: “Музыка яўрэйскіх малітваў” і “Песні яўрэўскіх святаў для дзяцей”. Выдадзены таксама дзве кнігі Аркадзя Дзвілянскага (роднага брата Міхаіла Дзвілянскага. – Аўт.) – гэта кніга вершаў “Найду берег моря” і кніга-даследаванне яўрэйскай народна-музычнай культуры Беларусі “Осколки”. І дыскі, і кнігі – унікальныя ў сваім родзе. Выданняў і даследаванняў яўрэйскай музыкі такога ўзроўню няма ў Беларусі. І, як падвядзенне вынікаў творчай дзейнасці ансамбля, у верасні бягучага года ўбачыла свет выданне “Музыка, з якою мы жывём”.

– Міхаіл Якаўлевіч, каму, як не вам, быць у курсе яўрэйскіх музычных спраў у Беларусі...

– Трэба сказаць, што музыка заўсёды займала важнае месца ў жыцці яўрэйскага народа, суправаджаючы яго ў радасці і ў горы, падчас размовы з Богам і ў паўсядзённым жыцці. Ва ўмовах дыяспары музыка – свайго роду ўвасабленне ідэалаў і мараў. Адразу пасля распаду СССР у Беларусі сталі рэгістравацца яўрэйскія суполкі. Утвараліся музычныя калектывы. Заявілі аб сабе найбольш прафесійныя “Блукаючыя зоркі” пад кіраўніцтвам Піліпа Заўта ў Полацку і “Мінская капэла” пад кіраўніцтвам Алы Данцыг. Іх адрознівалі высокі прафесіяналізм, умела падабраны рэпертуар, пазнаваемыя яўрэйскія інтанацыі, клезмерская манера выканання – усё, што адлюстроўвала беражлівыя адносіны да найбагацейшай музычнай спадчыны. Але, на жаль, гэтыя калектывы праіснавалі нядоўга. З’яўлялася нешта іншае. Але гэта было не тое… На жаль, можна канстатаваць, што не заўсёды яўрэйскія аўтары былі ў пашане. Прывяду толькі адзін прыклад  – усім вядомы верш “Бухенвальдскі набат”. Песня, напісаная на гэты верш, грымела па краіне, яе развучвалі ў школах, на радыё прыходзілі сотні пісьмаў з пазнакай “аўтару “Бухенвальдскага набату”. Яны прыходзілі да адрасата – кампазітара Вано Мурадэлі. А аўтара верша не ведаў ніхто. Яго імя не з’яўлялася ў цітрах, не гучала са сцэны, яго імя нібыта прапала без вестак. Між тым, аўтар верша Аляксандр Собалеў (сапраўднае імя – Ісаак Собаль) усё жыццё быў і застаўся невядомым. А песня грымела. Пісьменнік Канстанцін Федзін так адгукнуўся на яе: “Я не ведаю аўтара верша, не ведаю іншых яго твораў, але за адзін “Бухенвальдскі набат” паставіў бы яму помнік пры жыцці”.

– Цяжкія выпрабаванні апошніх стагоддзяў узмацнілі ў яўрэйскай музыцы гучанне трагічных нотак. Тым не менш яўрэйскія песні напоўненыя незвычайнай пяшчотай і сардэчнасцю. Такія асабліва кранальныя мелодыі, напэўна, ёсць і ў рэпертуары ансамбля “Шалом”?

Так. Напрыклад, песня “Мястэчка”. Гэта песня аб халакосце. А перадгісторыя яе такая: у 2008 годзе ў Мінску выйшла рэдкае па задумцы літаратурна-мастацкае выдане “Мая песня” – вершы Іллі Злотніка на мове ідыш (некаторыя вершы з ідыша на беларускую мову пераклаў паэт Фелікс Хаймовіч). А ў 2010 годзе лідскі кампазітар Аляксандр Сымановіч атрымаў прапанову напісаць песню на адзін з вершаў. Так і выйшла песня на беларускай мове “Мястэчка”.

Мястэчка роднае, з рачулкай плыткаю.

Над ціхай рэчкаю масток вузенечкі.

А дзе ж падзеліся мае ўсе блізкія?

Застаўся з цэлага – шматок маленечкі…

Магчыма, тыя, хто жыў або жыве па-за сваім народам, ведаюць яўрэйства толькі са знешняга боку, бачачы ў ім толькі пакуты, гора. Але нацыя жыве не пакутамі, а захапленнем ад усведамлення свайго “я”, радаснай творчасцю, гонарам за сваю культуру, паэзіяй свайго быту. Толькі гэтым. Не будзь гэтага, яўрэйскага народа даўно не існавала б. Таму на цікаўнасць да яўрэйскай музыкі можна і трэба глядзець як на ўваход у спадчыну, далучэнне да вялізнага багацця, якім можна радасна і ганарова жыць.

***

…А пакуль пандэмія, ёсць магчымасць паслухаць чароўныя гукі яўрэйскай музыкі ансамбля “Шалом” на СD-дыску (кожны прыхільнік можа звярнуцца непасрэдна да Міхаіла Якаўлевіча Дзвілянскага) і яшчэ раз прыйсці да высновы, наколькі важнае тое, што нясе і дорыць нам музыка ансамбля “Шалом”. На жаль, мірныя дні на нашай планеце сёння хутчэй выключэнне, чым правіла. Таму і нядзіўна, што адзіны ў нашай краіне народны ансамбль яўрэйскай музыкі з Ліды называецца “Шалом”. Простае, але самае галоўнае слова, якое, як і музыка, падтрымлівае нас і ў горы, і ў радасці. Няхай жа і ў кожнай хвіліне нашага жыцця мы будзем імкнуцца да міру.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться