Напоўнім сэрцы музыкай і паэзіяй
14 Сентября 2020
1279
Галоўнай мэтай яго з’яўляецца прапаганда і папулярызацыя творчасці музыкантаў, паэтаў, выканаўцаў і кампазітараў у розных формах культурна-асветніцкай і канцэртнай дзейнасці. Асноўны напрамак работы аматарскага аб’яднання – дзейнасць па пладатворным творчым супрацоўніцтве таленавітых людзей Лідчыны, аказанне ім дапамогі ў самавыяўленні і самарэалізацыі, у тым ліку праз удзел у разнастайных мерапрыемствах на сцэнічных пляцоўках. Кажучы вобразна, тут дапамагаюць “запальваць зоркі”.
Экскурс у гісторыю
Свой пачатак “МузАльянс” бярэ з сярэдзіны 90-х гадоў, калі пры Лідскім гарадскім Доме культуры па ініцыятыве кампазітара і аранжыроўшчыка Вячаслава Пыпеця аб’ядналіся як пачынаючыя, так і дастаткова вопытныя творчыя людзі. Разам з Вячаславам Пыпецем ля вытокаў “МузАльянса” стаялі Святлана Пыпець, Уладзімір Гарачоў, Сяргей Сяскевіч, Ігар Кумпель, Аляксандра Кунцэвіч, Алена Шчыпанава, Ганна Маркевіч, Дзінара Мазітава, Анатоль Міцкевіч і іншыя.З самага пачатку свайго існавання калектыў плённа супрацоўнічаў з лідскімі паэтамі і мастакамі. Як вынік такога супрацоўніцтва, песні на вершы Вячаслава Пыпеця, Віктара Бачарова, Святланы Цішук сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу новай дзіцячай песні “День рождения” ў Санкт-Пецярбурзе. Вынікі сяброўства з мастакамі Уладзімірам Мельнікавым і Рычардам Грушам – удзел у выстаўках і прэзентацыях у розных кутках Беларусі.
У сярэдзіне 2000-х гадоў паўстала неабходнасць вызначыць статус аб’яднання і даць яму назву, што і было зроблена. У якасці дэвіза была ўзята назва канцэрта-прэзентацыі, на якім былі прадстаўлены ўсе ўдзельнікі аматарскага аб’яднання, – “Напоўнім музыкаю сэрцы”. З гэтага ж часу бярэ пачатак цыкл творчых вечароў, на якіх “МузАльянс” знаёміць гледачоў з творчасцю асобных аўтараў. За час існавання аб’яднання і пры яго садзейнічанні выйшлі ў свет аўдыяальбомы Вячаслава Пыпеця, Генадзя Зубрыцкага, Сяргея Герасімовіча, Алега Дабрыяна, гурта “Нэма” (кіраўнік – Аляксандр Блахін) і іншых.
Лідскія аўтары былі пастаяннымі ўдзельнікамі і неаднаразовымі пераможцамі конкурсаў і фестываляў. Напрыклад, на абласным конкурсе самадзейных кампазітараў у Гродне (2007) з 12 узнагарод у розных намінацыях 7 былі прысуджаны ўдзельнікам “МузАльянса”. На VIII абласным фестывалі аўтарскай песні “Новае пакаленне” ў Зэльве (2018) дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “Аўтар вершаў і музыкі” ўдастоена ўдзельніца аб’яднання Лаліта Кумпель.
Пасля канцэрта-прэзентацыі “Наполним музыкой сердца” (май 2008) аб’яднанню было прысвоена званне “народны аматарскі калектыў”.
Пасля Вячаслава Пыпеця кіраўнікамі калектыву ў розныя перыяды былі Галіна Мацейка, Алеся Зіміна, Лаліта Кумпель, Рэгіна Снітко, Іна Альшэўская, Васіль Горгуль. З кожным з гэтых кіраўнікоў звязана свая яркая старонка гісторыі аматарскага аб’яднання “МузАльянс”. Пад кіраўніцтвам Васіля Горгуля (2018-2020) аб’яднанне значна папоўнілася новымі ўдзельнікамі, ад тых, каму крыху за трыццаць, да тых, каму за восемдзесят. А зусім нядаўна калектыў творчых людзей узначаліла Вольга Іокуш.
Аб формах дзейнасці
– Мерапрыемствы аб’яднання “МузАльянс” бываюць як масавымі, так і камернымі, – расказвае Вольга Анатольеўна аб формах дзейнасці толькі што ўзначаленага ёю творчага калектыву, – што дазваляе ў поўнай меры выкарыстоўваць творчыя магчымасці ўдзельнікаў. Асноўнымі формамі нашай работы з’яўляюцца творчыя паэтычныя і музычныя вечары, адкрытыя ці сумесныя з іншымі аматарскімі аб’яднаннямі пасяджэнні, літаратурныя гасцёўні, арт-сустрэчы. Выкарыстоўваем мы і больш масавыя формы творчай дзейнасці: канцэрты-прэзентацыі, вечары памяці паэтаў, выканаўцаў і музыкантаў, тэматычныя канцэртныя праграмы, прысвечаныя асобным памятным датам, святам, падзеям ці дзеячам культуры, літаратурна-музычныя кампазіцыі, творчыя сустрэчы з аўтарамі, выязныя канцэрты і інш.Традыцыйнымі для нас сталі мерапрыемствы, прысвечаныя Сусветнаму дню паэзіі, Міжнароднаму дню роднай мовы. У шэрагу нашых мерапрыемстваў адлюстроўвалася творчасць гітарыста, аўтара і выканаўцы Ігара Кумпеля (творчы псеўданім – Ігар Воран). Адметнай формай нашай работы ў апошнія гады сталі творчыя вечары асобных паэтаў Лідчыны. Толькі ў 2018-2020 гадах, пры Васілі Канстанцінавічы Горгулі, былі праведзены творчыя сустрэчы з Уладзімірам Дронавым, Тамарай Каратай-Гольмант, Людмілай Краснадубскай, Сяргеем Аўдзеенкам (Аўласавым), Русланам і Святланай Піваваравымі, Ганнай Рэлікоўскай. Наша аматарскае аб’яднанне прымае ўдзел у мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці.
– Якія новыя формы работы аматарскага аб’яднання практыкаваліся ў апошні час?
– У пошуках новых форм у чэрвені 2019 года быў праведзены паэтычны марафон “Душа в заветной лире” (да 220-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна): на адкрытай пляцоўцы Палаца культуры лідскія паэты чыталі выбраныя імі вершы Пушкіна і свае творы, прысвечаныя памяці вялікага паэта, а падчас флэшмоба вершы Пушкіна чытаў кожны з гледачоў. Традыцыйным стаў у апошнія гады ўдзел аб’яднання ў такіх мерапрыемствах Палаца культуры, як арт-праграма “Балкон” (сумесна з літаратурным аддзелам Лідскага гісторыка-мастацкага музея), “Рэпетыцыя на траве” (у рамках культурна-турыстычнага праекта “Замкавы гасцінец”), ArtSound-пленэр “Ступени” (у рамках цыкла “Нядзельныя вечары ля фантана”), творчыя бульвары “Зарапад паэзіі” і інш. Удзельнікі “МузАльянса” неаднаразова выступалі перад вяскоўцамі Лідчыны з канцэртнай праграмай “Мая вёска – мая радзіма” (у рамках раённай праграмы “Песня наша льется к родному порогу”).
Аб творчым супрацоўніцтве
– З кім у “МузАльянса” наладзілася творчае супрацоўніцтва?– Наша аматарскае аб’яднанне актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Палаца культуры, супрацоўнічае з такімі творчымі калектывамі Палаца культуры, як эстрадная студыя “Акцэнт”, народны хор ветэранаў працы “Майскія зоры”, народны ансамбль скрыпачоў “Славяначка”, народны драматычны тэатр “Ракурс”, эстрадны калектыў рэтрапесні “Мерыдыян”, узорны дзіцячы тэатр “Какос”, гурток эстрадных спеваў “Мілашкі” і інш. Супрацоўнічаем і з творчымі калектывамі па-за Палацам культуры: літаратурным аб’яднаннем “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, ансамблямі “Вербіца” і “Бравэрка” Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, юнымі чытальнікамі вершаў з СШ №2 горада Бярозаўкі. Агульная павага да творчых людзей аб’ядноўвае “МузАльянс” і аматарскае аб’яднанне жанчын-ветэранаў “Вера. Надзея. Любоў” Палаца культуры горада Ліды. Два аматарскія аб’яднанні часта праводзяць сумесныя пасяджэнні, мы запрашаем жанчын-ветэранаў на нашы мерапрыемствы. Як і раней, супрацоўнічаем з лідскімі мастакамі, дызайнерамі, рамеснікамі. Так, у выставах, падчас якіх чыталіся вершы, гучалі музыка і песні, прынялі ўдзел Павел Казак, Марына Доўгаль, Віталь Гагалушка, Таццяна Горгуль, Любоў Ганевіч, Павел Мацылевіч, Тамара Якубовіч.
У канцы нашай гутаркі Вольга Анатольеўна адзначыла, што “МузАльянс” імкнецца прыцягваць да сябе моладзь, адкрываць зусім юных пачынаючых аўтараў, выканаўцаў, спевакоў і музыкантаў. У шэрагах аматарскага аб’яднання заўсёды будуць рады бачыць больш маладых удзельнікаў.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.